Як лячыцца каханнем: рэцэпт ад БТ

05.10.2005
"Звязда", 5 кастрычніка 2005 г.


Прызнанне ў тым, што ты не глядзiш тэлесерыялы, сёння гучыць амаль непрыстойна. А прызнавацца ў любовi да пэўнай шматсерыйнай гiсторыi нiколькi не сорамна. Бо "мыла" рознымi краiнамi наварана столькi, што ад яго пры ўсiм жаданнi нiкуды не падзенешся. Глядзець не перагледзець, яшчэ i нашым нашчадкам застанецца.
Гэта я да таго, што прыхiльнiкам серыялаў шчасце падкацiла. 5 кастрычнiка, увечары, Першы нацыянальны канал запускае прэм’еру нашумелага меладраматычнага серыяла "Вылячэнне каханнем" (Украiна-Расiя, 2004-2005).
Свой першы сезон гэта стужка (рэжысёр Бата Недзiч, у ролях: Валянцiна Талызiна, Амалiя Гальданская, Барыс Няўзораў, Эмануiл Вiтарган, Арыстарх Лiванаў, Галiна Польскiх, Аляксей Булдакоў, Валянцiн Смiрнiцкi) пачала адначасова на ўкраiнскiм канале "Iнтэр" i канале "Расiя". У бойцы за гледача менавiта дзякуючы "Вылячэнню каханнем" РТР абышоў канкурэнтаў i выйшаў ў лiдары. Рэйтынгi сведчаць, што доля глядзення гэтага серыяла фенаменальна высокая. Яна пераўзышла 40 працэнтаў i наблiжаецца да 50 - пры тым, што на расiйскiм тэлебачаннi фiльм iдзе не ў прайм-тайм! Зараз iдуць здымкi працягу, якi, дзякуючы намаганням БТ, змогуць убачыць i беларускiя тэлегледачы.
Шматсерыйны праект "Вылячэнне каханнем" замешаны, натуральна, на каханнi. Гэта пачуццё - самыя лепшыя лекi ад усiх хвароб, сцвярджаюць стваральнiкi. I хоць уся гiсторыя магла б змясцiцца ў адной серыi, але сцэнарысты дадалi заблытаную дэтэктыўную лiнiю. I тут, як казаў адзiн гора-лiтаратар, "усё завярце...".
Аляксей Самойлаў - малодшы сын у сям’i. Бацькi вельмi любяць свайго хлопчыка, курсанта мараходкi, якi зусiм хутка атрымае дыплом. Аляксей таленавiты, мае шмат сяброў, збiраецца ажанiцца з прыгажуняй Кацяй Буравiнай, якая адказвае хлопцу ўзаемнасцю. Ужо i ўборы да вяселля пашытыя, i зала ў рэстаране заказаная. Але ў падзеi ўмешваецца старэйшы брат Алёшы, Косця. Таемна закаханы ў нявесту брата, ён пойдзе на ўсё, каб перашкодзiць вяселлю. Косця падлажыў у машыну Алёшы ампулу з эфiрным наркатычным рэчывам, i той выпадкова расцiснуў яе нагой. Аляксей страцiў прытомнасць, машына ўрэзалася ў дрэва... Урачы на "хуткай" вязуць хлопца ў бальнiцу, i нiхто не дае гарантыi, што ён застанецца жывы. А ў ЗАГСе нявеста, якая стамiлася ад чакання i раззлавалася, кiдае на падлогу шыкоўны букет i з’язджае.
Чым усё скончыцца? Глядзiце. Можа i я, спаслаўшыся на падрыхтоўку артыкула, раней дамоў збягу...

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.