Вертыкальны ўздым

17.04.2014
"Рэспублiка", 17 апреля 2014 г.

 
Лепшых прафесіяналаў чакае юбілейная "Тэлевяршыня"
Імёны пераможцаў X Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу "Тэлевяршыня" стануць вядомы 17 красавіка. Цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў пройдзе ў Палацы Рэспублікі.
Як адзначыў у час сустрэчы з журналістамі начальнік Упраўлення электронных СМІ Міністэрства інфармацыі Уладзімір Ядранцаў, конкурс "Тэлевяршыня" не страчвае сваёй папулярнасці. У гэтым годзе на яго пададзена 238 заявак. З іх экспертамі былі адабраны 76 лепшых работ, сярод якіх і вызначацца сёння ўвечары пераможцы ў 25 намінацыях. Па словах Уладзіміра Ядранцава, сёлетнія праграмы-прэтэндэнты настолькі моцныя, што, магчыма, па якой-небудзь з пазіцый, а то і не адной першыя месцы прыйдзецца падзяліць паміж двума канкурсантамі.
- Радуе, што з кожным годам усё большую цікавасць да "Тэлевяршыні" праяўляюць рэгіянальныя тэлерадыёкампаніі. Сёння яны ўжо па многіх пазіцыях не саступаюць асобным праграмам цэнтральных каналаў. І трэба прызнаць, у гледачоў сваіх рэгіёнаў карыстаюцца большай папулярнасцю, - сказаў Уладзімір Ядранцаў.
З меркаваннем аб тым, што сярод работ рэгіянальных тэлекампаній ёсць вартыя перамогі, згодны і член журы, загадчык кафедры тэлебачання і радыёвяшчання Інстытута журналістыкі Белдзярж-універсітэта Вячаслаў Булацкі. У прыватнасці, з'явай у тэлевізійным свеце, заўважанай і адзначанай прафесіяналамі галіны, назваў ён дакументальны фільм "Недзіцячы дзённік. Верасень 1943-га", зняты тэлерадыёкампаніяй "Магілёў".
Гэтую ж карціну самым лепшым, самым даходлівым і самым кранальным аповедам пра вайну назвала член журы, сцэнарыст, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Галіна Злабенка. У цэлым, на яе думку, дзясятая "Тэлевяршыня" аказалася самай высокай, якасны скачок адчуваецца і бачны ва ўсім, прачытваецца ў кожнай рабоце.
Зрэшты, усіх намінантаў арганізатары конкурсу не называюць да апошняга. Інтрыгу захоўваюць і вакол самой урачыстай цырымоніі ўзнагароджання, падрыхтоўкай якой займаўся тэлеканал АНТ. Па словах сцэнарыста цырымоніі, музычнага рэдактара "Радыё АНТ" Івана Падрэза, галоўная ідэя - перакінуць масток паміж мінулым і будучыняй. Не пакінуць без увагі традыцыі, колішніх і сённяшніх герояў айчыннага тэлебачання і пафантазіраваць, уявіць, якім будзе яно праз 10 ці нават праз 100 гадоў. У шоу будуць прысутнічаць элементы калянавуковай фантастыкі, візуальныя эфекты і іншыя сучасныя тэхналогіі. Арганізатары абяцаюць дзейства незабыўнае - з разбурэннем стэрэатыпаў, разрывам шаблонаў, нечаканымі хадамі і аб'яднаннем сцэны з глядзельнай залай.
- Галоўнае, да чаго мы імкнёмся, - каб у час цырымоніі ўсе адчувалі сябе ў сваёй талерцы, каб панавалі нязмушаная абстаноўка, сяброўская, цёплая атмасфера, калегіяльнасць і еднасць. Бо ўсе мы робім адну агульную справу, - гаворыць Іван Падрэз.
На ролю вядучых цырымоніі запрошаны многія вядомыя тэлеперсоны. Упершыню ў гэтым годзе кампанію ім складуць калегі з рэгіянальных тэлестудый. Удзел у шоу прымуць зоркі беларускай эстрады і спорту, а таксама кіраўнікі тэлегаліны, якія, па словах арганізатараў, паўстануць у незвычайных для сябе ролях.
Тэлеверсію падзеі ўвечары 19 красавіка пакажа канал АНТ. 

Ірына СВІРКО, "Р".