Вядучым дзіцячага "Еўрабачання" стане Гарык Марцірасян

18.10.2011
"Звязда", 18 кастрычніка 2011 г.


Днямі стаў вядомы парадак выступлення канкурсантаў на дзіцячым конкурсе "Еўрабачання". Адкрые фінал прадстаўніца Расіі Каця Рабава, а завершыць песеннае спаборніцтва 11-гадовая Фемке з Бельгіі. Беларуска Лідзія Заблоцкая выступіць пад нумарам 10.
Нечакана высокім апынуўся сёлета сярэдні ўзрост выканаўцаў - 12 гадоў. Самым узроставым канкурсантам будзе Эрык Рап са Швецыі, якому 15 гадоў. Крытыкі конкурсу ўжо знайшлі падабенства яго конкурснай песні з песняй Эрыка Саадэ, які прадстаўляў Швецыю на дарослым конкурсе "Еўрабачання" ў Дзюсельдорфе. Такая ж завадная мелодыя песні і цікавая знешнасць робяць Эрыка Рапа адным з прэтэндэнтаў на перамогу.
Яго бліжэйшай канкурэнткай называюць 13-гадовую Рэйчэл Траетц з Нідэрландаў. Дзяўчынка напісала песню пра падлеткаў і іх праблемы, тлумачачы, што гэтая тэма - вельмі блізкая ёй і яе сябрам.
Нядрэнныя шанцы на перамогу і ў 12-гадовай украінкі Крыстал. Па сваёй задумцы песня дзяўчынкі вельмі нагадвае леташні хіт "Э-о" македонкі Ані Вецеравай, аднак з той розніцай, што аранжыроўка ўкраінкі куды больш удалая. Дарэчы, нельга не адзначыць, што конкурсныя песні Швецыі, Нідэрландаў і Украіны моцна вылучаюцца сярод астатніх краін найперш музычнай апрацоўкай. Вось толькі слаба верыцца, што музыку да песень напісалі самі дзеці.
А вось расіянка Каця Рабава настроена як ніколі рашуча. Штурмуючы конкурс у другі раз, дзяўчынка паспрабуе паўтарыць поспех свайго суайчынніка Дзімы Білана. Спявак, як і калісьці Каця, на "Еўрабачанні" пачынаў з другога месца, а праз два гады конкурс выйграў.      
Грузія зноў дэлегуе на конкурс песню, напісаную кампазітарам Георгам Кукніянідзэ - аўтарам хіта легендарных "Бзікебі" (пераможцаў "Еўрабачання-2008"). Сёлета краіну прадставіць гурт дзяўчынак Саndу.
Арменія паспрабуе заваяваць сэрцы гледачоў прыгажосцю. 12-гадовая Даліта, якая прадставіць краіну на конкурсе, вядомая ў сябе на радзіме як удзельніца конкурсаў прыгажосці. Даліта апране форму сцюардэсы, а ўдзельнікі яе каманды... форму армянскай міліцыі.
Беларускай канкурсантцы Лідзіі Заблоцкай прыхільнікі "Еўрабачання" прарочаць месца ў ТОП-5, адзначаючы пранікнёнасць і рамантызм яе песні. Ці спраўдзяцца прагнозы заўзятараў конкурсу, мы даведаемся ўжо 3 снежня, калі ў Ерэване пройдзе яго фінал.
Вядучымі музычнай падзеі стануць кіраўнік дэлегацыі Арменіі на "Еўрабачанні" Гоар Гаспаран і армяна-расійскі шоумен Гарык Марцірасян. Налета "Дзіцячае Еўрабачанне" пройдзе ў Нідэрландах.

Ілья ЛАПАТО.