Вынікі "Еўрабачання-2012": Швецыя ў эйфарыі, Беларусь у задуменнасці

29.05.2012
"Звязда", 29 мая 2012 г.

 
У мінулую суботу 57-ы міжнародны песенны конкурс, што адбываўся ў Баку, завяршыўся - пераканаўчай і загадзя прадказанай перамогай шведскай спявачкі з мараканска-берберскімі каранямі Ларын. Яе містычна-энергічная кампазіцыя "Эйфарыя", калі меркаваць па набраных 372 балах, сапраўды прывяла ў падобны стан як публіку, так і журы з чатырох дзясяткаў еўрапейскіх краін. "Буранаўскія бабулі" з Расіі, на расчараванне шматлікіх зласліўцаў, упэўнена ўзялі "сярэбраныя" 259 балаў, Жэлька Ёксімавіч з Сербіі - "бронзавыя" 214. На 4 і 5 месцах - Азербайджан і Албанія, а ў топ-10 увайшлі таксама Эстонія, Турцыя, Германія, Італія і Іспанія. Зрэшты, гэта ўсяго толькі конкурс...
Адначасова з фінальным галасаваннем сталі вядомыя і вынікі паўфіналаў, якія беларусаў не парадавалі: гурт Lіtеsоund заняў 16-е месца з 18 удзельнікаў свайго паўфіналу. З 35 набраных нашай краінай балаў максімум - 12 - паставіла толькі Украіна. 8 балаў дала Грузія, 7 - Літва, 4 - Мальта, 2 - Харватыя, па 1 - Македонія і Нідэрланды. Да слова, апошняя краіна набрала аднолькавую з Беларуссю колькасць балаў, але заняла вышэйшае месца, бо за яе прагаласавала больш удзельнікаў.
Для параўнання: Швецыі не дала ніводнага бала толькі Італія (і ўласна Швецыя, зразумела), а найвышэйшых балаў у Ларын ажно 18! І хоць абсалютны рэкорд "Еўрабачання" - 387 балаў Аляксандра Рыбака ў 2009 годзе - ёй паўтарыць не ўдалося, адрыў ад канкурэнтаў усё адно ўражвае.
Ніжэй за ўсіх у фінальнай табліцы апынуўся нарвежац Туджы з 7 баламі, але значна больш крыўдна меламанам за прадстаўніка Вялікабрытаніі Энгельберта Хампердынка, які стаў 25-м. Зрэшты, гэта ўсяго толькі конкурс, незалежна ад вынікаў якога Хампердынк музычнай легендай быць не перастаў.

"Нішто, акрамя хлопцаў, не зарабляла балаў для Беларусі"

Што да ацэнкі выступлення беларускіх удзельнікаў, тут назіраецца ўцешная тэндэнцыя: многія гледачы і прафесіяналы музычнага мастацтва ўпэўнены, што кідаць тапкамі ў Lіtеsоund абсалютна няма за што. "Як чалавек, у якога пасля мінулага "Еўрабачання" літаральна віскі пасівелі, хачу расставіць акцэнты на карысць хлапцоў, - падкрэслівае кампазітар Яўген Алейнік, аўтар песні Беларусі на леташнім конкурсе. - Ім дарэмна памянялі першапачатковую аранжыроўку на вельмі няўдалую, дый у пастаноўцы нумара нічога новага не прыдумалі - "фішка" з антыгравітацыяй ужо была ў многіх раней. Нішто, акрамя Lіtеsоund, на сцэне не зарабляла балаў для Беларусі - ні нумар, ні пастаноўка. Як вынік, выступленне беларусаў не было слабым - але не запомнілася гледачам. Да таго ж другі паўфінал быў на галаву вышэйшы за першы: гэта відаць па выніках фіналу. Чатыры "выхадцы" з нашага паўфіналу трапілі ў дзесяць лепшых, у тым ліку двое - у тройцы лідараў!".
Адзінае, з чым Яўген Алейнік не згодны, - гэта тое, што Беларусі не трэба больш удзельнічаць на "Еўрабачанні". Як і першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Карачэўскі, які мяркуе, што здавацца не трэба, неабходна проста вучыцца на памылках, назапашваць вопыт міжнародных конкурсаў і заваёўваць новыя фестывальныя пляцоўкі.

Не памыляецца той, хто нічога не робіць

Пакуль Швецыя сустракае сваю новую гераіню і вызначаецца з месцам правядзення "Еўрабачання-2013", прыгадаем, якім жа запомніцца нам "Еўрабачанне-2012". Пафасным і дарагім? Безумоўна: выдаткі толькі краіны-гаспадыні конкурсу склалі 50 мільёнаў манат (каля 63 мільёнаў долараў). Прадказальным? Так, натуральна: букмекеры абвясцілі фінальную тройку задоўга да канца шоу і не памыліліся з прагнозамі. З гэтай нагоды - нецікавым? Магчыма, хоць, кажуць, на ўсякі смак фламастары розныя: тэлеаўдыторыя сёлетняга конкурсу склала каля 100 мільёнаў чалавек у 50 краінах свету, сярод якіх, акрамя ўдзельнікаў, таксама Новая Зеландыя, Аўстралія, Канада і Казахстан.
З адметных момантаў конкурсу-2012 можна назваць таксама як ніколі вялікую колькасць афра-азіяцкіх эмігрантаў сярод удзельнікаў, што, можа, і дадало свежую музычную плынь звыкламу фармату еўрасонгу. Яшчэ адзначым актывізацыю "братэрскіх дуэтаў" - на іх зрабілі стаўку адразу тры краіны: Беларусь, Швейцарыя і Ірландыя. Зрэшты, нікому з названых гэта поспеху не прынесла (калі не лічыць поспехам 19 месца Ірландыі ў фінале - супраць леташняга 8-га). Звяртала на сябе ўвагу і тое, што ўдзельнікі ўсё больш ставілі на ўніверсальную мову - маецца на ўвазе не музычная, а англійская, якую цалкам ці часткова выкарысталі 30 з 42 удзельнікаў (нават Францыя, што рэдкасць для гэтай краіны).
Але галоўнае, бадай - тое, чым нам конкурс НЕ запомніцца. Упэўненым выхадам Беларусі ў фінал і бліскучым выступленнем там. Зноў.
Зрэшты, гэта не нагода шукаць вінаватых, а намёк на тое, што трэба было зрабіць даўно - прааналізаваць памылкі і штосьці, нарэшце, змяніць у "кансерваторыі". І справа датычыцца не толькі перабудовы прынцыпаў і тэрмінаў нацыянальнага адбору, а чагосьці глыбейшага. Вось напрыканцы задачка для кемлівых: насельніцтва Беларусі - 9,46 млн чалавек, Швецыі - каля 9,48 мільёна. У беларускім "ЕўраФэсце" ўдзельнічалі 170 заявак ад аўтараў і выканаўцаў, а ў шведскім "Mеlоdіеfеstіvаlеn" - 570. У чым сакрэт?

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.