Якія сюрпрызы чакаюць у новым тэлевізійным сезоне "Беларусь 5"

07.10.2016

"Звязда"

Ці будуць жанчыны каментаваць футбол і ці ўбачым мы англійскую Прэм'ер лігу або спартыўнае ток-шоу?

Новы для сябе год каманда адзінага ў краіне спартыўнага тэлеканала вырашыла пачаць вельмі незвычайна... з прагляду хакейнага матча пад гукі сімфанічнага аркестра. Музыка змянялася ў залежнасці ад таго, што адбывалася на пляцоўцы. Добра што мінчане ў той вечар атрымалі перамогу над яраслаўскім "Лакаматывам" у чэмпіянаце КХЛ, так што мажорных матываў было значна больш, чым мінорных. Гэтае шоу, дарэчы, маглі назіраць усе, хто вырашыў глядзець хакей на сайце Белтэлерадыёкампаніі.

Але яшчэ больш цікавымі сталі навіны, якія паведаміў кіраўнік спартыўнага канала Аляксандр Казюкевіч усім прысутным. Адна з іх - у новым сезоне "Беларусь 5" запускае спартыўнае ток-шоу, праграма стане выдатнай пляцоўкай, на якой будуць абмяркоўвацца самыя розныя тэмы.

- Найбольш папулярнае ток-шоу на беларускім тэлебачанні сёння - "Форум", яно прысвечана палітычным, сацыяльным, эканамічным і іншым пытанням. Спорт таксама там прысутнічаў, калі былі сур'ёзныя падставы, але спартыўнае жыццё ў нас у краіне настолькі насычанае і багатае на падзеі, што ўдзяляць яму ўвагу толькі час ад часу няправільна, - кажа Аляксандр Казюкевіч. - Тым больш, калі ёсць спецыяльны нацыянальны спартыўны канал.

Назва ток-шоу, як і дата яго старту, пакуль трымаецца ў сакрэце, але каманда "Беларусь 5" абяцае, што калі толькі глядач убачыць першыя прома-ролікі, то дакладна зразумее - праграма будзе дастаткова нечаканай і нават правакацыйнай.

Акрамя ток-шоу на "Беларусь 5" неўзабаве з'явіцца і першае рэаліці-шоу. Так званая, бітва каментатараў. Заўзятары, якія любяць крытыкаваць работу журналістаў, седзячы дома на канапе, атрымаюць выдатную магчымасць заняць месца каментатара спартыўнага тэлеканала.

- Мы аб'яўляем кастынг па наборы ўдзельнікаў для новага шоу "Накаўт-раўнд". З двух сапернікаў, якія будуць змагацца ў каментатарскім мастацтве, у наступны раўнд будзе праходзіць толькі адзін. У сумленнай барацьбе твар у твар з такімі ж прэтэндэнтамі кожны зможа праявіць свае здольнасці, паказаць не толькі строгаму журы, у якое будуць уваходзіць дзеючыя каментатары і запрошаныя госці, але і ўсім тэлегледачам "Беларусь 5" на што яны здольныя. Пераможца атрымае магчымасць працаваць на нашым тэлеканале, а выбіраць яго будуць у тым ліку і аматары спорту, - расказаў Аляксандр Казюкевіч.

Для ўдзельнікаў няма ніякіх абмежаванняў, на кастынг могуць прыходзіць як маладыя людзі, так і дзяўчаты.

- Такой практыкі, каб жанчыны каментавалі футбол ці хакей я пакуль не сустракаў. Напэўна, гэтыя гульнявыя віды спорту не асацыіруюцца з жаночым голасам. Хоць жаночы баскетбол, валейбол ці футбол з жаночым каментарыем мог бы выглядаць цалкам арганічна, - адзначыў кіраўнік тэлеканала.

Што тычыцца эфірнага часу і размеркавання яго па відах спорту, то Аляксандр Казюкевіч адзначыў, што ў большай ступені гэта залежыць не ад жадання кіраўніцтва, а ад таго, у якіх відах спорту будуць прадстаўлены беларускія спартсмены.

З тэхнічных і фінансавых прычын пакуль спартыўнаму тэлеканалу краіны прыйшлося адмовіцца ад трансляцый замежных чэмпіянатаў па футболе і NBА.

- Па фінансавых меркаваннях даводзіцца адмаўляцца ад матчаў Прэм'ер-лігі і NBА. Да таго ж яны часта ідуць у адзін час з гульнямі КХЛ ці ўначы. Правы на трансляцыю гэтых сустрэч вельмі дарагія, а ставіць іх у запісе позна ўвечары няма ніякага сэнсу, - адзначыў Аляксандр Казюкевіч.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ.