Усе мы родам з дзяцінства, а яно... з "Калыханкі"!

29.01.2011
"Настаўніцкая газета", 29 января 2011 г.


Першыя маленькія гледачы "Калыханкі" ўжо самі гадуюць дзяцей, а іх любімая праграма па-ранейшаму выходзіць у эфір. Больш за тое, у студзені бягучага года "Калыханка" адзначыла свой 30-гадовы юбілей. Пра тое, як праграма для самых маленькіх стала самой дарослай на беларускім тэлебачанні, ці ўбачым мы яшчэ калі-небудзь Дзеда Барадзеда, чым замаюцца пад сталом акцёры-лялечнікі падчас здымок і ці падпараўковаецца "Калыханка" законам сучаснага тэлебачання, паведамілі стваральнікі праграмы. 

Нараджэнне традыцыі
 
Упершыню "Калыханка" выйшла ў эфір у студзені 1981 года. Дакладную дату ніхто ўжо не памятае. Самі тэлевізіёншчыкі прытрымліваюцца версіі, што гэта было 1 студзеня. Але смяюцца: як акцёры ўмудрыліся выйсці ў прамы эфір адразу пасля навагодняй ночы? Прыдумалі і ўвасобілі ў жыццё ідэю вячэрняй тэлеперадачы для самых маленькіх Ніна Шоба, Леанід Качанка і Алена Фурсава. Доўга ламалі галаву, як назваць праграму. Трэба было прыдумаць штосьці беларускае, каб адрознівалася ад праграм для дзяцей на іншых тэлеканалах. Назву "Калыханка" прапанавала кіраўнік дзіцячай рэдакцыі Ніна Вячаславаўна Шоба. Яна паведаміла, што назва будучай праграмы прыйшла да яе ў сне. Яе параўналі з іншымі назвамі, якіх было каля двух дзясяткаў, і прыйшлі да высновы: лепш не прыдумаеш!
"Спачатку "Калыханку" метадам спроб і памылак стварала ўся дзіцячая рэдакцыя, - расказвае калыханачны старажыл спецыяльны карэспандэнт аддзела падрыхтоўкі тэлепраграм для дзяцей і юнацтва галоўнай дырэкцыі тэлевытворчасці Алена Фурсава. - Гэта потым быў створаны асобны аддзел і творчая група, якая рабіла толькі "Калыханку". Мне было 24 гады, калі я прыйшла на тэлебачанне, і памятаю, што мы вельмі актыўна працавалі і вельмі многа чаго цікавага прыдумлялі. Першыя праграмы былі болыш статычнымі, пазней былі выязныя выпускі. Ездзілі і ў Ташкент, і ў Маскву". Дарэчы, Алена Сяргееўна менавіта той чалавек, які разам з "Калыханкай" прайшоў шлях ад дэбютанта ў тэлебачанні да прафесіянала, яна была адданай адной гэтай праграме на працягу доўгіх гадоў.
- Калыханка, насамрэч, самая ўзроставая праграма беларускага тэлебачання. Старэйшай праграмы вы не знойдзеце, - гаворыць галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі тэлеканала "ЛАД" Сяргей Кухто. - Мяняецца час, з'яўляюцца новыя праграмы, але "Калыханка" працягвае выходзіць у эфір. Мы лічым, што традыцыі павінны існаваць. А "Калыханка" - цудоўны прыклад тэлевізійнай традыцыі і перадачы майстэрства ад аднаго пакалення яе стваральнікаў другому. У тэлеканала "ЛАД" увогуле дастаткова вялікі аб'ём дзіцячага вяшчання, і ад гэтага кірунку дзейнасці мы не адмовімся ніколі.
У мінулым годзе на працягу адносна доўгага часу мы вялі работу па закупцы вельмі папулярнага сёння мультфільма "Маша і мядзведзь", усе серыі якога з 17 студзеня можна цяпер убачыць і ў "Калыханцы". Мы спадзяёмся, што гэты мультфільм і наша праграма аб'яднаюць перад экранам тэлевізара дзяцей і дарослых, моладзь і людзей старэйшага пакалення. Для нас гэта было б лепшым падарункам.


"Хто я? Дзед Барадзед..."
 
Першымі героямі "Калыханкі" былі лялечны хлопчык Бульбінка і яго Дзядуля (Барыс Берцінг, у той час галоўны рэжысёр галоўнай рэдакцыі музычных праграм), якія расказвалі дзецям казкі ў прамым эфіры. За 30 гадоў існавання ў "Калыханкі" былі розныя лялечныя персанажы і вядучыя. Многіх з іх памятаюць і любяцьі сёння.
Гэта цёця Таня (Таццяна Мацюшэнка) і цёця Зіна (Зінаіда Бандарэнка), Буслік, сабака Цімоша, Лесавічок, Васілінка і Васілёк, кот Марцін, зайчык Вастравушык, воўк Вова, парася Сеня. Але, канечне ж, самым любімым лялечным персанажам "Калыханкі" быў Дзед Барадзед. Яго песенька ("Хто я? Дзед Барадзед. Абышоў белы свет, а цяпер у ціхі час завітаў да вас!") стала сапраўдным хітом, прычым не толькі сярод дзіцячай аўдыторыі. Яе нават перапела адна з беларускіх рок-груп.
- Персанаж Дзеда Барадзеда быў унікальны. Яго ажыўлялі чатыры чалавекі: тры акцёры вадзілі, а чацвёрты агучваў. Усе яны былі ў чорным, ды і самога Дзеда здымалі на цёмным фоне - гэта давала магчымасць пры мантажы пераносіць яго ў любое месца. Наш Дзед Барадзед атрымаўся вельмі каларытным персанажам, ды і песню яму падабралі цудоўную, - расказвае Алена Фурсава. - Але кожная лялька мае свой знос. 3 цягам часу ў Барадзеда пачалі абсыпацца вусы і барада.
Цікава, што Дзед Барадзед застаецца самым любімым героем "Калыханкі" і праз многа гадоў пасля яго апошняга выхаду ў эфір. Нядаўна стваральнікі праграмы вырашылі правесці апытанне сярод звычайных прахожых на вуліцы: каго з герояў "Калыханкі" яны памятаюць і любяць больш за ўсё? Адказы аказаліся цалкам прадказалынымі.
У 2003 годзе "Калыханка" пераехала з Першага канала на "ЛАД". I ёй было жыццёва неабходна другое дыханне. Творчая група праграмы вырашыла вярнуць у перадачу жаночы вобраз. У 2006 годзе да вясёлай кампаніі Маляваныча (Аляксандр Ждановіч), медзведзяняці Топы (Уладзімір Варанкоў) і ліскі Яны (Іна Ганчар) далучылася Фея Сноў. Да выбару вядучай для гэтай ролі аўтары праграмы падышлі адказна: на кастынг былі запрошаны лепшыя маладыя актрысы краіны. А выбіраць "сваю Феечку" даручылі маленькім тэлегледачам, і яны аднагалосна прагаласавалі за маладую актрысу Алену Бікранёву. У лістападзе 2008 года кампанію "Калыханкі" папоўніў яшчэ адзін жыхар - казачны персанаж Сплюшык (Эмілія Пранскутэ). У адрозненне ад сваіх калег, гэта ўвогуле нерэальная істота: па легендзе, Сплюшыка выпадкова начаравалі Топа і Яна. Зараз з дапамогай астатніх герояў "Калыханкі" ён пазнае свет. "Вучыць, гуляючы" - менавіта гэтым прынцыпам кіруюцца стваральнікі "Калыханкі". Галоўнае, каб было цікава.
- Каманда "Калыханкі", на наш погляд, зараз складзена ідэальна, - заўважае кіраўнік тэлеканала "ЛАД" Сяргей Кухто. - Уводзіць новых персанажаў мы не плануем. Але, хто ведае, магчыма, Дзед Барадзед з'явіцца ў якой-небудзь іншай дзіцячай праграме?! Хаця стварыць дакладную копію, другую такую ж ляльку, як вядома, немагчыма.
 
Жыццё аднаго мядзведзя
 
Акцёр Уладзімір Варанкоў прыйшоў у праграму практычна ў самым пачатку. Ён працуе ў "Калыханцы" ўжо 25 гадоў, і некалькі апошніх пакаленняў лялек медзведзянят рабілі спецыяльна для яго.
- У "Калыханку" я трапіў з лялечнага тэатра. Сёння, праз 25 гадоў, тут і працую. У мяне ўжо сын вырас, унучка падрастае, а вобраз Топы ўсё яшчэ актуальны. Мы з ім настолькі зліліся, што нават знешне ўжо падобныя, - з усмешкай расказвае Уладзімір Варанкоў. - Унучка ў садзіку ўсім расказвае, што яе дзядуля - мішка Топа з "Калыханкі". А калі яна не хоча засынаць, то я пачынаю размаўляць з ёй голасам Топы ці спяваю песню з "Калыханкі". А яшчэ часта лаўлю сябе на думцы, што лялькай навучыўся рабіць неймаверныя рэчы. Напрыклад, устаўляць у лапку Топы ручку і пісаць што-небудзь каліграфічным почыркам.
На пытанне "Як гэта, 25 гадоў працаваць літаральна пад сталом?" Уладзімір зноў-такі ўсміхнуўшыся адказаў:
- Пад сталом вельмі весела. Падчас здымак адбываецца шмат забаўных гісторый. Напрыклад, любім разам з іншымі акцёрамі завязваць шнуркі Маляванычу - гэта своеасаблівая наша помста яму за тое, што ён працуе ў кадры, а мы пад сталом. Ці Фею Сноў можам прыляпіць да крэсла двухбаковым скотчам.
Часам пра тое, што лялькі "Калыханкі" - гэта ўсяго толькі лялькі, забываюць нават сцэнарысты. "Бывае, такога панапісваюць! "Топа спусціўся з дрэва, вісіць галавой уніз, у лапах трымае канькі..." Я ўсё разумею, але потым пытаюся ў іх: прабачце, а мяне куды ў такім разе схаваць? - смяецца акцёр. - Але неяк выкручваемся. 

Па законах прайм-тайм
 
Самае дзіўнае ва ўсёй нашай гісторыі пра "Калыханку" тое, што ўсе 30 гадоў яна жыве і падпарадкоўваецца ўсім суровым законам тэлебачання. Ніякіх патуранняў як старой добрай традыцыі беларускага ТБ ёй ніхто не робіць. Больш за тое, як паведаміла кіраўніцтва канала "ЛАД", па рэйтынгу "Калыханка" ўпэўнена ўваходзіць у дзясятку лепшых праграм.
Многіх бацькоў, верагодна, цікавіць наступнае: чаму нельга зрабіць так, каб "Калыханка" выходзіла штодзень у адзін і той жа час, і не толькі па буднях, але і ў выхадныя. Сяргей Аляксандравіч Кухто патлумачыў:
- Справа ў тым, што на нашым канале вельмі часта вядуцца прамыя трансляцыі спартыўных матчаў. Прадбачыць загадзя, калі яны пачнуцца і скончацца, вельмі складана. Таму мы прыкладаем максімум намаганняў, каб па буднях "Калыханка" выходзіла прыкладна ў адзін і той жа час. Што тычыцца выхадных, то ў гэты час канал яшчэ больш, чым у будні, залежыць ад спартыўных трансляцый, адмовіцца ад якіх было б для нас вялікай раскошай. Хачу засяродзіць увагу на тым, што на цэнтральных расійскіх каналах увогуле няма дзіцячых праграм. Для іх стварылі асобны дзіцячы канал. Але мы прынцыпова адмаўляемся ад гэтай ідэі. Нам здаецца, што намнога лепш, калі дзеці разам з бацькамі глядзяць, напрыклад, хакейны матч і цікавяцца, хто з кім гуляе, а ў перапынку паміж перыядамі разам глядзяць "Калыханку", і ўжо бацькі цікавяцца ў дзяцей нейкімі момантамі. Мы - за тое, каб існавалі каналы, якія можна глядзець усёй сям'ёй - і серыял, і дзіцячую праграму, і спартыўную трансляцыю.
Што тычыцца рэйтынгу "Калыханкі", то тут немалаважную ролю адыгрывае, напэўна, той факт, што выходзіць яна у так званы прайм-тайм - час, за які б'юцца рэкламадаўцы. Але думаецца, што калі б яна выходзіла і ў іншы час, то ўсё роўна збірала б перад экранамі тэлевізараў сваіх верных тэлегледачоў.
- Калыханка - гэта наша багацце, тое, чым мы вельмі даражым. Мы ў крайнім выпадку хутчэй адмовімся ад трансляцыі англійскага чэмпіянату па фугболе, але "Калыханка" будзе ісці, - гаворыць Сяргей Аляксандравіч Кухто. - Не ўсё ў гэтым жыцці вымяраецца грашыма, рэйтынгамі і паспяховасцю. На тэлебачанні павінна быць штосьці добрае, чыстае, светлае, тое, што аб'ядноўвала б і звязвала б у адно некалькі пакаленняў. Пакаленняў, якія выраслі разам з "Калыханкай". 

Марына ПЫРКОВА.