Якія песні - такія мы

14.06.2005
"Звязда", 14 чэрвеня 2005 г.


"Маладзечна-2005"
Дзяўчына Святлана Пялейка заняла свой назiральны пост задоўга да пачатку канцэрта. За сцэну фестывалю ёй дапамагла трапiць мама, якая ведала, што менавiта тут лепш за ўсё паляваць на зорак. Святлана, вучанiца 7 класа 9-й маладзечанскай школы, зацятая фанатка беларускiх артыстаў. Яна з гонарам паказвае свой блакноцiк, з неблагой калекцыяй аўтографаў. "Нiхто з тых, да каго я падыходзiла, не адмаўлялiся, - гаворыць Святлана. - Усе нашы зоркi ставяць свае подпiсы з ветлiвай усмешкай".
Канешне, фестываль у Маладзечне асаблiвы, не толькi таму, што Нацыянальны. Тут няма iншых зорак, акрамя нашых родных артыстаў. А Маладзечна iх прымаць умее.
Лiтаральна напярэдаднi фестывалю маладзечанскi абзавёўся новым кiраўнiком. Сямён Касабуцкi, новы старшыня Маладзечанскага райвыканкама, заняў пасаду, калi да фестывалю ўсё было падрыхтавана. Але што такое фестываль Беларускай песнi i паэзii, ён добра ведае, бо ў сваiм прывiтальным слове назваў яго "жыватворнай крынiцай" горада i падкрэслiў, што "зямлi Купалы патрэбны творчыя сiлы паэтаў i кампазiтараў". Аб тым, наколькi унiкальная падзея адбывалася ў Маладзечне, гаварылася i ў прывiтаннi прэзiдэнта Беларусi ў адрас фестывалю. Восьмы раз горад адчуваў сваю адметнасць, выбранасць i, калi хочаце, гiстарычную мiсiю. Хоць ты здымай кiно, у аснове якога будзе рэальная гiсторыя.

Мiсiя выканальная

Спачатку тут iдзе слова. Беларускае. Беларускiх паэтаў у Маладзечне прымаюць як тых жа зорак. Дарэчы, так яно i ёсць. Раiсе Баравiковай, якая прыйшла прадставiць часопiс "Маладосць", у маладзечанскай бiблiятэцы прыхiльнiкi паэзii наладзiлi бадай што творчую вечарыну. Баравiкова-паэтка ведае цану беларускага слова, якое патрэбна людзям, якое хочуць слухаць, якое баяцца прапусцiць у перапоўненай зале. Баравiковай-жанчыне так пасуюць кветкi...
"Кветкi для паэта-песеннiка Уладзiмiра Караткевiча!..". Такая фраза хоць i не прагучала, але сама собаю прыйшла ў галаву, падчас музычнай праграмы "Быў. Ёсць. Буду." Дзяржаўны канцэртны аркестр Беларусi падрыхтаваў яе да 75-годдзя з дня народзiнаў класiка беларускай лiтаратуры i цяпер паказаў у час фестывалю. Не толькi выдатныя гiстарычныя раманы пiсаў Караткевiч. Ён быў сапраўдным лiрыкам, якi знаходзiў прыгожыя словы для сваёй любiмай зямлi. А калi лiрык - значыць, выдатна кладзецца на музыку. Гэта зразумелi многiя беларускiя кампазiтары, стварыўшыя песнi на яго вершы. Можа, гэта неблагi шлях зрабiць Караткевiча папулярным паэтам, зразумелым народу. I гэта неблагi шлях для тых, хто вывучае мову па песнях.

Цяжкасцi перакладу

Васiль Лазаровiч у самым знакамiтым беларускiм аркестры адпрацаваў адзiн сезон i сапраўды быў вымушаны для працы ў iм дакрануцца да беларускай мовы. Справа ў тым, што Васiль сам з Украiны. Год таму, пасля конкурсу на "Славянскiм базары", ён атрымаў запрашэнне супрацоўнiчаць з беларускiм калектывам. Шыкоўны барытон, выдатная беларуская...
- Так, нашы мовы падобныя, але ўсё роўна мне было спачатку складана спяваць па-беларуску, - гаворыць Васiль. - Усё-такi рознае вымаўленне, розныя гукi, словы. Я вельмi стараўся, каб беларускiя песнi спяваць без акцэнту.
Часам сапраўды гэта было няпроста. Напрыклад, калi ведаеш нейкую песню на рускай мове. А тут яна нiбы перарадзiлася - i гучыць па-беларуску. Так было ў праграме "Iшла вайна народная". Праграма сабрала песнi беларускiх кампазiтараў пра вайну. Сёлета ваенныя песнi набылi новую хвалю папулярнасцi, i не толькi ў нашай краiне. Прычым звычайна гучыць прывычны набор савецкiх ваенных песень. Але ёсць такiя, якiя створаны беларускiмi кампазiтарамi, якiя паспелi забыць. Была праграма Уладзiмiра Мулявiна "Праз усю вайну", былi патрыятычныя песнi Алоўнiкава, Семянякi, iншых кампазiтараў. Многiя з iх у арыгiнале гучалi па-руску. Цяпер у перакладзе Васiля Жуковiча яны iснуюць на беларускай мове. Салiсты паказалi: iх можна спяваць у новым варыянце. Непрывычна слухаць? Справа папраўная: проста трэба слухаць часцей.

Людзi ў белым

Часцей сталi слухаць у нас песнi ў выкананнi беларускiх артыстаў. Артысты заўважна падбадзёрылiся. Сустракаючыся ў чаканнi репетыцый, раз-пораз казалi адзiн аднаму прыемныя словы. Яны так рады былi бачыць адзiн аднаго, што сама сабою нарадзiлася думка: трэба часцей сустракацца. Ядвiга Паплаўская пацалункамi прывiтала Алесю Ярмоленка. Алеся ў лёгкай маечцы i брыджах, нягледзячы на вечаровы час, рашуча дэманстравала свой бронзавы загар. Куды глядзелi муж i бацька, няўжо iм не хацелася накiнуць куртачку на яе танюткую постаць?
Маладзечанцы жыва абмяркоўвалi разнастайнасць строяў, iмкнучыся зразумеь тэндэнцыi моды будучага лета. Зразумелi: беларускiя зоркi аддаюць перавагу светлым колерам. У белым выходзiў Алег Елiсеенкаў. Белы любяць Таццяна Глазунова, Галiна Грамовiч, Саша Нема, якi, дзякуючы фестывалю, зноў стаў добрым, адкрытым хлопцам Аляксандрам Яфiмiкам, салiстам аркестра. Белы колер пасуе Веры Карэтнiкавай i iншым маладым салiстам студыi "Гран-пры". Пеця Ялфiмаў, якi перад выхадам на сцэну памяняў сiнi свiтар на белы, увогуле хадзiў героем: нядаўна шырока прагучала яго чарговая ўдалая песня. Вiншаваннi. Узрушэннi. Абмеркаваннi. Але тут, у Маладзечне, тая песня не прагучала: моўны фармат не той. Дзеля гэтага фармату давялося ўспамiнаць тое, што было ў беларускай песнi добрага дагэтуль. Напрыклад, добрыя песнi Алега Елiсеенкава. Шлягеры, чаму ж не?

Матрыца: перазагрузка

Чаму не ўзгадаць "залатыя беларускiя шлягеры"? Такiм пытаннем задалiся тыя, хто пускае песнi ў той самы 75-працэнтны эфiр. Цi шмат там сёння пачуеш беларускамоўных песень?
- Калi ўважлiва сачыць за тым, што адбываецца на беларускай эстрадзе, можна заўважыць, што цяпер з’яўляецца шмат самадзейнага матэрыялу, - расказвае каментатар Першага канала нацыянальнага радыё Таццяна Якушава. - Гэта нядрэнна. Але ёсць прафесiйная творчасць, якасць якой даказана часам. Iдэя канцэрта "Беларуская калекцыя" нарадзiлася на Беларускiм радыё, яе падтрымаў мастацкi кiраўнiк фестывалю Мiхаiл Фiнберг. У фондах радыё вельмi шмат песень. Але яны захоўваюцца на старых плёнках i не вельмi добра ўжо гучаць. Мы падумалi, што можна надаць iм новае жыццё. Каб пераважна маладыя артысты паспрабавалi прачытаць iх па-новаму. Умовай была далейшая актыўная тэле- i радыёратацыя гэтых песень. Калi нашы артысты сёння робяць рэмiксы замежных хiтоў, то чаму яны не могуць спяваць свае некалi папулярныя песнi?
Артысты з натхненнем адгукнулiся. Некаторыя самi праяўлялi iнiцыятыву. Напрыклад, Настасся Цiхановiч выбрала песню сваёй мамы, напiсаную вельмi даўно. "Каханай", якую выконваў Анатоль Ярмоленка, таксама больш за дзесяць гадоў. Саша Саладуха пажадаў пераспяваць сваю ж песню "Заварожаная фея", якая зрабiла яго папулярным. Андрэй Хлястоў зрабiў песню "Будзь разам з намi", якая дапамагла яму стаць лаўрэатам Сопацкага фестывалю. Але найбольшым поспехам для прачытання карысталася творчасць "Песняроў". Iрына Дарафеева перапела старую песняроўскую песню 75-га года "Твае рукi". Хлопцы з гурта "Тяни-Толкай" выбралi песню "Конь незацугляны", праўда, паехалi ў Маскву, так i не паказалi яе ў Маладзечне. Шкада, можа вучылiся б, на нашых гледзячы: ёсць жа i беларускiя ўзоры меладычных балад. Важна помнiць былое. Можа калi маладзечанская калекцыя стане зноў папаўняцца выдатнымi новымi песнямi. Проста так было.

Успомнiць усё!

Аб тым, што было выдатнага за ўсе восем фестываляў Беларускай песнi i паэзii, найлепш ведае Мiхаiл Фiнберг. За вялiкi ўклад у развiццё беларускага музычнага мастацтва i папулярызацыю музыкi беларускiх аўтараў i развiццё фестывальнага руху ў малых гарадах яму была ўручана ўзнагарода iмя Уладзiмiра Мулявiна.
Сёлета ў Маладзечне было паказана 7 праграм, прычым не толькi эстрадных. Аркестр народных iнструментаў Цэнтра культуры i мастацтваў Магiлёўскай вобласцi спецыяльна ехаў на нацыянальны фестываль. А сiмфанiчны аркестр Маладзечанскага музычнага вучылiшча адчувае сябе як дома, нягледзячы на тое, што фестываль усё-такi папулярнай музыкi. Нездарма ж вучылiшча носiць iмя Агiнскага, якi вядомы сваiмi прыгожымi мелодыямi. Маладзечаншчына - зямля Мiхала Клеафаса Агiнскага, тут побач, у Залессi, ён пiсаў свае паланезы. Некалi гэтая зямля яго натхнiла на "Развiтанне з радзiмай". Цяпер яна дае штуршок да таго, каб мы навучылiся гаварыць: "Прывiтанне, радзiма!".

Ларыса ЦІМОШЫК.