Як паспець на дзіцячае "Еўрабачанне" i чаго чакаць ад дарослага

21.02.2008
"Звязда", 21 лютага 2008 г.


Прыём заявак для ўдзелу ў дзiцячым конкурсе "Песня для Еўрабачання" прадоўжаны - цяпер апошнiм тэрмiнам названа не 29 лютага, а 15 сакавiка. Як патлумачылi "Звяздзе" ў прэс-службе Белтэлерадыёкампанii, якая з’яўляецца арганiзатарам адбору, гэта зроблена па шматлiкiх просьбах мастацкiх кiраўнiкоў i бацькоў патэнцыяльных удзельнiкаў конкурсу.
Нагадаем, сёлетнi конкурс падзелены на тры этапы: адборачны тур, паўфiнал i фiнал. Да адбору дапускаюцца кампазiцыi на беларускай цi рускай мове, аўтарамi i выканаўцамi якiх абавязкова з’яўляюцца дзецi (прычым на дзень правядзення мiжнароднага конкурсу iм павiнна быць не менш як 10 i не больш як 15 гадоў). Вынiкi адборачнага туру - прыёму i праслухоўвання заявак - прафесiйнае журы агучыць у сярэдзiне вясны, а ўжо ў маi 20 адабраных песень прагучаць у паўфiнале рэспублiканскага конкурсу. Па яго вынiках суддзi назавуць 10 фiналiстаў. Сам жа фiнальны гала-канцэрт адбудзецца ў вераснi, i яго пераможцу вызначыць сумеснае галасаванне журы i тэлегледачоў.
Дарэчы, як расказала нам выканаўчы прадзюсар канала "ЛАД", куратар беларускага адбору Людмiла Барадзiна падчас тэматычнай онлайн-канферэнцыi (яна адбывалася на сайце Белтэлерадыёкампанii), рашэнне аб тым, якая краiна будзе прымаць дзiцячы конкурс у 2009 годзе, Еўрапейскi вяшчальны саюз агучыць напрыканцы вясны гэтага года. Беларусь, нагадаем, падала заяўку на правядзенне дзiцячага "Еўрабачання-2009", гэтаксама як Украiна, якая прапануе для прыёму гасцей "Артэк", i Швецыя, што саступiла Кiпру права прымаць конкурс у 2008 годзе. Перавага аддаецца краiне, якая зможа ўзяць максiмум выдаткаў на сябе - нягледзячы на тое, што кожная краiна-ўдзельнiца i так плацiць унёсак у 30 тысяч еўра, ЕВС выстаўляе шэраг дадатковых патрабаванняў: тэхнiчнае абсталяванне, гасцiнiцы, сцэнiчная пляцоўка i г.д. "У Беларусi, магчыма, такой пляцоўкай можа стаць "Мiнск-Арэна", - мяркуе Людмiла Барадзiна. - Але канчатковае рашэнне будзе прынятае, калi нам прадставяць усе пытаннi, а мы дадзім на iх адказы".
Што датычыцца дарослага конкурсу "Еўрабачанне-2008", то нядаўна прадстаўнiк нашай краiны Руслан Аляхно таксама ўдзельнiчаў у онлайн-канферэнцыi i крыху прыадкрыў творчыя планы. Наш выканаўца пабываў ужо з прома-турам у Чарнагорыi i Лiтве, прычым у Лiтве ён сустрэўся з леташнiмi ўдзельнiкамi "Еўрабачання", гуртом "4fun", якi арганiзаваў беларусам экскурсiю ў Тракай. 23 лютага Руслан Аляхно выступiць як госць на нацыянальным фiнале ў Македонii, 2 сакавiка - у Боснii i Герцагавiне, гэтаксама плануецца паездка ва Украiну. Клiп на конкурсную песню "Hasta la Vista", як мяркуецца, будзе здымаць Сямён Гораў, вядомы па рабоце над тэлевiзiйнымi мюзiкламi "Вечары на хутары паблiзу Дзiканькi" i "Жанiцьба Фiгара", а таксама клiпамi Пiлiпа Кiркорава, Веркi Сярдзючкi, Мiкалая Баскава, Валерыя Меладзэ i "ВIА Гра". Зараз вядуцца перамовы. Калi яны завершацца паспяхова, клiп плануецца зняць ужо да сярэдзiны сакавiка, каб прадставiць яго на сустрэчы кiраўнiкоў дэлегацый краiн - удзельнiц "Еўрабачання". Наконт будучых сапернiкаў Руслан падзялiўся, што яму спадабалiся канкурсанты з Лiтвы i Чарнагорыi, але "канчатковае ўражанне з’явiцца толькi тады, калi будзе гатовая песня, i ўвесь нумар у сукупнасцi". Зрэшты, тое самае можна сказаць i пра беларускага ўдзельнiка - на пачатку вясны стане зразумела, у якiм вобразе Руслан збiраецца паказацца на еўрапейскай поп-сцэне.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.