Воляй лёсу і прадзюсараў

24.01.2014
"Звязда", 24 студзеня 2014 г.

 
Беларускі спявак Тэа (Юрый Вашчук) выступіць на сцэне "Еўрабачання-2014" 8 мая, у другой палове другога паўфіналу. Гэта стала вядома падчас папярэдняга лёсавання краін - удзельніц конкурсу, што адбылося днямі ў мэрыі Капенгагена.
Вызначылася і канчатковая колькасць удзельнікаў сёлетняга шоу - іх будзе 37. У першым паўфінале "Еўрабачання", 6 мая, выступяць прадстаўнікі 16 краін, у другім - 15. У адным "кошыку" з Беларуссю знаходзяцца Аўстрыя, Грузія, Грэцыя, Ізраіль, Ірландыя, Літва, Македонія, Мальта, Нарвегія, Польшча, Славенія, Румынія, Фінляндыя і Швейцарыя. Суседзі ж па постсавецкім блоку - Расія, Украіна, Латвія, Эстонія, Азербайджан, Арменія і Малдова, якія тэарэтычна маглі падтрымаць нашу краіну, воляй лёсавання трапілі ў першы паўфінал разам з Албаніяй, Бельгіяй, Венгрыяй, Ісландыяй, Нідэрландамі, Партугаліяй, Сан-Марына, Чарнагорыяй і Швецыяй. Парадкавыя нумары выступленняў прадзюсары шоу вызначаць крыху пазней. Такая сістэма размеркавання канкурсантаў, хоць і не ўсім удзельнікам прыйшлася даспадобы, дзейнічае на "Еўрабачанні" ўжо другі год - з мэтай зрабіць шоу больш эфектным і выключыць, напрыклад, выступленне некалькіх лірычных выканаўцаў запар.
10 мая ў фінале, куды трапяць па дзесяць лепшых выступоўцаў з кожнага паўфіналу, кампанію ім складуць яшчэ 6 канкурсантаў. Гэта прадстаўнікі "вялікай пяцёркі" краін - заснавальнікаў "Еўрабачання" (Вялікабрытаніі, Германіі, Іспаніі, Італіі і Францыі) і прадстаўнік Даніі як краіны - гаспадара конкурсу.
Як чакаецца, на хвалю 59-га міжнароднага песеннага конкурсу "Еўрабачанне-2014" настрояцца каля 170 мільёнаў чалавек з 40 краін свету, дзе плануецца трансляцыя шоу.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.