"Увага! Гаворыць Мiнск!"

14.11.2015

"Сельская газета"

Дзевяноста гадоў таму - 15 лістапада 1925 года ў 18 гадзін 30 хвілін - у эфіры ўпершыню прагучала: "Увага! Гаворыць Мінск!" Гэтыя словы паклалі пачатак эпохі радыёвяшчання ў Беларусі. Першая радыёстанцыя трансліравала перадачы ў радыусе 300 кіламетраў, і гучалі яны ўсяго 30 хвілін у суткі. Зараз радыё - гэта пяць дзяржаўных каналаў: Першы нацыянальны канал Беларускага радыё, радыё "Беларусь", канал "Культура", радыё "Сталіца", радыёстанцыя "Радыус FM". За дзевяць дзесяцігоддзяў кардынальна змянілася тэхнічнае абсталяванне, тэматыка радыёвыпускаў, але падыходы засталіся тыя ж - праўдзіва і аператыўна даносіць інфармацыю.

Напярэдадні юбілею Беларускага радыё мы зазірнулі на Чырвоную, 4 у беларускай сталіцы, каб пачуць паданні, якія захоўвае гістарычны будынак, колькі гадоў спатрэбіцца, каб праслухаць усю калекцыю з фондавай фанатэкі і чаму дзверы адной з апаратных упецярых не падняць.

Экскурсія па Доме радыё разам з намеснікам дырэктара дырэкцыі камп’ютарных тэхналогій Генадзем Голікавым пачалася са знакамітай студыйнай апаратнай, якая захавалася на Чырвонай, 4, як бы мовіць, у першапачатковым стане. З’явілася яна ў шасцідзясятых гадах, а абсталяванне завезлі ў канцы сямідзясятых. Не зачыненая на ключ, не апячатаная - тут дагэтуль часам запісваюцца праграмы. За пультам - рэдактар міжнароднага радыё "Беларусь" Вікторыя Бандарэнка: “У гэтай студыі зусім іншая акустыка. Усё зроблена з дуба, куды нават цвік убіць немагчыма, а дзверы ўпецярых ледзьве можна падняць - такія цяжкія. Сучасныя студыі абсталяваны інакш”.

Усё аснашчэнне дзеючае, за выключэннем пульта - ён застаўся для антуражу. "А што гэта за скрыня?" - цікаўлюся ў экскурсавода. "Раней не было навушнікаў, і гукарэжысёр толькі з дапамогай такіх дынамікаў, падобных на скрынкі, вёў перамовы з дыктарам", - тлумачыць Генадзь Леанідавіч.

Аб рарытэтнай апаратнай ходзіць легенда. Некалькі гадоў таму тут здымалі шматсерыйны фільм пра Валянціну Талкунову. Інтэр’ер студыі змяняць не сталі - толькі лямпы новыя паставілі, бо для кіно патрэбна было яркае святло. Антураж памяшкання так і не мяняюць, бо тут перыядычна здымаюць кіно.

Менавіта ў гэтай апаратнай доўгія гады запісвалася праграма "Сельская раніца" Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, ля вытокаў якой стаяў журналіст "Сельской газеты" Уладзімір Субат. Радыёжурналістыцы ён прысвяціў амаль дваццаць гадоў: "Трапіў на радыё яшчэ студэнтам, у 1972 годзе, і яно навучыла мяне працаваць са словам, і гэты вопыт вельмі спатрэбіўся ў газеце. Кіраваў сельскай рэдакцыяй высокапрафесійны журналіст Іван Агееў, які вучыў: калі пішаш тэкст для радыёперадачы, убяры лішнія словы, каб фраза была кароткай і даступна несла сэнс. Памятаю і першы нарыс: прынёс свой допіс рэдактару Алене Аўрынскай. Уважліва прачытала яго і без слоў дастала са скрынкі стала свой нарыс “Мар’іна дарога” пра знакамітую ў тыя часы беларускую трактарыстку Марыю Белую. Пасля прачытання яго я скамячыў свой тэкст і выкінуў. Шмат часу прайшло, пакуль адважыўся зноў падысці са сваім матэрыялам да Алены Сцяпанаўны".

Уладзімір Паўлавіч успамінае, што раней і тэхнічная праца была больш складанай. Зараз мантаж, напрыклад, камп’ютарызаваны. Тады плёнку трэба было манціраваць уручную: "У нас былі нажніцы, з дапамогай якіх выразалі лішнія словы. Каб зманціраваць пяці- хвілінны рэпартаж, затрачвалі некалькі гадзін. Затым у студыі пад кіраўніцтвам гукарэжысёра запісвалі на стужку радыёпраграму. Бывалі выпадкі, што ў час эфіру стужка на месцы склейвання разрывалася і аператар вымушаны быў стаяць каля апарата і да канца радыёперадачы плёнку пускаць на падлогу. Слухачы гэтага не заўважалі, а колькі нерваў псавала такая сітуацыя".

У студыю, якая не ведала рамонту, Уладзімір Паўлавіч заўсёды вяртаецца з настальгіяй. Астатнія ж зараз выглядаюць вельмі сучасна. Што ж, праверым.

Накіроўваемся ў сучасную апаратную, якая паўстала ў новым абліччы пасля рэканструкцыі мінулай вясною. Тут найноўшае абсталяванне - мікрафоны, навушнікі, гукарэжысёрскі пульт. Адрозніваюцца і маштабы залы: калі ў найстарэйшай студыі размяшчалася толькі некалькі субяседнікаў, у сучаснай на эфір прыходзяць цэлыя ансамблі.

"Гук з гэтай і іншых апаратных трапляе ў адмысловы пакой - цэнтральную апаратную. Гэта так званае сэрца нашага радыё, - працягвае экскурс па Доме радыё Генадзь Голікаў. - Сюды таксама паступае гук з усіх пунктаў горада - няхай гэта будзе стадыён "Дынама", Палац Рэспублікі або іншыя знакавыя пункты. Тут ён збіраецца, правяраецца, кантралюецца і даецца на тую апаратную, якая запраграмавана, а затым зноў вяртаецца ў цэнтральную апаратную і ідзе на перадатчыкі. Такі кругазварот інфармацыі".

"А калі раптам святло знікне, як тады захоўваецца інфармацыя?" - не дае мне спакою пытанне. "На гэты выпадак ёсць так званая чорная скрыня, якая рэзервуе гукі. Калі знікне электрычнасць, то з тым аб’ёмам інфармацыі, які ёсць цяпер, яшчэ амаль паўтары гадзіны ўтрымаецца напружанне", - тлумачыць Генадзь Голікаў.

Сапраўдны гонар Дома радыё - вялікая студыя. Тут праходзяць канцэрты, запіс калектываў, замежных выканаўцаў. У ёй могуць адначасова размясціцца больш за 70 чалавек. Часам яна ператвараецца ў тэлевізійную залу: тут усталёўваюць камеры, дэкарацыі, запальваюцца спецыяльныя свечкі - так ствараецца антураж канцэртнай залы.

Куты ў вялікай студыі закругленыя, сцены і столь няроўныя... "Гэта такая акустычная апрацоўка памяшкання. Каб не разносілася рэха і гук клаўся мякка, памяшканне быццам скрыўленае", - дадае Генадзь Леанідавіч.

А ў сутарэннях Дома радыё ёсць падземныя хады. Менавіта тут размяшчаецца фондавая фанатэка, у якой захоўваецца каля 124 тысяч фанаграм (або 15 тысяч гадзін гучання). Гэта значыць, амаль два гады спатрэбіцца, каб іх праслухаць.

Загадчыца гэтага радыйнага скарбу Людміла Папова вядзе мяне ўздоўж бясконцых стэлажоў, на якіх роўна ўсталяваны скрынкі з фанаграмамі. Паўсюль вісяць гігрометры, якія кантралююць вільготнасць і тэмпературны рэжым. "Старыя плёнкі вельмі патрабуюць захоўвання ў спецыяльных умовах. Для арыгіналаў трымаем тэмпературу да плюс 15 градусаў і невысокую вільготнасць", - тлумачыць Людміла Сцяпанаўна.

Уласны архіў Беларускага радыё пачаў стварацца ў 50-я гады. Журналісты збіралі запісы па ўсёй краіне. Такімі матэрыяламі папаўняўся фонд. Частка радыёматэрыялаў захавалася яшчэ з даваенных гадоў. "Некаторыя копіі фанаграм у савецкія гады дасылалі з Масквы. Але наш гонар - радыёматэрыялы ўласнай вытворчасці", - дадае Людміла Папова. Гэта старыя рамансы ў выкананні Александроўскай, Балоціна, Шаляпіна, Казлоўскага, Барсавай, Лемешава, запісаныя яшчэ ў 30-я гады. Маем стужку з запісам выступу Максіма Горкага на Першым Усесаюзным з’ездзе пісьменнікаў у 1934 годзе. Можна паслухаць, як Левітан аб’яўляў пра зняцце блакады Ленінграда, пра вызваленне Мінска. Захавала фанатэка галасы беларускіх паэтаў і пісьменнікаў — Янкі Купалы, Якуба Коласа, Міхася Лынькова, Петруся Броўкі, Янкі Брыля, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Генадзя Бураўкіна, Рыгора Барадуліна, Івана Мележа, Максіма Танка, Сяргея Грахоўскага, Яўгеніі Янішчыц.

З архіва пераходзім у студыю рэстаўрацыі фанаграм. Тут фондавыя матэрыялы пераносяцца на сучасныя носьбіты.

- Мы ставім старыя стужкі на спецыяльны магнітафон і запіс пераносім у камп’ютар, - тлумачыць інжынер-праграміст Наталля Тышкавец. - Праграма ўспрымае гэты гук і падчышчае шумы, трэскі, пстрычкі, прыбірае пашкоджаныя кавалкі, аднаўляе згубленыя гукі. А потым адрэстаўрыраваная запіс перакладаецца на сучасны дыск. Арыгіналы пішуцца на залатыя дыскі, каб запіс захоўваўся даўжэй. Да яго робіцца дубль. Усяго ў нашым архіве каля чатырох тысяч залатых дыскаў.

Нярэдка бывае, што плёнка пасля праслухоўвання на магнітафоне рассыпаецца літаральна на вачах. Адслойваецца магнітны пласт - напыленне. Бо адна справа - мірна "драмаць" на паліцы архіва, і зусім іншае - круціцца на магнітафоне.

Як жа выкарыстоўваюцца сёння архіўныя запісы? Аказваецца, яны нярэдка гучаць у эфіры сучаснага радыё. Больш за ўсё запісаў з фондавай фанатэкі можна пачуць на канале "Культура". Да юбілею Беларускага радыё з выкарыстаннем старых запісаў ствараецца праграма "Гаворыць Мінск. 90 гадоў Беларускаму радыё". Журналісты радыё "Беларусь", якія карыстаюцца архіўнымі запісамі галасоў паэтаў, празаікаў, былых радыёжурналістаў, прызнаюцца, што пераведзеныя на лічбавыя носьбіты радыёзапісы не так перадаюць голас, як тыя, што захоўваюцца на плёнцы.

Нягледзячы на тое што некалькі дзесяцігоддзяў таму на радыё не было такой магутнай тэхнікі і апаратуры, гэта не адбівалася на якасці праграм. Былы супрацоўнік Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё - заснавальнік праграмы "Радыёфакт", а цяпер аглядальнік "Сельской газеты" Аляксандр Шаўко ўзгадвае:

- Пачынаў вяшчанне праграмы, якой у гэтым годзе споўнілася 24 гады, пры даволі беднай матэрыяльнай базе. Не хапала нават гуказапісвальнай тэхнікі. Студыйная апаратура айчыннай вытворчасці была грувасткай і нязручнай. Але ў нас было жаданне зрабіць арыгінальную радыёпраграму. А прамыя эфіры абавязвалі падыходзіць да падрыхтоўкі эфіру даволі адказна. Памятаю, як хваляваўся перад першым выпускам. У палове шостай гадзіны раніцы на прыпынку чакаў трамвая. Сеў амаль у пусты вагон, а ў скронях стукае: што я павінен перш-наперш сказаць радыёслухачам? Потым узгадаў тое, што ўчора запісаў на паперцы: "Усім добрай раніцы ..."

- Напэўна, хапала і кур’ёзных выпадкаў?

- У нас дапускаліся дзве-тры нязначныя памылкі на гадзіну прамога эфіру. Аднак былі сапраўды кур’ёзныя моманты: неяк малады вядучы своечасова не націснуў патрэбную кнопку і пачаў шукаць яе, пры гэтым услых на ўсю краіну пытаючыся: "А дзе кнопка?"

Працу на радыё Аляксандр Мікалаевіч успамінае з настальгіяй. Яна дарыла незабыўныя сустрэчы і знаёмствы, той адрэналін, калі да апошняга моманту не ведаеш, як найлепей данесці слухачам свежую інфармацыю.

Да юбілею Першы нацыянальны канал Беларускага радыё падрыхтаваў шмат святочных праграм. "З новага сезона мы запусцілі тэматычную рубрыку "Ствараем радыёлетапіс краіны", якую вядзе Валянціна Стэльмах. Рубрыка выходзіць кожную раніцу, і слухачы могуць успомніць, з чаго пачыналася наша гісторыя, - тлумачыць галоўны дырэктар Антон Васюкевіч. - Таксама ў нас выходзіць праграма "Радыёла", прысвечаная падзеям савецкай эпохі, з акцэнтам на музыцы тых часоў. А ў праграме "Сямейнае радыё" расказваем пра сямейныя дынастыі журналістаў.

- Антон Барысавіч, што б вы пажадалі Беларускаму радыё?

- Каб мы заўсёды былі патрэбнымі і карыснымі слухачам, каб Беларускае радыё, нягледзячы на такі салідны ўзрост, заставалася сучасным, мабільным і адказвала выклікам часу.

Татьяна БИЗЮК.