Унук аўтара беларускага гімна выступіць у фінале "Еўрабачання"

12.05.2010
"Звязда", 12 мая 2010 г.


Беларускі дэбютант на конкурсе "Еўрабачанне" для класічных музыкантаў Eurovіsіon Young Musіcіans, віяланчэліст Іван Карызна, прайшоў у фінал творчага спаборніцтва.
Гэты міжнародны конкурс маладых музыкантаў, арганізаваны Еўрапейскім вяшчальным саюзам пад брэндам "Еўрабачанне", праходзіць раз на два гады, і сёлета адбываецца ўжо ў 15-ы раз. Яго ўдзельнікаў прыняла Вена, дзе ўжо 8 мая адбыўся першы паўфінал. Беларускі выканаўца выступаў у другім паўфінале, 9 мая, вынесшы на суд журы тры рознахарактарныя творы - канцэртную п'есу "Біс" сучаснага французскага кампазітара Жэрома Дзюкро, "Накцюрн" Пятра Чайкоўскага і архаічную музыку для віяланчэлі сола "Два пано Анры Маціса" беларускай аўтаркі Галіны Гарэлавай.
Дарэчы, адметнасць музычнага "Еўрабачання" ў тым, што гледачы на конкурсе застаюцца проста публікай, якая атрымлівае задавальненне ад зборнага канцэрта і права голасу не мае - рашэнне прымаюць толькі прафесіяналы. Судзейская калегія на чале з аўстрыйскім скрыпачом Вернерам Хінкам па выніках паўфінальных выступленняў маладых музыкантаў з 15 краін свету дала пуцёўку ў фінал усяго 7 - прадстаўнікам Беларусі, Германіі, Нарвегіі, Польшчы, Расіі, Славеніі і Харватыі. Між іншым, у шчаслівую сямёрку трапілі толькі дзве дзяўчыны - славенка Ева-Ніна Козмус (флейта) і прадстаўніца Нарвегіі скрыпачка Гура Клевен-Хаген.
Фінальны канцэрт Eurovіsіon Young Musіcіans-2010 адбудзецца ў аўстрыйскай сталіцы 14 мая пад адкрытым небам на Ратхаўсплац - плошчы перад ратушай, перад аўдыторыяй прыблізна ў 45 тысяч чалавек, і стане, паводле задумы арганізатараў, цырымоніяй адкрыцця знакамітага Венскага фестывалю мастацтваў. Акампаніраваць удзельнікам будзе сімфанічны аркестр Венскага радыё. Паводле ўмоў конкурсу, падрыхтаваная кожным фіналістам праграма павінна гучаць каля 7 хвілін; Іван Карызна абраў для выканання трэцюю частку канцэрта Ёзефа Гайдна C-dur для віяланчэлі з аркестрам. Тут ацэньваць выканальніцкае майстэрства музыкантаў будзе зноў жа міжнароднае журы, якое ўзначаліць венгерскі кампазітар Петэр Этвёш. Але і беларускія гледачы змогуць атрымаць поўны малюнак дзеі, вызначыцца са сваімі сімпатыямі і перавагамі - падчас прамой трансляцыі конкурсу з Вены ў эфіры Першага канала.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.