Юзары і Маймуна: спадарожнікі "Часу"

03.01.2015

"Звязда", 3 cтудзеня 2015 г.

Прадстаўнікі Беларусі на "Еўрабачанні-2015" не чытаюць водгукаў пра сябе ў інтэрнэце. А таксама не плануюць замяняць конкурсную песню "Tіme", хіба толькі падкарэктуюць аранжыроўку. Пра гэта спявак Юзары (Юрый Наўроцкі) і скрыпачка Маймуна расказалі ўсім зацікаўленым падчас анлайн-канферэнцыі, што адбылася на сайце Белтэлерадыёкампаніі.

Артысты паведамілі, напрыклад, што пастаноўкай конкурснага нумара дуэта займалася харэограф Вольга Шамрова, а касцюмы, упрыгожаныя незвычайнымі элементамі - шасцярэнькамі ад гадзіннікаў - прыдумалі вядомыя беларускія дызайнеркі сёстры Парфяновіч. Пасля фіналу нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне" прайшло зусім мала часу, таму, натуральна, пра тое, як зменяцца сцэнічныя вобразы выканаўцаў, хто і як будзе здымаць для іх кліп і распрацоўваць прома-прадукцыю, разважаць зарана. А вось сваю песню Юзары і Маймуна мяняць на іншую дакладна не плануюць. "Магчыма, зусім крыху ў аранжыроўцы будзе стылістычных дадаткаў, - мяркуе Юзары, - або крыху разбурым рытм, але ў любым выпадку гэта не будзе нейкі дабстэп". Дарэчы, напісаная спецыяльна для конкурсу кампазіцыя "Tіme", у якой удала спалучыліся скрыпка і голас, перш чым дайсці да слухача, перараблялася і дапрацоўвалася ўжо чатыры разы!

Патлумачылі для ахвотных пераможцы адбору і свае "экзатычныя" імёны. Скрыпачцы Маймуне яе імя дасталася ад радні па лініі бацькі, які родам з афрыканскай рэспублікі Малі. Юзары ж проста спалучыў для свайго сцэнічнага псеўданіма ўласнае імя - Юрый, і імя прадзеда - Юзэф.

Затое давялося чарговы раз даваць тлумачэнні арганізатарам беларускага адбору наконт новай для нас, так званай "мальтыйскай" сістэмы галасавання журы і гледачоў. Многія думаюць, што апошняе слова мусіць быць усё ж за публікай, і лічаць не надта справядлівым, калі ацэнкі некалькіх музычных прафесіяналаў "пераважваюць" тысячы галасоў аўдыторыі. "Я ўжо тлумачыла гэта тысячу разоў, але не палянуюся сказаць і ў тысяча першы, - адказала на прэтэнзіі кіраўнік нацыянальнага адбору Вольга Шлягер. - Што датычыцца Беларусі, калі гаворка ідзе пра глядацкае галасаванне (і гэта факт пацверджаны), ідзе спаборніцтва, хто больш аператыўна спрацаваў ці хто зможа арганізаваць групу людзей, часам гэта не больш як 100-150 чалавек, якія спраўна прагаласуюць з раздадзеных ім сім-картак. Часам гэтая праца яшчэ і аплачваецца. І атрымліваецца не спаборніцтва сапраўдных фанатаў і прыхільнікаў артыстаў, а спаборніцтва арганізатараў, іх здольнасцяў і фінансавых магчымасцяў. Памятаю, у мінулыя гады нас абвінавачвалі ў тым, што несправядліва, калі мы прымаем вынік груп галасавання за 50-працэнтны. Як толькі мы змянілі правілы, зноў некаторым усё не так.

Дарэчы, як падкрэслілі арганізатары нацыянальнага адбору, з 15 удзельнікаў фіналу, акрамя прадзюсара гурта Mіlkі Аляксандра Рыбака, ніхто не палічыў сябе пакрыўджаным. "Усе астатнія падзякавалі і станоўча ацанілі тое, што адбывалася. Гэта прыемна", - сказала Вольга Шлягер.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.