Як дамовіцца з натхненнем

20.11.2015

"Звязда"

Творчымі сакрэтамі падзяліўся Генадзь Давыдзька, які нядаўна выдаў кнігу.

Што лепшае - тэлевізар ці кніга? Ці пішаце вы на беларускай мове? Ці думае пісьменнік пра тое, як яго твор будзе ўспрымаць чытач? Для каго вам больш цікава пісаць - для дарослых ці для дзяцей? І ўвогуле, для чаго мы жывём на белым свеце?

У гомельскай студыі тэлеканала "Беларусь 4" адказы на гэтыя і іншыя пытанні шукалі ўдзельнікі творчай сустрэчы з заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь, старшынёй Белтэлерадыёкампаніі, тэлевядучым і літаратарам Генадзем Давыдзькам. Сустрэча праходзіла з улікам жанравых тэлевізійных асаблівасцей і абмежаванняў, але ж шчырасці размовы гэта зусім не замінала.

Дарэчы, была падстава, каб засяродзіцца менавіта на літаратурнай дзейнасці вядомай медыйнай асобы. Толькі што выйшлі з друку кніжкі "Лоўля слоў" і дзіцячая "Зоркі сёмага неба". Вашай увазе - сціслая версія разважанняў, агучаных падчас сустрэчы Генадзем Браніслававічам.

Пра месца літаратуры ў жыцці

- Маё дзяцінства праходзіла ў вельмі маленькім пасёлку Сянно на Віцебшчыне. У той час тэлевізар меўся далёка не ва ўсіх дамах. Было адчуванне, што жыццё праходзіць дзесьці не тут, дзе я знаходжуся. Здавалася, што толькі літаратура можа выратаваць. Тады я прыйшоў у бібліятэку і стаў браць усё, што стаяла на паліцы, пачынаючы з літары "А". У 10 класе дайшоў да "С". Спыніўся на Сервантэсе. Таму Шэкспіра і Чэхава чытаў ужо ў інстытуце. Мне чытанне вельмі падабалася. Бессістэмнае, яно таксама карыснае, хоць пры гэтым адбываецца пэўная блытаніна, такі мікс жыцця і літаратуры. Потым гэтае адчуванне праходзіць.

Пра эмоцыі і інфармацыю

- Таму што жыццё больш цікавае, чым літаратура. А цікавейшае яно за кошт сённяшніх інфармацыйных магчымасцей. Раней у жыцці звычайнага чалавека было таксама цікавае: каханне, сяброўства, здрада, інтрыгі… Але ж літаратура дабаўляла такому жыццю аб’ём і эмоцыі. Сёння ж любы выпуск інфармацыйных навін цікавейшы, чым мастацкае кіно. Нават не вельмі эмацыйную падзею можна падаць у інтэрпрэтацыі СМІ вельмі эмацыйна. Магчыма, з гэтай прычыны людзі менш чытаюць. Аднак самы важны вызваленчы інструмент для кожнага чалавека - гэта тэлевізійны пульт. Трэба ім карыстацца і вызваляць сябе ад непатрэбнага прагляду перадач. Для гэтага ёсць тэлепраграма, дзе можна алоўкам абвесці тое, што трэба паглядзець абавязкова, а што - пажадана. І ўсё. Гэта бяда, калі людзі прыходзяць дадому і адразу ж уключаюць тэлевізар - праз яго ў віртуальныя госці можа зайсці хто заўгодна. Трэба выбарачна глядзець толькі тое, што падабаецца, і тое, што карысна.

Пра паперу і планшэт

- Я ўпэўнены, што чалавек, які чытае тэкст менавіта з кнігі, а не з камп’ютара ці планшэта, даб’ецца ў жыцці большага, чым той, хто яе не чытае. Нават успрыманне літар на электронным носьбіце іншае, чым на папяровым. А што тычыцца прагляду кінаверсій кніг - у такім выпадку чалавек пазбаўляе сябе фантазіі. Ён бачыць вобразы вачамі рэжысёра карціны. І таму герояў твораў ён уяўляе толькі такімі, якімі іх іграюць акцёры. Такім чынам мы пазбаўляем сябе таямніцы любові да герояў арыгінальнага твора, стварэння іх вобразаў у сваёй галаве. Калі чалавек бярэ ў рукі кнігу, ён пагружаецца ў свой патаемны свет, космас, які нікому іншаму не даступны. І гэты працэс павінен быць у радасць.

Пра хваляванне і мужнасць

- На працягу многіх гадоў мае аповеды і вершы друкаваліся ў літаратурных часопісах і газетах. Я публічны чалавек і прывык мець стасункі з многімі людзьмі. Але ж калі ты дзелішся не думкамі пра палітычную ці эканамічную сітуацыю, а тым, пра што разважаў на працягу гадоў, зусім патаемным… Пра тое, аб чым думаў па начах, калі было дрэнна ці ў моманты шчасця… Ведаеце, падзяліцца гэтым - трэба мець мужнасць. Гэта ж стваралася не дзеля забавы. Таму сапраўды хвалявала: а ці патрэбна тое, што я кажу, тым, хто сабраўся на прэзентацыю?

Пра назву "Лоўля слоў" і падарунак да юбілею

- У кожнага свая калекцыя. Нехта збірае этыкеткі, хтосьці - манеты. Я словы збіраю, лаўлю іх паўсюль. Вельмі важна злавіць патрэбнае слова, цікавае словазлучэнне, калі хочаш зафіксаваць сваю думку на паперы. Да таго ж, згадзіцеся, "Лоўля слоў" - прыгожае словазлучэнне. Увогуле, гэты зборнік не я рабіў. Кніга створана маімі сябрамі Інэсай Собалевай і Сяргеем Дабудзькам. Яны сабралі мае тэксты і падарылі мне тыраж кнігі на дзень нараджэння. Магчыма, частку я і не друкаваў бы, але ж, можа, таму кніга і атрымалася такой жывой, хоць і не вельмі стройнай. Заўсёды можна нешта перафарматаваць, прыбраць, дабавіць… Але ж яна такая ўнікальная атрымалася, такі своеасаблівы сімвал сяброўства.

Пра змест кнігі

- Пра каханне там практычна нічога няма. У кніжцы няма дат, калі былі напісаны творы. Здаецца, гэта не мае значэння. Пра што кніга? Напэўна, пра мары аб удасканаленні свету, чысціні адносінаў, шчырасці… Сябе трэба настроіць як музычны інструмент, які адгукаецца на крананні жыцця… Жыццё нас па-рознаму кранае. Менавіта таму і гучыш ты часам не вельмі цэнзурна, а трэба - адэкватна. Гук чалавечых слоў і чалавечага жыцця павінен быць пачуты. Ён павінен быць гарманічным. Да гэтага трэба імкнуцца. Напэўна, пра гэта і кніга.

Пра мовы і фарбы

- Пэўны час я жыў у Расіі, і калі зноў вярнуўся ў Беларусь, каб удасканаліць веданне мовы, пачаў пісаць вершы па-беларуску. Я нават друкаваўся ў часопісах "Маладосць", "Крыніца", у газеце "ЛіМ"… А потым зразумеў, што ўсё ж пісаць мне лягчэй на рускай мове. Не тое, што на беларускай цяжка, але ж фарбы не тыя. Я вельмі люблю беларускіх пісьменнікаў - чытаю амаль усё, што выходзіць. Дарэчы, "Размаўляем па-беларуску" - выдатная праграма, якую робіць гомельскае тэлебачанне. Яна карыстаецца папулярнасцю ў гледачоў. Сёння ў маладых людзей ёсць цікавасць да мовы. Мне гэта важна і прыемна. Але ж я не бачу сваёй уласнай перспектывы як беларускамоўны пісьменнік. Да таго ж, хацелася б, каб мае творы пачыталі расійскія сябры.

Пра стасункі і сэнсы

- Вядома, кожнаму, хто піша, вельмі важна, як яго твор успрыме чытач. Важна, каб увогуле прачытаў. Бо часта чалавеку патрэбна не сама кніжка, а праз яе - пацверджанне нейкіх стасункаў з табой. Хочацца спытаць: а ці адкрываў ты гэтую кніжку, ці зразумеў, што я ёю хацеў сказаць? Таму для любога чалавека, які піша ці малюе, вельмі важна, каб зразумелі, што ён хоча сказаць свету.

Пра дзяцей і дарослых

- Я пісаў казкі-п’есы для дзіцячага тэатра "Гоша", тры з якіх былі пастаўлены. Мне цікава пісаць для маленькіх людзей - ёсць магчымасць парадаксальна паглядзець на нейкія рэчы, з якімі ўсе звыкліся. Калі ўзяць дзіцячую кніжку "Зоркі сёмага неба" - яна напісана таксама і для дарослых. Я сказаў бы, яна для сямейнага чытання па ролях. Дарэчы, мудрасць дасягаецца за кошт страты дзяцінства. Калі шанцуе не згубіць дзіцячага погляду на свет, пры гэтым набыўшы мудрасць, - гэта вялікае шчасце.

Пра зоркі на сцэне і на нябёсах

- Мяне стала раздражняць, што наступіў час ілжы, падмены каштоўнасцяў. На пытанне "што такое зоркі?" многія адкажуць, што гэта артысты эстрады, якія спяваюць на сцэне. Гэта жудасна. Гэта і ёсць падмена паняццяў. Калі важна славіцца, здавацца, а быць - не важна. Раней казалі: па адзенні сустракаюць, а праводзяць па розуме. Цяпер і сустракаюць, і праводзяць па адзенні і кашальку. Мне здалося, што я магу быць адвакатам зорак на нябёсах, і я вырашыў адстаяць іх добрае імя. Дарэчы, цяпер на кінастудыі "Беларусьфільм" па казцы "Зоркі сёмага неба" запусцілі вытворчасць поўнаметражнага шасцісерыйнага фільма. Кожная серыя - па 13 хвілін.

Пра монстраў і дзіцячыя забаўкі

- Аднойчы ля дзіцячага садка я пабачыў гару парваных кніжак. Іх засыпала снегам і па іх хадзілі вароны. Адначасова вакол садка хлопчыкі ганяліся за катом і кідалі ў яго палкамі. Пры гэтым выхавальніца вяла размову з маладым чалавекам - ёй было не да дзяцей. І мне здалося, што трэба нешта рабіць супраць усяго гэтага.

Мне страшна, што дзеці сёння гуляюць у тэрарыстаў. Я не хачу, каб гэта было іх звычайнай забаўкай. Мне хацелася б, каб прыкладамі для дзяцей былі не монстры з амерыканскіх мульцікаў, а тыя, хто спачувае жывёле і сябру.

І каб гэта не лічылася геройствам, а было звычайным праяўленнем чалавечнасці. Гледачам і чытачам я жадаю заўсёды толькі аднаго: радасці ад жыцця. Кожны павінен жыць дзеля задавальненняў, якія ён прыносіць іншым, а калі і сам атрымлівае ад гэтага задавальненне - ён найшчаслівейшы чалавек.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.