Яўген Перлін: "Важна быць першым... Нават у памылках"

12.12.2014
"Звязда", 12 снежня 2014 г.


Тэлевядучы лічыць, што і перамогі, і няўдачы трэба прымаць з годнасцю 
Ён з ліку тых маладых людзей, хто заўсёды ведае, на які вынік разлічваць, і не шкадуе ні часу, ні сіл, каб дамагчыся жаданага. Сваю настойлівасць на шляху да мэты Яўген нават залічвае да ўласных недахопаў, але, як бы там ні было, а вынік відавочны. З 17 гадоў ён працуе ў прамым эфіры: спачатку на радыё "Юністар", а потым у кадры, на тэлеканале "Беларусь 1". Сёння яго можна ўбачыць у ранішніх эфірах навін, па чацвяргах у праграме "Добрай раніцы, Беларусь!". А падчас правядзення песеннага конкурсу "Еўрабачанне" яго каментатар Яўген Перлін робіцца ці не самай медыйнай персонай. Аднак сам тэлевядучы славутасцю сябе не лічыць і саромеецца, калі ў яго просяць аўтограф... На каго ён арыентуецца ў прафесіі, што лічыць недапушчальным, каб не страціць давер гледачоў, і ў чым бачыць галоўную "фішку" перамогі на "Еўрабачанні", мы распыталі пры сустрэчы.

- З таго, што пішуць пра вас, галоўную выснову можна зрабіць такую: вы малады, але ўжо дасягнулі пэўнага поспеху ў сваёй сферы. Ці згодны з такім меркаваннем?
- Усё адносна. Адчуваць сябе паспяховым - значыць быць усім задаволеным. А калі гэта адбываецца, ты спыняешся ў сваім руху. Я пакуль не адчуваю, што ўсё добра. Так, я займаю некаторыя пасады, якія для маладых журналістаў сведчаць пра паспяховасць, але, працуючы на пэўным узроўні, ты адчуваеш жаданне дасягнуць большага. Шукаеш магчымасці рэалізоўваць сябе. На мой погляд, вядучы на першым канале - гэта вяршыня журналісцкай кар'еры сярод вядучых; ацэньваючы ў такім ракурсе, я дасягнуў поспеху. Потым можна расці ўжо да адміністрацыйнай пасады, але офісная работа мяне сёння не цікавіць, і я не імкнуся да гэтага.

- У дзяцінстве ў вас былі розныя мары адносна таго, кім стаць. І адна з іх - "быць Уладам Лісцьевым"... Гэта быў першы кумір у прафесіі?
- Нават не тое, каб гэты чалавек быў кумірам. Проста я бачыў яго на экране, і мне хацелася быць на яго месцы. Умець, як ён, прыгожа размаўляць і "раскручваць" суразмоўцаў. Яго энергетыку, калі глядзеў тую ж праграму "Час пік", адчуваў праз экран тэлевізара. Такое вось было дзіцячае ўяўленне, прычым не было мары "стаць добрым журналістам" альбо "тэлевядучым", а хацеў быць менавіта ім, Уладам Лісцьевым.

- А сёння ёсць людзі ў сферы ТБ, каго, на ваш погляд, можна лічыць узорам прафесіяналізму?
- Безумоўна, ёсць. Я арыентуюся на сучасных прафесіяналаў. Для сябе вылучаю, напрыклад, Уладзіміра Познера. Гэты чалавек мне імпануе як вядучы, які мае свае незалежныя погляды па многіх тэмах. Я стараюся адсочваць яго лініі пабудовы інтэрв'ю і назапашваю цікавыя прыёмы для ўласнай працы.

- Мадэлі вядзення праграм у стылі Опры Уінфры ці Лары Кінга вам не блізкія?
- Яны таленавітыя і прафесіяналы, але пакуль я працую на рускамоўную аўдыторыю, то павінен улічваць, што ў нашых людзей зусім іншы менталітэт. І іх прыёмы з нашым народам проста не спрацуюць. Тое ж самае, калі казаць пра гумар. У нас Іван Ургант - гэта смешна і весела, а ў Амерыцы яго, магчыма, не да канца зразумелі б. Такая розніца ў прыёмах працы і падыходах да аўдыторыі і адрознівае нашы і амерыканскія шоу.

- Вядучаму, каб яго праграмы глядзелі, трэба заваяваць давер гледача. Як гэтага дасягнуць?
- Трэба быць шчырым. Гэтае правіла дапамагае мне як у жыцці, так і на працы. Я не дапускаю падману гледача, якой бы інфармацыі гэта ні датычылася. Напрыклад, калі мы маем справу з лічбамі, то я буду да апошняга моманту перад эфірам адсочваць, як змяняюцца паказчыкі. І ў выпуску я павінен апошнія лічбы агучыць, бо глядач можа зайсці ў інтэрнэт і праверыць маю інфармацыю. У інфармацыйным грамадстве вельмі лёгка быць злоўленым на хлусні. У Беларусі наогул не вельмі любяць сваё і сваіх, таму, каб мець павагу, трэба добра і сумленна выконваць сваю працу.

- Паводзіны вядучага па-за студыяй таксама ўплываюць на давер?
- У нас маленькая краіна. І калі ты знаёмы і сустракаешся з вялікай колькасцю людзей, то знаходзішся ўвесь час у полі зроку. Тваё асабістае жыццё, у тым ліку і адлюстраванае ў сацыяльных сетках, таксама даступнае для старонніх вачэй. Заўсёды знойдуцца нядобразычліўцы, якія будуць рады скарыстацца магчымасцю пакпіць з цябе. Мне не прыходзіцца сябе неяк кантраляваць, падстройвацца ці абмяжоўваць, таму што я не паводжу сябе непрыстойна, каб потым саромецца. Я даволі адкрыты ў тых жа сацыяльных сетках, дзе выкладваю самыя яскравыя падзеі свайго жыцця. І людзі, якія знаёмыя са мной, ведаюць, што розніца паміж мной у жыцці і на экране толькі ў тым, што падчас працы ў мяне больш сур'ёзны вобраз і стрыманыя паводзіны.

- У вас ёсць вопыт вядзення прамых эфіраў на радыё і на тэлебачанні. Навучыліся ўжо спраўляцца з хваляваннем?
- Прывыкаеш да прамых эфіраў недзе праз год працы. Дзевяноста адсоткаў людзей, якія трапляюць туды, становяцца залежнымі ад гэтага драйву. І калі сыходзяць на іншую працу, то адчуванняў прамых эфіраў не хапае, пачынаецца ломка. А наконт хвалявання магу сказаць, што самае галоўнае - умець сабрацца ў патрэбны момант. Памятаю, калі быў першы эфір на радыё, то падчас прамога ўключэння з прэс-канферэнцыі не хваляваўся, а потым адчуў, што гэта такое. Хацелася даведацца, як усё прайшло. У працу наогул уключаешся на аўтамаце. Што б ні адбывалася навокал, ты засяроджваешся на справе. Калі скончыцца выпуск, то ўжо пачынаеш рэагаваць на падзеі і людзей, якія побач. Я не магу сказаць, быццам з часам прыйшоў да такой пазіцыі, бо пасля першага эфіру зразумеў: павінна быць так і не іначай.

- Часта аналізуеце тое, як выглядаеце на экране?
- Гляджу, калі ёсць для гэтага час. Асабліва калі быў у эфіры з новым гальштукам альбо ў новым касцюме. Тады трэба паглядзець, як тое ж святло выстаўляюць, і прааналізаваць карцінку. Што тычыцца падачы навін, то таксама сачу за тым, з якой мімікай і жэстамі ўсё раблю ў кадры.

- Цяпер вас можна ўбачыць не толькі ў "Навінах", але і ў праграме "Добрай раніцы, Беларусь!". Ці новы гэта вопыт для вас?
- Такая праца мне не ў навінку, таму што я працую ў забаўляльным жанры як вядучы на розных мера прыемствах. Для сябе я не бачу ніякай розніцы паміж забаўляльным эфірам і вядзеннем, напрыклад, вяселляў, карпаратываў. Ты імправізуеш, падымаеш людзям настрой... На тэлебачанні адрозненне хіба толькі ў тым, што трэба памятаць пра рубрыкі, размовы з гасцямі і выхады навін.

- Працу на карпаратывах некаторыя лічаць ганебнай для рэпутацыі тэлевядучага, аднак зразумела, што гэта дае заробак...
- Усе вядучыя розныя. Нават на захадзе яны вядуць канцэрты, вяселлі і іншыя мерапрыемствы. І я не казаў бы, што гэта толькі добры заробак, таму што мне такая праца дае найперш магчымасць разняволіцца, падзяліцца эмоцыямі. І для мяне ў гэтым самае важнае.

- Як вам працуецца ў пары з Вольгай Рыжыкавай?
- Мы з Вольгай вучыліся ў адной школе. Калі я прыйшоў на тэлебачанне, то ў нас склаліся добрыя адносіны. Даведаўшыся пра работу ў пары, нам не давялося падладжвацца неяк, і ў кіраўніцтва не было пытанняў, ці будзем мы глядзецца ў тандэме. Мы інтуітыўна разумеем, калі трэба дапамагчы, падхапіць і весці ў патрэбным кірунку.

- З чаго пачынаецца ваша раніца?
- З навін і прагляду сацыяльных сетак. Таксама мне раніцай патрэбен кубачак кавы.

- Вось ужо два гады вы каментуеце конкурс "Еўрабачанне". Напярэдадні фіналу нацыянальнага адбору ці ёсць нейкія асабістыя прагнозы, хто ж будзе прадстаўляць краіну ў наступным годзе?
- Я прагнозаў не раблю, таму што гляджу і ўспрымаю ўсё з пазіцыі чалавека, які працуе ў камандзе. І хтосьці можа інтэрпрэтаваць мае ацэнкі так, быццам я ўплываю на выбар журы таго ці іншага ўдзельніка. Хаця бывалі выпадкі, калі інтуітыўна ўдавалася ўгадваць пераможцаў. Я цяпер праз тыя ж сацыяльныя сеткі імкнуся данесці думку, што мы робім з гэтага конкурсу вельмі значную падзею. Трэба прасцей на ўсё глядзець. У прынцыпе, "Еўрабачанне" - гэта конкурс для маладых выканаўцаў, а мы ўспрымаем яго, нібы "Оскар", дзе вызначаюць лепшага сярод прызнаных...

- Але ж і самі выканаўцы часам ставяцца да "Еўрабачання" як да пэўнай кар'ернай вышыні...
- Магчыма, пэўная вышыня на пачатковым этапе... Бо можна перамагчы на конкурсе, а потым цябе забудуць, калі не скарыстаешся момантам і не будзеш развівацца. У нас, магчыма, пэўную ролю яшчэ і патрыятызм адыгрывае, бо прывезці конкурс у Беларусь прэстыжна. І ўся "фішка" для беларускіх артыстаў толькі ў тым, каму ўдасца зрабіць гэта першым. Яго будуць памятаць.

- Ці важна вам быць у жыцці першым?
- Так, безумоўна, важна, і ва ўсім. Нават у памылках. Я не баюся гэтага. Я лёгка прымаю свае паражэнні, таму што разумею, што не заўсёды ўсё бывае гладка, але трэба разлічваць на поспех.

- У студзені вам спаўняецца 25. Якія мэты цяпер у жыцці?
- Ведаеце, у мяне няма такога, каб мэты былі распісаны па гадах. Кажуць, гэта не вельмі добра, але для мяне такі падыход больш рэальны, бо я хачу ўсяго і адразу. Разумею, што да здзяйснення жадання трэба дайсці, а між тым не ўсё ад мяне залежыць... Хацеў машыну - адвучыўся ў аўташколе і зарабіў на аўтамабіль. Так і строю планы па меры неабходнасці. Пакуль што аддаю сябе таму, што маю.

Алена ДРАПКО.