Вікторыя Сянкевіч: "Сядаеш у лодку і плывеш з камандай"

10.10.2014
"Звязда", 10 кастрычніка 2014 г.

 
Вядучая тэлеканала "Беларусь 1" лічыць, што сапраўдны журналіст можа працаваць у любым месцы планеты.
Яна аднойчы выбрала прафесію эканаміста, а потым адмовілася ад яе, каб працаваць на тэлебачанні. Прайшло больш за дзесяць гадоў, і яна не толькі заваявала давер і любоў гледачоў як вядучая і стваральніца аўтарскіх праектаў, але і паспрабавала сябе ў ролі адміністратара. Давайце даведаемся ў вядомай вядучай "Панарамы" і намесніка дырэктара Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі Вікторыі Сянкевіч, ці можна любоў гледача вымераць лічбамі, што самае важнае для вядучага і дзе лепш спасцігаць прафесійнае майстэрства.

- Вікторыя, сёлетняя перамога на "Тэлевяршыні" ў намінацыі "Лепшы вядучы штодзённай інфармацыйнай праграмы" дасталася вам. Як удаецца быць лепшай?
- У медыяпрасторы Беларусі шмат годных журналістаў і вядучых. Я заўсёды вучуся ў сваіх жа калег, за што ім вельмі ўдзячная. У нас сёння працуе сур'ёзная каманда, таму, думаю, калі ёсць магчымасць працаваць з такімі людзьмі, вынік заўважаюць і некага з нас выдзяляюць.

- Памятаеце, як адрэагавалі, пачуўшы са сцэны сваё імя?
- Я ведала, хто са мной у адной намінацыі, і там кожная з дзяўчат была вартая перамогі. Мы з калегамі з розных тэлеканалаў нават смяяліся: маўляў, у гэтым годзе такія людзі прадстаўлены, што і прайграць не сорамна нікому. Безумоўна, была радасць, калі агучылі імёны пераможцаў, мяне падтрымлівалі калегі ў зале. І было прыемна, гледзячы свайму кіраўніцтву ў вочы, са сцэны сказаць "дзякуй" за магчымасць аказацца там.

- Давайце пагаворым пра тэлевізійную кухню. Як праграме кшталту "Панарамы" сёння быць запатрабаванай і прызнанай?
- "Панарама", на маю думку, з'яўляецца класікай інфармацыйнага жанру на беларускім тэлебачанні. Але мы кожны год імкнёмся ўносіць у праграму новыя штрыхі. Напрыклад, у нас з'явіліся і, хочацца спадзявацца, палюбіліся гледачам рубрыка "У курсе", дзе асвятляюцца навіны эканомікі, праект "Неитоги", дзе збіраем самае цікавае, што засталося за кадрам падчас здымак за тыдзень. І галоўнае - сур'ёзныя навіны эканомікі, культуры, палітыкі з жыцця нашай краіны і замежжа. Веру, у нас ёсць свая аўдыторыя, якая застанецца на "першай" кнопцы з той прычыны, што тут ёй прапаноўваюць дакладную інфармацыю. На тэлеканале "Беларусь 1" ёсць месца і для эксперыменту. З камандай Агенцтва тэлевізійных навін (АТН) мы гэта ілюструем на пляцоўцы праграмы "Галоўны эфір", дзе кожны раз адбываецца шмат усяго цікавага. І, як паказвае доля гэтай праграмы і доля телеканала наогул, мы крочым у правільным напрамку.

- Скажыце, любоў гледача вымяраецца рэйтынгам?
- Лічбамі мы вымяраем не толькі любоў аўдыторыі, але і сваю ўласную працу. Усе мы працуем на долю канкрэтнай праграмы, прадукту Агенцтва тэленавін і тэлеканала "Беларусь 1". Часам гледачы і лісты нам дасылаюць. Расказваюць, дзе мы малайцы, альбо падказваюць, у чым трэба выправіцца. Я памятаю, неяк атрымала ліст ад гледача з Амерыкі, які глядзіць нас па "Беларусь 24" і ў інтэрнэце. І ў нас склаўся вельмі цёплы дыялог...

- Вы ў свой час вучыліся і стажыраваліся ў Германіі. З пазіцыі таго вопыту як выглядае іх і наш падыход у працы над стварэннем інфармацыйнага прадукту?
- У немцаў крыху адрозніваецца падача інфармацыі. Там ідуць ад карцінкі і чыста тэхнічна ў Германіі па-іншаму працуюць: у іх больш працяглыя планы і адрозніваецца відэарад, работа над мантажом матэрыялу. А калі казаць пра выстройванне схемы працы агенцтва навін (я працавала на ZDF - адным з найбуйнейшых тэлеканалаў у Германіі), то тут у нас падобныя метады: ранішнія лятучкі, абмеркаванне ўчарашняга выпуску навін, планаванне вячэрняга эфіру, пастаноўка пэўных творчых задач. У іх можна павучыцца дакладнасці ў пастаноўцы і выкананні задач, у той час як наш моцны бок - гэта творчы складнік і ўніверсальнасць нашых спецыялістаў. У нас кожны журналіст - гэта самастойная "баявая" адзінка, якая можа рабіць усё, пачынаючы з пошуку тэмы і яе распрацоўкі і заканчваючы мантажом і выдачай прадукту ў эфір. Нашы кадры можна закінуць у любое месца планеты, і пастаўленыя задачы будуць выкананы. А ў Германіі кожны адказвае за сваю частку працы.

- Вы прыйшлі на тэлебачанне праз кастынг. Ці адрозніваецца сёння шлях на экран для прэтэндэнтаў?
- Так, гэта было даўно, у 2003 годзе. Я прыйшла сюды, бо мая навуковая кіраўніца параіла паспрабаваць сябе. Прайшоўшы ўсе этапы кастынгу - ад размовы да проб перад камерай, я атрымала прапанову павучыцца тут. А потым мяне запрасілі працаваць...
Цяпер я часам уваходжу ў склад каманды, якая глядзіць і адбірае новых людзей на кастынгах. Тут выбіраюць нас і выбіраем мы. Схема такая: журы, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі розных дырэкцый і рэдакцый (яны прафесіяналы), займаецца пошукам і аглядам тых, хто можа прэтэндаваць на шанц трапіць на тэлебачанне. Перш за ўсё мы глядзім на знешнасць, пішам кастынгі на камеру, каб зразумець, як чалавек трымаецца ў такіх умовах, ці "любіць" яго камера. І, галоўнае, ставім пытанні. Класічнае - хто такія Ягораў і Кантарыя.

- Калі глядзяць на знешнасць, то ці лагічна дапускаць, што вядучы - гэта проста карцінка?
- Карцінка мае важнае значэнне не толькі ў вобразе вядучага, але і на тэлебачанні наогул. Гэта датычыцца ўсяго, што трапляе ў камеру - людзі, дзеянні, дэталі. Я не кажу, што чалавек павінен быць прыгожым. Тут размова ідзе пра тое, наколькі ён тэлегенічны, харызматычны. Безумоўна, яму не абавязкова быць Брэдам Пітам, каб трапіць у кадр. Але чалавек павінен добра выглядаць, гаварыць, гучаць і, прабачце за банальнасць, быць разумным. Здаецца, быццам тут усё само сабой зразумела, аднак не ўсё проста, бо змест надзвычай важны. І таму нават пры выдатным знешнім выглядзе, але адсутнасці належнай эрудыцыі, я вымушана буду чалавека расчараваць... Той, хто жадае працаваць на інфармацыйнай прасторы, павінен шмат усяго ведаць. Я сама працягваю вучыцца штодня.

- Прафесійнае майстэрства вы спасцігалі ў "палявых" умовах, адразу на справе...
- Калі прыходзіш у каманду АТН, то тут ад кожнага спецыяліста (аператара, з якім едзеш на здымкі, ад шэф-рэдактара, ад свайго кіраўніцтва) атрымліваеш карысныя і патрэбныя парады, на іх і вучышся. Працэс навучання няспынны. Хоць на першых парах ты прыходзіш і глядзіш на ўсё вялікімі вачыма: здаецца, быццам тут размаўляюць на нейкай "птушынай" мове, якую табе не зразумець. Тады галоўнае - унікаць у сутнасць усяго, што не зразумела. Я спачатку шмат усяго запісвала...

- Пачыналі таксама з працы карэспандэнта?
- Калі так пачынаюць, то гэта правільны шлях, а ў мяне быў іншы. Я прыйшла, калі шукалі новыя твары. І мяне выбралі з 700 прэтэндэнтаў, а пасля ўсіх проб і навучання, як кацяня, кінулі ў працу. Трэба сказаць, што тэлебачанне - гэта тая сфера, дзе ўсё вельмі індывідуальна: калі не ты сам, то ніхто цябе не ўратуе. Праз тры месяцы я ўжо вяла вячэрнюю праграму. Такое рашэнне кіраўніцтва для мяне было нечаканым, хоць і прыемным. Хвалявалася. На маю думку, сёння я ўжо ведаю працэс. Правільна - прыйсці і вучыцца тут усяму з пачатку: робіш сюжэты, вучышся з'яўляцца ў кадры, разбіраешся, што і да чаго, а потым садзішся ў лодку і плывеш з камандай. А ў маім выпадку першы час каманда крыху налягала на вёслы за мяне, падказвала, выцягвала. Потым ужо і на здымкі пачала ездзіць, рабіла свае дакументальныя фільмы...

- Давялося нечым ахвяраваць дзеля працы ў кадры?
- Мне ўсе гавораць, што я працаголік і ахвярую сваім часам. На што магу адказаць, тут я знайшла сваю нішу, дзе магу аддаваць свой час. Калі гаварыць пра знешнасць, то таксама не змянілася нічога радыкальна. Наогул вельмі спакойна стаўлюся да свайго знешняга выгляду. Ты з'яўляешся на экране - значыць, павінен выглядаць добра і да месца. Гэта твая частка працы - яна настолькі ж важная, як і тое, што ты гаворыш у кадры.

- Два гады таму вы сталі намеснікам дырэктара Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі. Як вам у ролі кіраўніка?
- Па-рознаму. Я перагледзела свой графік і знайшла, здаецца, баланс паміж працай, спортам і асабістым жыццём. Пачынала працу знізу, таму ведаю, як і што робіцца. Часам хочацца кожнага свайго супрацоўніка адстойваць перад вышэйшым кіраўніцтвам, таму, магчыма, мне было б не лішне навучыцца быць менш запальчывай у гэтым сэнсе, але наўрад ці ў мяне атрымаецца. Тут працуюць людзі, з якімі не засумуеш. У тых, хто прыходзіць на тэлебачанне, могуць быць розныя матыватары, а для мяне галоўнае, каб не было сумна. Спадзяюся, што як кіраўнік я дастаткова строгая, але творчым людзям неабходна даваць прастору для манеўру.

- Вы паспяховая, моцная і жыццярадасная. А бываюць моманты, калі адчуваеце сябе слабай жанчынай?
- Жанчыне такія моманты проста неабходныя. Гэта ж у нашай прыродзе, мабыць - быць недзе не самастойнымі, умець праяўляць цярпенне. І ў мяне такія хвіліны бываюць вечарамі. Калі хочацца, каб табе заварылі чаю і ўкруцілі ў цёплы плед. Пашчасціла мне і на рабоце, бо побач працуюць сапраўдныя мужчыны, таму можна часам пабыць дзяўчынкай. Прыйсці і сказаць: дапамажыце мне. І гэта зробяць: цябе ўратуюць, і ўсё будзе ў парадку.

Алена ДРАПКО.