Вандруем з песнямі

03.10.2014
"Звязда", 3 кастычніка 2014 г.


або Як лабчанкі захоўваюць народную мудрасць 
Ісціна, якой нікога не здзівіш, - гэта тое, што песня дапамагае чалавеку спакон веку жыць. А вось праграма "Наперад у мінулае" тэлеканала "Беларусь 3" умее здзіўляць і радаваць сваіх прыхільнікаў сустрэчамі з народнай песняй. Бо, як вядома, менавіта яна суправаджае нас ад нараджэння да смерці, падтрымлівае ў хвіліны перамог і расчараванняў, расказвае гісторыі пра мінулае, паказваючы нас цяперашніх. Аднак нельга абмінаць увагай той факт, што непаўторнасць гучання слоў і музыкі па-рознаму адлюстроўваюцца ў залежнасці ад выканаўцы. Таму што песню нельга не прапускаць праз душу. Мы працягваем дзяліцца з вамі ўбачаным у вандроўках па беларускай глыбінцы разам са здымачнай групай. Сёння будзем знаёміцца з творчасцю фальклорнага гурта "Лабчанка" з Лунінецкага раёна - занатуем для сябе старонку новых уражанняў пра нашу песенную культуру.
- Вёска Лобча быццам заўсёды была ў цені іншых населеных пунктаў. Але цяпер яна вельмі славутая і за межамі нашага краю. Таму што жыве тут чалавек, які праслаўляе яе, піша байкі пра гэтую вёску, занатоўвае яе гісторыю, - дзеліцца са здымачнай групай краязнаўца Наталля Канапацкая.
Размова ідзе пра Настассю Якавец - жанчыну можна лічыць прызнанай фальклорнай славутасцю. Менавіта яна з моманту ўтварэння фальклорнага гурта "Лабчанка" і да сёння з'яўляецца яго ўдзельніцай і лідарам.
Перш чым пачнём знаёміцца з Настассяй Іванаўнай і мясцовым фальклорным калектывам, узгадаем пра назву самой вёскі Лобча. Лічыцца, быццам яна паходзіць ад слова "лоб", таму што быў тут некалі пан, які менавіта гэтым месцам і вылучаўся. Вёска была адметная сваёй царквой (прыгадваецца з ХІХ стагоддзя), пабудаванай у гонар святой пакутніцы Варвары. І што цікава, хоць з 60-х гадоў ХХ стагоддзя яна разбурана, але гэтае свята - Варвары - дагэтуль адзначаецца жыхарамі. 17 снежня тут паўсюдна выхадны дзень, і ў вёсцы жыхары ладзяць святочны прыём. ...Разам з царквой прыгадвалася некалькі паклонных крыжоў, якія таксама былі знішчаны. Але дзякуючы ініцыятыве мясцовай настаўніцы Алены Мелех, якая ўзялася за іх адраджэнне з жыхарамі вёскі, часткова яны сёння адноўлены. І крыжы можна таксама пабачыць як святыні і абярэгі паселішча. А людзі працавітыя, таленавітыя і настойлівыя ў сваіх імкненнях.
Сам калектыў "Лабчанка" распачаў існаванне ў 1984 годзе, і сёлета ўжо адзначае сваё 30-годдзе. У ім 9 чалавек. З першай сваёй рэпетыцыі ён аб'яднаў сапраўдных аматараў музыкі, якія імкнуліся захаваць творы мясцовага фальклору. Падчас запісу праграмы "Наперад у мінулае" пашчасціла не толькі пачуць спеў, байкі і казкі Настассі Іванаўны, але і распытаць яе пра мясцовыя традыцыі. Дарэчы, дзякуючы калектыву тут адноўлены такія народныя абрады, як "Запоіны", "Зажынкі", "З ралцэм" і многія іншыя. Прашу расказаць мне пра абрад "З ралцэм".
Як адзначаюць мясцовыя жанчыны, сёння можна заўважыць і сярод моладзі жаданне вышываць і ствараць нешта самім. Відаць, самаробнае зноў у трэндзе.
- Калі дзіця нараджаецца, то завуць бабку-павітуху, яна купае першы раз дзіця. А вось на Вялікдзень жанчына, якая нарадзіла, ідзе да гэтай бабкі з падарункам. Тая яе чакае, і суседку пакліча, і стол нарыхтуе, - тлумачыць сутнасць абраду Настасся Іванаўна.
Як выяўляецца, самы любімы абрад тут спраўляюць на Троіцу - гэта "Ваджэнне куста". Жанчыны, дзяўчаты і дзеткі збіраюцца, плятуць вянок, а потым ходзяць па хатах і людзей велічаюць, добрага ўраджаю ім зычуць. Гэтае дзейства адбываецца і цяпер. І, што важна, удзельнічаюць у ім толькі жанчыны, мужчын нельга браць. Таксама не абыходзіцца без песні і вяселле. Кожны крок, кожнае дзеянне мае сваё музычнае суправаджэнне. А як дажынкі, то "плялі снапа": рабілі вянок з калосся, абвязаўшы яго чырвонай стужкай, і ў хаце ставілі за абразы.
Уменне ўсё рабіць сваімі рукамі распаўсюджвалася на розныя справы. І шылі, і ткалі, і вышывалі. Як адзначаюць мясцовыя жанчыны, сёння можна заўважыць і сярод моладзі жаданне вышываць і ствараць нешта самім. Відаць, самаробнае зноў у трэндзе. А калі глядзіш на строі калектыву, то чарговы раз пераконваешся - такое спалучэнне колераў, узораў не можа не радаваць вока...
Народны фальклорны калектыў "Лабчанка" вядомы як удзельнік свят і народных абрадаў, усе выступленні яго надзвычай яркія і відовішчныя. Званне "народны" ён атрымаў у 1991 годзе, але незалежна ад рэгалій яго ўдзельнікі вось ужо тры дзясяткі гадоў радуюць сваімі спевамі (песні выконваюцца ў асноўным у трохгалосым варыянце з падгалоскам) беларускую і замежную публіку. Так, напрыклад, у 2008 годзе калектыў прымаў удзел у міжнародным фестывалі фальклору "Песні балот" у г. Любліне, а ў 2009-м удзельнічаў у фестывалі "Алень па бору ходзіць" (праходзіў у Бяла-Падляскім ваяводстве), дзе правёў некалькі канцэртаў з песнямі і гумарэскамі, а таксама прадэманстраваў некаторыя абрады.
Тут вы пачуеце гаворку, блізкую да ўкраінскай мовы, што і ў саміх песнях ярка прасочваецца:

"А у нашому сэлі добрі хлопці москалі,
Гэй, гэй, гой да люлі,
добрі хлопці москалі,
Добрі хлопці москалі вэдуть коней
до воды,
Вэдуть конэй до воды
за шовкові поводі.
Сталы думать да гадать,
дэ б нам конэй напойвать..."

З прадстаўленых песень у кожнай вечная тэма - каханне, але адлюстравана яно ў розных сітуацыях. Закрануўшы чарговы раз тэму ўзаемаадносін паміж дзяўчатамі і хлопцамі, просім успомніць нешта і пра маладосць.
- Як я була дзеўкаю, то хлопцы хадзілі з гарэлкаю, а як стала маладзіцаю, ніхто не ідзе нават з вадзіцаю, - трымае зноў адказ у жартаўлівым тоне Настасся Якавец. - Як той казаў, выйсці замуж не напасць, галоўнае, замужам не прапасці. Трэба замуж ісці не за ўсякага. І любоў не каляска, трэба ведаць ласку. Каб прываражыць, трэба рыбаю яго карміць. 

Што ні песня ў выкананні калектыву - абавязкова знойдуцца радкі, дзе схавана народная жыццёвая мудрасць: 
"... Серце мое ти пізнаеш,
Якщо вірно покохаеш".

А бывае і каханне вернае, але бацькі лепшай долі дзецям шукаюць:
"Чэрэз сад вышнёвый
Стэжэнька вузэнька,
Ходіла дівчына
Дівчына Марусенька...

Вже сонце заходіть
За чорную хмару,
А маты знаходіть
Своій доці пару.

А маты знаходіть богатого сына,
А до мэнэ ходіть
Бідный сіротіна.
Він до мэнэ ходіть,
Хочэ мэнэ браты,
То не розлучай, моя родна маты".

Здавалася б, і час ужо не той, і жыццё дыктуе іншыя звычаі, аднак недзе, няхай на ўзроўні проста памяці, адгукаецца цеплынёю ўспамін пра ўласныя родныя мясціны, пра бяседы ў сямейным коле, і кожнаму хочацца лепшай долі. Але ці будзе гэта ўсё, калі не захаваем мінулае ў сабе і для сябе?

Алена ДРАПКО.