"З сябрамi" беларус пераспяваў хор армянскага радыё

11.12.2007
"Звязда", 11 снежня 2007 г.


Вынiкi сёлетняга дзiцячага конкурсу "Еўрабачанне", якi адбыўся 8 снежня ў Ратэрдаме, прыемна-ашаламляльныя. Прадстаўнiк Беларусi Аляксей Жыгалковiч трыумфальна заняў першую прыступку - адыграўшы ў блiжэйшых сяброў-канкурэнтаў, канкурсантаў з Арменii, усяго 1 бал!
У адрозненне ад "Еўрабачання" дарослага, юныя беларускiя артысты дэманструюць зайздросную стабiльнасць: 2005 год, Ксюша Сiтнiк - 1-е месца, 2006 год, Андрэй Кунец - 2-е, 2007, Алёша Жыгалковiч - зноў 1-е. Без усякiх, заўважым, прадзюсарскiх камандаў, прома-тураў i iншых мудрагелiстых стратэгiчных схем. Проста на таленце, якi скарае шматмiльённую глядацкую аўдыторыю - што не можа не радаваць. Можа, сапраўды дзецям-выканаўцам варта даваць майстар-класы дарослым артыстам?
Падрабязнасцi конкурсу былi агучаныя падчас ток-шоу, якое Белтэлерадыёкампанiя наладзiла з пераможцам. Прыгадаем толькi банальную матэматыку. Кампазiцыя беларускага ўдзельнiка па вынiках галасавання 16 iншых краiн набрала 137 балаў, у тым лiку тры найвышэйшыя адзнакi - "12" - ад Партугалii, Мальты i Лiтвы. Блiжэйшымi сапернiкамi аказалiся дэбютанты конкурсу, калектыў радыё i тэлебачання Арменii, якi атрымаў 136 балаў, з iх 7 найвышэйшых адзнак. На трэцiм месцы ўтульна размясцiлася Сербiя са 120 баламi. Дарэчы, нi ў кога з удзельнiкаў, нават ва ўладальнiкаў апошняга месца, няма нулявой ацэнкi - арганiзатары далi ўсiм па 12 балаў, бо ўсе канкурсанты папярэдне перамаглi i дабiлiся права прадстаўляць сваю краiну на мiжнародным узроўнi.
Зразумела, перамога беларуса, ды яшчэ з перавагай усяго ў адзiн бал, ды яшчэ лiтаральна на апошнiх хвiлiнах абвяшчэння галасоў, выклiкала неадназначную рэакцыю i гарачыя спрэчкi на фан-сайтах у Інтэрнэце. Але пры ўсiм тым большасць згадзiлася, што песня ў Аляксея Жыгалковiча - сапраўды дзiцячая, светлая, "выкананая чыста, свежа, цудоўна i наiўна". Адыграў сваю станоўчую ролю i апошнi конкурсны нумар, куды без гэтага. I тое, што 11-гадовы Лёша ў параўнаннi з даволi дарослымi прадстаўнiцамi, скажам, Сербii i Швецыi глядзеўся больш выйгрышна (можа, гэта нагода арганiзатарам задумацца i яшчэ больш звузiць узроставыя рамкi для ўдзельнiкаў). Ды ўсё што заўгодна можна зараз пералiчваць - нават той факт, што бацькi ў Лёшы хоць i ўрачы, але абодва маюць таксама музычную адукацыю, а сам хлопчык займаецца музыкай большую частку свайго жыцця. На вынiк гэтыя "плюсы-мiнусы" ўжо нiяк не паўплываюць - першае месца. Цытуючы адказ на пытанне "вашы адчуваннi пасля перамогi" беларускай танцавальнай каманды - "Ура!".
Засмуцiла ў сёлетнiм конкурсе хiба толькi тое, што, нягледзячы на статус дзiцячага, некаторыя нумары прыпадабнялiся да дарослых выканаўцаў i па песнях, i па сцэнiчных касцюмах, i па паводзiнах канкурсантаў. Ды яшчэ насцярожыла тэндэнцыя галасавання паводле "геапалiтычнага прынцыпу", таксама, вiдаць, па звычцы перанятая некалькiмi краiнамi. Але да поспеху беларускага артыста гэта ўжо нiякага дачынення не мае. Лёшу - як i ўсёй камандзе, ад харэографа Аляксандра Мяжэннага да прадзюсара Людмiлы Барадзiной, - шчырыя вiншаваннi, падзякi i пажаданнi лепшага. Паводле слоў педагога па вакале Вольгi Вронскай, Лёша - з тых артыстаў, якiя не толькi слухаюць, але i чуюць педагога, якiя гатовы працаваць над сабой i расцi, расцi, расцi... Так што перспектывы ў хлопца вялiкiя, а мары - стаць вялiкiм спеваком. Магчыма, хутка ён сапраўды спяе на вялiкай сцэне. Напрыклад, з "Сябрамi".

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.