З вяршынi тэлевiзiйнага алiмпу

25.03.2005
"Звязда", 25 сакавіка 2005 г. (дадатак - газета "Чырвоная змена")


23 сакавiка былi падведзены вынiкi Нацыянальнага тэлевiзiйнага конкурсу "Тэлевяршыня". Буйныя i дробныя тэлекампанii Беларусi вызначалi па 21 намiнацыi (13 агульных i 8 персанальных), у каго "прадукт" лепшы, а пераможцы атрымлiвалi адпаведны дыплом i статуэтку, умоўна ахрышчаную "пакарыцелем тэлевяршынi".
Пачалася цырымонiя беларускай "ТЭФI", зразумела, з урачыстага адкрыцця, на якiм мiнiстр iнфармацыi РБ Уладзiмiр Русакевiч зачытаў прывiтальны лiст ад прэзiдэнта краiны i пажадаў новаму конкурсу добрага шляху. Далей праграма iшла практычна паводле галiвудскага сцэнарыя. Голас з-за сцэны (як чалавек, якi глядзеў шоу за кулiсамi, раскрыю для тэлегледачоў сакрэт: "закадравым" голасам вёў цырымонiю Генадзь Давыдзька) абвяшчаў намiнацыi, пара вядучых выходзiла з канвертам, iнтрыгавала прысутных i паўтарала "як мы хвалюемся". Неўзабаве канверт ускрываўся, i шчаслiвы пераможца, чыё iмя агучвалася, выходзiў пад святло сафiтаў атрымлiваць заслужаную ўзнагароду. А пасля - за кулiсы, у спецыяльны прэс-пакойчык, дзе чакалi журналiсты з вiншаваннямi i каверзнымi пытаннямi.
Названы лепшым спартыўным каментатарам Уладзiмiр Навiцкi выйшаў за статуэткай у касцюме беларускiх алiмпiйцаў. Залацiстая статуэтка, трэба сказаць, вельмi пасавала да блакiтнага пiнжака...
- З медалём якой вартасцi вы можаце параўнаць узятую "Тэлевяршыню"? - пацiкавiлiся мы.
- Калi б я заваёўваў медалi ў вялiкiм спорце, было б лягчэй параўноўваць, а так - цяжка сказаць. Я не ведаю, што значыць адчуваць сябе алiмпiйскiм прызёрам, прызёрам чэмпiянату свету... Але гэта ўзнагарода важкая i, прызнаюся, вельмi прыемная для мяне. Я не пазiрую, не какетнiчаю, не манернiчаю - сапраўды вельмi прыемна.
Ззяючы белазубымi ўсмешкамi, пераможцы пераходзiлi "з рук у рукi", раздаючы iнтэрв’ю i каментарыi. Чарговыя пары вядучых чакалi свайго выхаду: дамы шаргацелi шыкоўнымi вячэрнiмi сукенкамi (на агульным фоне вылучалася хiба толькi Алеся Ярмоленка, якая была апранута ў мiнi-варыянт), кавалеры абмяркоўвалi, як лепш паводзiць сябе на сцэне. Дарэчы, арганiзатар першай трансляцыi "Тэлевяршынi" - канала АНТ - сваё абяцанне выканаў. I ў дуэты вядучых запрасiў асоб, не менш цiкавых i знакавых, чым самi намiнанты: дырэктара Нацыянальнай школы прыгажосцi Вольгу Сярожнiкаву, прызёраў Алiмпiйскiх гульняў i чэмпiянатаў свету Яўгенiю Паўлiну, Аляксея Грышына, Аляксандра Мядзведзя, вядучую "Першага музычнага" Люсю Лушчык, кiраўнiка мадэльнага агенцтва Сашу Варламава, артыстаў Ядвiгу Паплаўскую i Аляксандра Цiхановiча i г.д. Усе крышачку нервавалiся, якiм атрымаецца першы блiн, - а цырымонiя iшла сваiм ходам.
- Да таго моманту, пакуль я пайшоў за кулiсы, не было нiводнай накладкi. I гэта радуе, гэта здорава, - зазначыў Дзянiс Шпiтальнiкаў, дырэктар музычнага i забаўляльнага вяшчання СТБ (узнагароджаны за навагоднi праект-казку "12 месяцаў"). - Я думаю, што гэта не гульня ў прыгожа апранутых людзей. Удзельнiкам насамрэч хочацца такога свята. Усякую працу трэба так цi iнакш ацэньваць, i тэлевiзiйная праца - не выключэнне. З’яўленне такой прэмii - паказчык таго, што ў краiне ёсць шоу-бiзнэс. Магчыма, рана цi позна наступiць перабор з усякiмi цырымонiямi i ўзнагародамi, але нам пакуль да перабору вельмi далёка.
- Але многiя ўжо зараз заўважаюць, што гэта ўзнагародная статуэтка такая незразумелая, невыразная i бясполая...
- Мне яна нагадвае сумесь "Оскара" i баксёрскага "Рокi". А яшчэ крыху падобная на другога "Тэрмiнатара".
- Рукi не адцягвае?
- Свая ноша - нiколi!
- Гэта першая "Тэлевяршыня", якую вы ўзялi. У планах СТБ ёсць яшчэ нейкiя вяршынi, якi трэба адолець?
- Сёлета ўзнагароду мы атрымалi за казку "12 месяцаў" паводле Маршака, адаптаваную пад сучаснасць. Вельмi хочацца зрабiць другую частку пра тое, што ж сталася з героямi. Магчыма, у наступны Новы год мы так i зробiм.
- Якi з каналаў-канкурэнтаў асабiста вы ўзнагародзiлi б?
- У гэтай намiнацыi - шчыра кажучы, не ведаю. У намiнацыi "Лепшая музычная праграма", дзе фiгураваў мой праект "Вялiкая музыка", абсалютна справядлiва ўзнагароду аддалi АНТ за "Дарогi i песнi далёкай вайны". Суперпраект! Нi чорнай, нi белай зайздрасцi не адчуваю, проста рады за калег.
Радасць радасцю, але некаторыя пытаннi заставалiся нявысветленымi. Напрыклад, нягледзячы на даволi поўнае прадстаўнiцтва ў намiнацыях, рэгiянальныя кампанii практычна не атрымалi ўзнагарод. (Выключэннем стала хiба што студыя з Оршы "Гаранттэлекам", якой дасталася "Тэлевяршыня" за лепшую маладзёжную праграму "Сям’я года".) Да таго ж было не зусiм зразумела, праходзiць першае ўручэнне прэмiй "на iнтарэс" альбо дыпломы ды статуэткi падмацаваныя прыемнымi канвертамi... З гэтымi пытаннямi мы звярнулiся да старшынi журы Нацыянальнай тэлевiзiйнай прэмii, кiраўнiка Тэатра-студыi кiнаакцёра, заслужанага дзеяча мастацтваў РБ Аляксандра Яфрэмава.
- Журы прысуджала толькi статуэткi i дыпломы, - расчараваў нас Аляксандр Васiльевiч. - Што да гэтага можа прыкласцi аргкамiтэт, мне невядома. Я думаю, тут больш важная ацэнка i прызнанне калег, прафесiяналаў.
- Рэгiянальныя тэлекампанii практычна не здолелi скласцi годную канкурэнцыю вядучым каналам. Чым гэта можна растлумачыць?
- Сучаснае тэлебачанне - гэта не толькi таленавiтыя, адораныя людзi, але яшчэ i тэхнiка, "карцiнка". На жаль, рэгiянальныя каналы часта не маюць апаратуры такога ўзроўню, каб канкурыраваць з цэнтральнымi каналамi. ...Я ацэньваю тэлебачанне найперш як глядач, з пазiцыi яго грамадзянскасцi, якасцi палiтычных, сацыяльных, культуралагiчных праграм. Напрыклад, забаўляльнае ТБ вымушае жадаць лепшага. Не выпадкова першую прэмiю ў намiнацыi "Лепшы вядучы забаўляльнай праграмы" мы прысудзiлi гэтай маленькай абаяльнай дзяўчынцы (Сонi Багавец, "Не зявай!" - Аўт.). Бо ўзровень беларускiх забаўляльных праграм пакуль што адпавядае нават не таленту гэтай дзяўчынкi, а яе ўзросту. Ёсць куды развiвацца.
- Вы ўзгадвалi, што ў наступным годзе, хутчэй за ўсё, колькасць намiнацый павялiчыцца. Якiя прапанавалi б вы?
- Я прапанаваў бы раздзялiць некаторыя намiнацыi, бо iхняя эклектычнасць пазбавiла многiх вартых людзей узнагарод. Гэта датычыцца спартыўных праграм (рэпарцёр i вядучы праграмы - гэта ж розныя людзi), дакументальнага кiно, некаторых iншых намiнацый.
- Улiчваючы, што сёлета адзначаецца 60-годдзе Перамогi, цi будзе ў 2006 годзе адзначаны лепшы праект, прысвечаны гэтай даце?
- Не ведаю, мы пакуль што не разглядалi гэта пытанне.
Лепшы аператар (iм стаў прадстаўнiк АНТ Сяргей Новiкаў) адчуваў сябе настолькi няўтульна "ў кадры", што, атрымаўшы ўзнагароду, паспяшаўся рэцiравацца з-пад вока тэлекамер. Тым больш ён, у адрозненне ад многiх iншых пераможцаў, знаходзiўся на рабоце - сачыў, каб тэлеверсiя атрымалася не менш вiдовiшчнай за "жывую" цырымонiю. Мы яго зразумелi (самi ж таксама працавалi), таму мучыць пытаннямi не сталi. А вось у ген-прадзюсара АНТ Ягора Хрусталёва, якi асабiста кантраляваў, каб цырымонiя прайшла чыста i якасна, пацiкавiлiся: якiя ўражаннi ад "першага блiна"?
- "Ускрыццё", у сэнсе эфiр, пакажа, як атрымалася, - аджартаваўся Ягор Вячаслававiч, аднак адразу ж пасур’ёзнеў. - Мне вельмi падабаецца тое, што зроблена, я ўжо зразумеў, што атрымалася. Наколькi гэта спадабаецца гледачам, гэта ўжо iншае пытанне. Тэлебачанне здымае такую вялiзную колькасць навiн, перадач пра культуру, пра палiтыку, - i калi раз у год мы дазваляем зняць праграму пра самiх сябе i паказаць гэта на адным тэлеканале, я думаю, мы маем на гэта права.
На думку генпрадзюсара АНТ, 22 намiнацыi - гэта максiмальная колькасць, больш не трэба. Ягор Хрусталёў пацвердзiў таксама, што лiтаральна ў апошнi момант са спiса вылецела галоўная намiнацыя - "За асабiсты ўклад у развiццё тэлебачання". I на гэта ёсць свае ўважлiвыя прычыны. Проста па вынiках 2004 года найбольш вартым Гран-пры аказаўся чалавек, якога, на жаль, няма ў жывых. Магчыма, у наступным годзе аргкамiтэт як-небудзь выправiць сiтуацыю, а сёлета застаецца прымаць вынiкi, што называецца, па факту.
Факты ж сведчаць: больш за ўсiх "Тэлевяршынь" пакарылася ўсё ж цэнтральным каналам. АНТ сабраў 8 статуэтак, на Першым нацыянальным будзе захоўвацца 9, СТБ атрымала 2 узнагароды.
P.S. Тэлеверсiю ўзнагароджання пакажа тэлеканал АНТ у нядзелю, 27 сакавiка, а 18 гадзiне.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.