Ургант і Цэкала загавораць па-беларуску, а Павел Латушка прыйдзе на "Кухню"

31.12.2010
"Звязда", 31 декабря 2010 г.


Чым яшчэ здзівіць гледача навагодні эфір?
31 снежня Першы канал прадставіць доўгачаканы выпуск навагодняй перадачы "Вялікая розніца" - беларускага аналага расійскага парадыйнага шоу. Гледачы пабачаць пародыі на зорак беларускага шоу-бізнэсу - Анатоля Ярмоленку, Алесю, гурт "Сябры", Аляксандра Ціхановіча і Ядзвігу Паплаўскую, Георгія і Дзмітрыя Калдуноў, Анжэліку Агурбаш, гурт "Тяни-Толкай", карэспандэнта АТН Міхася Равуцкага, Святлану Бароўскую і іншых.
Як сцвярджаюць рэжысёры, падрыхтоўка вялася сем месяцаў - за гэты час былі створаныя дакладныя копіі дэкарацый і сцэнічных касцюмаў герояў, а самі вобразы прапрацоўваліся да дробязяў. Самае цікавае, што вядучыя праграмы - Іван Ургант і Аляксандр Цэкала - загавораць па-беларуску.
У гэты ж дзень у вечаровым эфіры Першага канала Белтэлерадыёкампанія прэзентуе ўласны кінапраект - аўтарскі дэтэктыў па матывах твораў Вольгі Тарасевіч "Пацалунак Сакрата".
Серыял аб'яднае шэсць двухсерыйных мастацкіх фільмаў: "Смяротны водар", "Каралі Неферціці", "Праклён Эдварда Мунка", "Чысты след", "Шагалаў анёл, які плача", "Таямніца залатых апосталаў".
- Гэты праект унікальны як для Белтэлерадыёкампаніі, так і ўвогуле для беларускага кіно, - гаворыць галоўны рэдактар серыяла Ігар Касцючэнка. - Гэта першая ў Беларусі спроба ажыццявіць экранізацыю нацыянальнай дэтэктыўнай серыі.
Серыял здымалі ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета, Нясвіжскім замку, Нацыянальнай бібліятэцы, Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту ў в. Азярцо пад Мінскам. Першым фільмам з серыі "Пацалунак Сакрата" стане фільм "Смяротны водар".
Тэлеканал АНТ 1 студзеня таксама пакажа "Вялікую розніцу", толькі ў адрозненне ад Першага канала - ужо расійскую версію перадачы. Гледачоў чакае навагодні выпуск, дзе гасцям будуць уручаць "Залатыя тармашкі".
Прэм'ера АНТ "Навагодняя кухня" парадуе гледачоў у навагоднюю ноч. Трыа вядучых дапоўніць Люся Лушчык. Упершыню гледачам будзе паказана не толькі кухня, але і іншыя пляцоўкі праграмы: вітальня і музычны пакой. Сярод гасцей у навагоднім эфіры чакаецца шмат знакамітасцяў: Алесь Мухін, гурт "3 плюс 2", Вадзім Дзевятоўскі, Аляксандр Саладуха і нават міністр культуры Беларусі Павел Латушка.
На тэлеканале "ЛАД" у навагоднюю ноч будзе паказана ажно восем (!) серый серыяла "Інтэрны". У эфір запусцяць таксама канцэрты танцавальнага калектыву "Харошкі" і грузінскага ансамбля песні і танца "Эрысіёні". Пасля навагодняга выпуску праграмы "Жывы гук" гледачы змогуць паглядзець падборку лепшых сусветных кліпаў 2010 года.
Чакаецца таксама і незвычайнае афармленне навагодняга эфіру. Падымаць настрой паміж святочнымі праграмамі будуць вясёлыя ролікі пра Дзеда Мароза і Снягурку.
У першыя дні новага года беларускія каналы парадуюць гледача святочнымі камедыямі, серыяламі і фіналам праекта "Лёд і полымя".

Ілья ЛАПАТО.