“Я магу!”

19.02.2015

По сообщению malorita.by ("Голас часу")

На тэлеканале “Беларусь 1”, пачынаючы з 31 студзеня, выходзіць кожную суботу ў вячэрнім эфіры народнае шоу “Я магу!” Сярод яго ўдзельнікаў і Святлана Саўчук з в. Мельнікі.

Святлана Сяргееўна закончыла раённы ліцэй г. Маларыты. Затым паступіла ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.Машэрава на мастацка-графічны факультэт. Набыўшы спецыяльнасць “Дызайн інтэр’ераў”, цяпер працуе ў ТАА “Усе малюем” (г. Мінск).

Здольнасці да малявання ў дачкі заўважылі бацькі, калі ёй было 5 гадоў. Алена Сцяпанаўна, маці, для Святланы пастаянна малявала контуры розных дрэў, лістоў, звяроў… Дзяўчынка ж старанна іх размалёўвала.

- Памятаю, як я ўсюды за мамай хадзіла з алоўкамі і лістамі паперы, - успамінае Святлана Саўчук. -Усе дзеці ў хованкі гуляюць, у лялькі, а я малюю.

- А хто дапамагаў адшліфоўваць майстэрства?
- Па вялікаму рахунку я - самавучка (смяецца). Аднак вялікі дзякуй хочацца сказаць Святлане Сцяпанаўне Тарасюк. Мена­віта яна на занятках гуртка па маляванні, якія я наведвала ў 5-10 класах у Мельніцкай БШ, адкрывала таямні­цы гэтага чароўнага і нязведанага свету. Многаму навучылася ў яе. Дапамаглі мне і выкладчыкі Маларыцкай школы мастацтваў, дзе прайшла паскораны курс навучання.

- Святлана Сяргееўна, а як Вы трапілі на тэлевізійны праект?
- У маіх планах удзел у народным шоу “Я магу!” адсутнічаў. Неяк выпадкова пачула аб тэлевізійным праекце, але асаблівага значэння гэтаму не надала. У чарговы раз, калі прыехала ў родныя Мельнікі, мама нечакана спытала, ці не буду я спрабаваць свае сілы ў творчым конкурсе. Мама падштурхнула, я загарэлася яе ідэяй і згадзілася.

- А чаму сталі выступаць за Мінск?
- Прычына простая: я позна вырашыла паспрабаваць свае сілы. Кастынг у Брэсце праходзіў 3-4 кастрычніка, у іншых гарадах ён таксама ўжо завяршыўся. Заставаўся толькі Мінск і апошнія кастынгі, якія пройдуць 27-29 кастрычніка. Часу для падрыхтоўкі было зусім мала. Аднак я рызыкнула. Запоўніла анкету і атрымала парадкавы нумар 588. Так я і апынулася на сцэне Маладзёжнага тэатра эстрады.

- Святлана Сяргееўна, з чым Вы прыйшлі на кастынг?
- На палатне жоўтага колеру, якое кружыцца, я пальцамі чырвонай і цёмна-сіняй фарбай малявала партрэт Тэа - Юрыя Вашчука, вядомага беларускага спевака, якія прадстаўляў Беларусь на конкурсе песні “Еўрабачанне-2014”. “Хуткасны” партрэт у мяне атрымаўся за 4 хвіліны і некалькі секунд. Журы “прапусціла” мяне ў паўфінал.

Між іншым, на кастынгі па ўсёй краіне прыйшло больш за 700 чалавек, але толькі 120 самых яркіх нумароў убачаць гледачы тэлеканала “Беларусь 1”. Святлана стала рыхтавацца да чарговага выступлення. Яна трапіла ў шосты паўфінал з 12 (у кожным з іх 10 нумароў).

- Напрыканцы мінулага года мне патэлефанавалі і паведамілі, што тэлевізійныя здымкі чарговай праграмы, куды запрашаюся і я, адбудуцца 20 студзеня, - гаворыць Святлана Саўчук.- Я вельмі хвалявалася, бо з кожнага паўфіналу журы для выступлення ў фінале выбірае аднаго чалавека, яшчэ аднаго вызначаюць гледачы шляхам галасавання.

Святлана Сяргееўна для паўфі­налу ўсклад­ніла свой нумар. Яна вырашыла намаляваць пальцамі партрэт Святланы Бароўскай, тэлевядучай, адразу ажно на 4 палотнах. Яны на сцэне стаялі ў адзін рад, два з іх кружыліся, а два - былі нерухомымі. Пасля завяршэння работы з палотнаў, як з пазлаў, быў сабраны партрэт. Журы за гэты нумар “выбрала” Святлану Саўчук у фінал. На тэлеканале “Беларусь 1” гэтае выступленне можна будзе ўбачыць 7 сакавіка.

- Мне вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы да выступлення ў паўфінале аказалі бацькі (Алена Сцяпанаўна і Сяргей Сямёнавіч), а таксама браты - Вадзім і Аляксей. Таксама вялікі дзякуй і сябрам з Мінска і Віцебска.

Цяпер Святлана Сяргееўна рыхтуе нумар для фіналу. З 24 чалавек пераможцам стане адзін. Самы-самы таленавіты 25 красавіка, якога выберуць гледачы, атрымае аўтамабіль Geely EX7 і грашовы прыз.

- Я разумею, што нумар павінен быць відовішчным, арыгінальным, запамінальным, яркім, – кажа Святлана Саўчук. - “Каркас” яго ў галаве выспеў, некаторыя элементы прадуманы ўжо. Нумар, думаю, будзе яшчэ больш складаным, чым у паўфінале. Падрабязна гаварыць, раскрываць дэталі выступлення пакуль рана. Тое, што атрымаецца, гледачы змогуць убачыць вясной на тэлеканале “Беларусь 1”.

Пажадаем зямлячцы поспехаў.

Мікалай НАВУМЧЫК.