Валерыя Садоўская: "Знайсці сваю нішу цяжка, але магчыма"

04.02.2016 "Звязда"

Валерыя Садоўская, вядомая нам па такіх праектах, як "Акадэмія талентаў", "Голас краіны", а таксама як фіналістка сёлетняга нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне-2016", не адразу прыйшла да разумення, што перамога чакае цябе не толькі тады, калі ты выйграеш. Як спявачцы сёння жывецца на дзве краіны, што, акрамя творчасці, звязвае яе з украінскай сталіцай і чаму яна вырашыла адправіцца ў вольнае плаванне - пра гэта Валерыя расказала "Чырвонцы. Чырвонай змене".

- Падзяліцеся сваімі ўражаннямі ад адбору на "Еўрабачанне-2016"? Якія падводныя камяні чакаюць там артыстаў?

- Я ўдзельнічала ў нацыянальным адборы на гэты конкурс ужо другі раз і магу сказаць, што час падрыхтоўкі да выступлення - самы плённы і цікавы перыяд у маім жыцці. Бо ідзе такая праца, ажыццяўляюцца такія ідэі, якія, мабыць, ніколі не ўзніклі б у звычайны час. Тыя ж інтэрв'ю, эфіры на радыё і тэлебачанні - яны загартоўваюць выканаўцаў. Таму, нават не выйграўшы адбор, ты набываеш каласальны вопыт, які ў будучыні табе неаднойчы дапаможа.

А што тычыцца падводных камянёў, то тут ёсць некалькі момантаў.

Перш за ўсё, калі артыст вырашае ўдзельнічаць у адборы, то павінен быць гатовы да жорсткай і не заўсёды абгрунтаванай крытыкі. Трэба мець вытрымку і моцныя нервы, каб абстрагавацца ад водгукаў, каментарыяў і проста рабіць сваю справу.

Важна быць упэўненым у песні, якую прадстаўляеш на адборы; у камандзе, з якой супрацоўнічаеш, і ў выніку.

- У вас былі свае фаварыты сярод фіналістаў?

- Шчыра кажучы, гэты год быў асаблівым. Усе фіналісты - артысты, якія толькі пачынаюць. Песні і вобразы ва ўсіх былі розныя. Асабіста мне ў роўнай ступені спадабаліся амаль усе песні, якія мы пачулі ў фінале.

- Летась вы штурмавалі ўкраінскае шоу талентаў "Голас краіны". Як гэты конкурс паўплываў на вас?

- Дагэтуль згадваю свой удзел у праекце з усмешкай. Я прыйшла туды вельмі заціснутая. Спяваць на "сляпых" праслухоўваннях было настолькі страшна, што, думала, страчу прытомнасць. І там мне дапамаглі многімі парадамі... Яшчэ ў мяне моцна змяніўся музычны густ, я навучылася рабіць незвычайныя кавер-версіі вядомых песень. З намі займаліся цудоўныя выкладчыкі па вакале, з якімі мы працавалі над кожнай песняй, і я стала спяваць абсалютна па-іншаму. Калі паглядзець мае раннія выступленні, то голас можна нават не пазнаць.

- Адразу спрацаваліся з Аляксандрам Панамаровым?

- Першапачаткова мне было вельмі страшна. Цяпер думаю, што занадта моцна сябе накручвала, бо мне, як і любому ўдзельніку "Голасу", хацелася зрабіць усё як мага лепш! Некаторыя людзі мне казалі: "Ой, толькі адзін трэнер павярнуўся - значыць, спяваеш ты не вельмі..."

А я ўдзячная лёсу, што мяне выбраў толькі адзін педагог. Кожны з іх быў унікальны, але менавіта ў камандзе Аляксандра Панамарова мне ўдалося адкрыць новыя бакі ва ўласнай творчасці.

Раней я ўвесь час была сканцэнтравана на джазавых песнях, выконвала іх дастаткова манерна. А аказалася, што часам трэба прасцей падыходзіць да выканання. Аднак не было побач чалавека, які б сказаў: "Лера, тут паспрабуй спяваць іначай". Аляксандр вельмі дапамог з падрыхтоўкай маёй песні да фіналу адбору на "Еўрабачанне". Калі я прыйшла да яго са сваёй першапачатковай версіяй, разумела, што ёй нечага не хапае. І сумесна з Аляксандрам і аранжыроўшчыкам Дзмітрыем Матвейчуком мы зрабілі іншую версію "Not alone", удыхнулі ў яе новае жыццё.

- Цяпер вы жывяце паміж Кіевам і Мінскам?

- Выступленні ёсць і тут, і там, але ў асноўным цяпер жыву і працую ў Кіеве. Калі з'яўляюцца нейкія здымкі ў Мінску, то заўсёды стараюся на іх трапіць, таксама працягваю вучобу тут, ва ўніверсітэце. Я не згодна з тымі, хто мне кажа: "Ты з'ехала спяваць ва Украіну, таму тут цябе хутка забудуць".

Большая верагоднасць, што ты станеш папулярным выканаўцам у Беларусі, калі твае песні будуць раціравацца на замежных радыёстанцыях, а кліпы можна будзе ўбачыць на замежных тэлеканалах, а не наадварот. На жаль, сёння так складваецца, што "зробленае ў Беларусі" мы не ўспрымаем, хоць у нас ёсць шмат годных выканаўцаў.

Яны проста не знаходзяць сваю аўдыторыю і таму едуць рабіць кар'еру ў іншыя краіны. А як толькі артыст заваёўвае гледача недзе за мяжой, то абавязкова потым нехта згадае, што "ён жа наш, беларускі".

- Што, акрамя музыкі, звязвае вас з украінскай сталіцай?

- У Кіеве жыве мая старэйшая сястра Хрысціна. Яна, дарэчы, ужо даволі вядомая дызайнерка інтэр'ераў ва Украіне, а некалькі гадоў таму спявала разам з Ільёй Міцько ў іх сумесным праекце "Love&Doors" (у іх была тады вельмі папулярная песня ў Беларусі "Get down my baby"). Я пачала спяваць пад уплывам сястры. Раней, калі іграла на фартапіяна, нават не думала пра тое, каб стаць спявачкай. Але глядзела на яе і таксама захацела паспрабаваць. У нас з Хрысцінай вялікая розніца ва ўзросце, і, калі яна жыла ў Мінску, нам было складана кантактаваць, бо адсутнічалі агульныя інтарэсы. А цяпер мы жывём разам у Кіеве і пазбаўляемся ад прабелаў у нашых адносінах.

- Спыненне супрацоўніцтва з Леанідам Шырыным вы лічыце правільным рашэннем?

- Я ніколі не сумняваюся ў сваіх рашэннях. І ў гэтым выпадку таксама думаю, што ўсё да лепшага. Проста на нейкім этапе пасля "Акадэміі талентаў" я адчула, што не атрымліваю задавальнення ад таго, чым займаюся. Не тыя песні спяваю, выступаю не ў тым вобразе. Усё ж такі прайшло два гады пасля праекта, змяніліся мае музычныя густы, і ў выніку нашы з Леанідам погляды на працу пачалі разыходзіцца. Цяпер я ўжо дакладней бачу сябе як выканаўцу, разумею, якіх мэт жадаю дасягнуць.

- Ці чакаць прыхільнікам выхаду альбома, які вы планавалі выдаць у тандэме з прадзюсарам?

- Пасля "Акадэміі талентаў" мы запісалі тры песні, якія, магчыма, увайшлі б у мой дэбютны альбом. Аднак з цягам часу я зразумела, што ў гэтых кампазіцыях не раскрываюся, не магу расказаць слухачу сваю гісторыю. Таму выхад пласцінкі адкладаецца. Я пішу новыя песні і спадзяюся, што ў бліжэйшы час парадую прыхільнікаў сольным альбомам, дзе буду не толькі выканаўцай, але і аўтаркай песень.

- Якія, на ваш погляд, інвестыцыі сёння патрэбны артысту, каб быць на слыху?

- Цяпер такі час, калі ўсё можна знайсці і спампаваць у інтэрнэце. Адзінкі сёння пойдуць у краму, каб набыць ваш альбом. Большасць маладых артыстаў сталі вядомымі і папулярнымі за кошт раскруткі ў сацыяльных сетках. Я не прадзюсар і не скажу дакладна, што колькі каштуе, але мне здаецца, што выдаткі сённяшніх артыстаў меншыя за тыя, якія патрабаваліся спевакам раней.

Але, напрыклад, стаць папулярным у тым жа інтэрнэце не так проста, як здаецца на першы погляд. Нават калі выканаўца запіша хіт і выкладзе яго на сваёй старонцы, то верагоднасць, што заўтра кампазіцыя будзе гучаць паўсюль - 1 працэнт з 10 000. Бо трэба мець граматнага PR-менеджара, зняць кліп і г.д.

Зразумела, усё гэта патрабуе фінансавых выдаткаў, бо ніхто не захоча працаваць проста за ідэю. І ў вобразе самога артыста павінна быць штосьці ўнікальнае, бо копія нікога не зацікавіць. Цяжка знайсці сваю нішу, але магчыма. І калі гэта ўдаецца, то потым усё пачынае складвацца.

Алена ДРАПКО.