У зборнай "БеларусьLІFE" папаўненне

07.02.2014
"Звязда", 7 лютага 2014 г.

 
Юрый Вашчук, ён жа спявак Тэа, перакваліфікаваўся з "хлопца-піражка" ў вяшчальніка каляспартыўных падзей. Прадстаўнік Беларусі на Міжнародным песенным конкурсе "Еўрабачанне-2014" з 9 лютага і да моманту адлёту ў Данію далучыцца да каманды вядучых арыгінальнага праекта Агенцтва тэленавін "БеларусьLІFE", які распавядае пра падрыхтоўку Беларусі да чэмпіянату свету па хакеі-2014.
"Гэты праект выходзіць не толькі на канале "Беларусь 1", але і на міжнародным спадарожнікавым канале "Беларусь 24", таму ўдзел Юрыя ў ім - дадатковы спосаб прыцягнуць увагу замежнікаў да нашага выканаўцы, каб ужо да конкурсу яго больш ведалі", - патлумачыла такі выбар кіраўнік прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі Святлана Смалонская-Краскоўская. Дарэчы, спявак, кампазітар і аранжыроўшчык і сам значна бліжэйшы да актыўнага ладу жыцця, чым можа падавацца на першы погляд. Юрый з дзяцінства наведваў спартыўныя секцыі, ды і зараз стараецца прытрымлівацца актыўнага і здаровага ладу жыцця. Напрыклад, на мінулае Вадохрышча адважна акунуўся ў палонку (прычым, у адрозненне ад большасці "зорных" калег па сцэне, зрабіў гэта без піяру, проста для сябе).
"Прыемна ўсведамляць, што ў якасці сувядучага "БеларусьLІFE" я таксама зраблю ўнёсак у тое, каб уся наша краіна была ў курсе падзей, каб усе балельшчыкі з кожным выпускам падыходзілі на 20 хвілін бліжэй да старту чэмпіянату", - з імпэтам успрыняў новую "пасаду" Вашчук. Кампанію яму складуць ужо добра знаёмы гледачам Юрый Ярошык, а таксама вядучы АТН Стас Ліпскі, які заменіць на час камандзіроўкі на Алімпіяду-2014 Канстанціна Прыдыбайлу.
Да слова, ад вядзення тэлепраекта "Наперад у мінулае" Юрый Вашчук таксама не адмаўляецца, але мяркуе, што ўсё большая нагрузка ніяк не перашкодзіць яму рыхтавацца да "Еўрабачання". Прынамсі, гэтымі днямі артыст рыхтуе зварот-прывітанне да ўдзельніка адбору Мальты, якая выступіць з Беларуссю ў адным конкурсным паўфінале і практычна заўсёды падтрымлівае нашу краіну баламі.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.