Выбіраем найлепшых спартсменаў 2014-га

13.01.2015

"Звязда", 13 студзеня 2015 г.

Стартаваў конкурс "Трыумф. Героям спорту 2014", галасаванне заўзятараў працягнецца да канца месяца. У гэты час беларусы змогуць выбраць лепшых спартсменаў і трэнераў 2014 года ў намінацыях "Каманда года", "Спартсменка года", "Спартсмен года" і "Трэнер года".

Конкурс ладзіцца ў Беларусі ў пяты раз у гады правядзення зімовых і летніх Алімпійскіх гульняў. Такую падзею можна назваць па-сапраўднаму ўсенароднай: у 2010 годзе ў ёй прынялі ўдзел 1 мільён 300 тысяч чалавек, два гады таму арганізатары апрацавалі ўжо паўтара мільёна галасоў, а ў гэтым годзе чакаюць яшчэ большы поспех. Мінулы 2014-ы стаў асаблівым, у першую чаргу, з-за паспяховага выступлення беларускіх спартсменаў на Алімпійскіх гульнях у Сочы. Па-другое, Беларусь упершыню ў суверэннай гісторыі прымала чэмпіянат свету па хакеі.

На папярэднім этапе фарміраваннем кандыдатаў займалася журы конкурсу. У яго складзе - чатыры алімпійскія чэмпіёны: Дзмітрый Даўгалёнак, Эліна Зверава, Марына Лобач і Аляксандр Раманькоў - і спартыўныя рэдактары найбуйнейшых друкаваных выданняў краіны.

Пра падрабязнасці галасавання і прэстыж конкурсу распавёў генеральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Георгій Катулін.

- Лаўрэатаў у чатырох намінацыях - "Каманда года", "Спартсменка года", "Спартсмен года" і "Трэнер года" - вызначаць аматары спорту. Найлепшых у намінацыях "За волю да перамогі", "Прарыў года", "Вынік года" і "Самы яркі спартыўны момант года" высветліць кампетэнтнае журы. У гэтым годзе мы чакаем рэкорд сярод заўзятараў - каля 2 мільёнаў удзельнікаў. Калі аматары спорту прыходзяць непасрэдна на спаборніцтвы - іх тысячы, і ўсе яны хварэюць за спартсменаў. Гэта не мае індывідуальнасці, а тут кожны заўзятар можа выказаць сваё асабістае меркаванне. Думаю, што і любы спартсмен лічыць за гонар стаць лаўрэатам гэтага конкурсу. Усе памятаюць скульптуру, якую ўручаюць пераможцам: яе можна без перабольшання назваць "Оскарам". Упэўнены, для кагосьці са спартсменаў яна супастаўная са спартыўнай узнагародай, бо для любога атлета, акрамя медалёў непасрэдна на спартыўных спаборніцтвах, заўсёды было важна і стаўленне да яго ў роднай краіне. Яшчэ ў часы старажытных спаборніцтваў у Грэцыі ў родным горадзе атлета ставілі бюст героя, такім чынам ён атрымліваў прызнанне там, дзе нарадзіўся і вырас.

Памочнік старшыні Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Павел Ягораў адзначыў, што арганізатары не маглі не ўлічыць значнасць гаджэтаў і электронікі ў сучасным жыцці. Таму аргкамітэт упершыню вырашыў правесці галасаванне і ў інтэрнэце.

- У папярэднія гады мы збіралі галасы толькі па сродках анкетавання, у гэтым будзем сумяшчаць два спосабы.

Чытачы "Звязды" таксама могуць зрабіць свой выбар.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ.