Выпускны тэлемарафон

03.06.2016 По сообщению zviazda.by

12 чэрвеня на маладзёжным канале "Беларусь 2" чарговы раз пройдзе тэлемарафон. У прамым эфіры гледачы змогуць паўдзельнічаць у займальных конкурсах і атрымаць арыгінальныя падарункі.

Калі адгрымяць школьныя выпускныя, то "Двойка" не толькі павіншуе былых адзінаццацікласнікаў, але і прапануе ўсім, хто калі-небудзь прымяраў святочную стужку выпускніка, і тым, у каго такая падзея наперадзе, прыняць удзел у інтэрактыве.

Настальгіраваць па апошнім школьным світанку гледачы будуць у кампаніі нязменнага вядучага Ільі Конанава. У прамым эфіры ўсе ахвотныя змогуць падзяліцца здымкамі са сваіх выпускных альбомаў, а яшчэ вызначыць лепшыя прычоскі і сукенкі гэтага года.

- Мы чакаем актыўнасці не толькі ад сёлетніх выпускнікоў, але і ад тых, хто развітаўся са школай шмат гадоў таму. А будучым выпускнікам прапануем пафантазіраваць, якімі яны ўяўляюць свае выпускныя строі і з якімі прамовамі будуць развітвацца са сваімі настаўнікамі і аднакласнікамі... Тэлемарафон пройдзе ўжо чацвёрты раз (у мінулыя гады ў сацыяльных сетках нам дасылалі ад 8 да 12 тысяч паведамленняў). Сёлета чакаем рэкордную лічбу ўдзельнікаў, - дзеліцца сваімі спадзяваннямі тэлевядучы "Беларусь 2" Ілья Конанаў.

Нагадаем, 12 чэрвеня тэлемарафон будзе праходзіць увесь дзень. Для ўдзелу ў ім тэлегледачам неабходна размясціць фотаздымкі з выпускнога на афіцыйных старонках тэлеканала ў сацыяльных сетках з хэштэгам #двойкаэтокруто. Аўтары самых крэатыўных фота атрымаюць падарункі ад "Беларусь 2". Сачыце за эфірам і актыўна дзяліцеся сваімі запамінальнымі момантамі са школьных выпускных.