"Універ-шэф" гатовы да бітвы на "Двойцы"

19.02.2016

"Звязда"

З 21 лютага ў эфіры тэлеканала "Беларусь 2" стартуе новы праект - Першы міжнародны студэнцкі кулінарны батл "Універ-шэф".

У кулінарных спаборніцтвах прымуць удзел прадстаўнікі чатырох вышэйшых навучальных устаноў краіны - БДУ, БНТУ, БДУІР і БДУКМ. У складзе інтэрнацыянальных каманд - студэнты з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Кітая, Казахстана, Ірана, Туркменістана, гатовыя абараняць гонар сваіх універсітэтаў. Каб стаць лепшымі, усім ім давядзецца выконваць "на дзясятку" складаныя і каверзныя заданні, праяўляць кемлівасць, крэатыў і фантазію, і рабіць гэта хутка, бо час строга абмежаваны.

Ацэньваць кулінарныя тварэнні ўдзельнікаў будзе прафесіянал, шэф-кухар, аўтар самага вялікага беларускага драніка, чызкейка і 20-кілаграмовага рола - Аляксандр Жылінскі. Стваральнікі шоу паставілі сабе за мэту вызначыць самую дружную і кулінарна падкаваную каманду, а таксама ўсім разам устанавіць новы кулінарны рэкорд у гісторыі Беларусі.

Варта адзначыць, што два першыя выпускі кулінарнага спаборніцтва пройдуць у фармаце візітовак, дзе мы зможам даведацца пра кожную каманду і ВНУ, якую яна прадстаўляе. Паўнавартасныя паядынкі пачнуцца з трэцяй праграмы. І менавіта тады будзе дадзены старт галасаванню гледачоў у інтэрнэце. Вядучымі новага праекта "Універ-шэф" будуць Ян Маерс і Яўген Ермалковіч. Першы выпуск шоу глядзіце на "Беларусь 2" 21 лютага ў 11.50.

Алена ДРАПКО.