Яны спявалі за Радзіму!

20.06.2014
"Звязда", 20 чэрвеня 2014 г.

 
23 чэрвеня ў вячэрнім эфіры на тэлеканале "Беларусь 1" Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі разам з дзіцячым хорам рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прадстаўляюць праект "Яны спявалі за Радзіму", прымеркаваны да 70?годдзя беларускай аперацыі наступлення "Баграціён" (23 чэрвеня - 29 жніўня 1944 года) - найбуйнейшай у гісторыі вызваленчага руху Вялікай Айчыннай вайны.
У выкананні дзіцячага хору прагучаць усім вядомыя "Свяшчэнная вайна", "У зямлянцы", "Кацюша", "Песня ваенных карэспандэнтаў", "Эх, дарогі", "Сіняя хусцінка", "Смуглянка", "Нам патрэбна адна перамога" і "Дзень Перамогі". Паралельна ў праграмах будзе весціся расповед пра гісторыю з'яўлення той альбо іншай песні, яе аўтарах, першых выканаўцах.
"У цыкле "Яны спявалі за Радзіму" праз біяграфію песень можна будзе прасачыць усю вайну, праз аўтараў - шматнацыянальнасць, а таксама ўбачыць наш беларускі след, як сярод аўтараў, так і на дарогах вайны",?- расказаў дырэктар Агенцтва тэленавін, кіраўнік праекта Кірыл Казакоў.
Дарэчы, сведкі гісторыі з'яўлення ці набыцця папулярнасці той ці іншай песні ў праекце "Яны спявалі за Радзіму" выступяць у нязвыклым амплуа - у якасці гісторыкаў песень. Экспертамі стануць больш за два дзясяткі вядомых асоб, кампазітараў, музыкантаў, артыстаў, крытыкаў. Сярод іх Васіль Раінчык, Ігар Лучанок, Леў Лешчанка, Эдзіта П'еха, Тамара Гвердцытэлі і многія іншыя.
Усяго нас чакае цыкл з дзесяці фільмаў. Не прапусціце прэм'еру 23 чэрвеня ў 22.10 на "Беларусь 1"!

Алена ДРАПКО.