У рэжыме прамога эфіру

16.07.2005
"Культура", 16 ліпеня 2005 г.


У кабінеце галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі тэлевытворчасці Белтэлерадыёкампаніі Уладзіміра Ісата было тлумна. Аператары, журналісты, гукарэжысёры, а гэтаксама і іншыя прадстаўнікі тэлепрафесій завітвалі туды адзін за адным, часам усчыняючы імправізаваныя пасяджэнні. Здзіўляцца такому напружанню не выпадала - бо да адкрыцця "Славянскага базару ў Віцебску" заставаліся лічаныя дні. Адарваць гаспадара кабінета ад бясконцых спраў, звязаных з ускладзенай на яго плечы адказнай і складанай задачай - арганізацыяй тэлеасвятлення фестывалю, было зусім не лёгка.
Фармат тэлеадлюстравання "Славянскага базару" на каналах Белтэлерадыёкампаніі можна сфармуляваць лаканічна: усё і адразу. Дзякуючы яе працы гледачы атрымаюць унікальную магчымасць пабачыць усе асноўныя фестывальныя падзеі поўнасцю і ў прамым эфіры - у той час як іх тэлеверсіі на расійскіх каналах будуць моцна ўрэзаныя. Зірнуўшы ў праграму, можна ўпэўніцца, што тэлегледачы нічым не будуць абдзеленыя. Адкрыццё і закрыццё "Славянскага базару ў Віцебску", Дні культуры Беларусі, Расіі і Украіны, Дзень Саюзнай дзяржавы - усё гэта яны пабачаць адначасова з тымі, каму пашчасціла займець квіток у амфітэатр. А прыхільнікам больш ёмістай формы выкладання інфармацыі напэўна будуць даспадобы традыцыйныя ўжо "Дзённікі фестывалю".
У прамым эфіры мы пабачым і фестывальныя конкурсы - як дзіцячы, гэтак і маладзёжны. Праўда, гэтым разам роля тэлегледачоў ужо не будзе абмяжоўвацца адно пасіўным назіраннем за падзеямі - яны атрымаюць магчымасць на іх паўплываць.
- Сама сутнасць тэлебачання дазваляе нам задзейнічаць гледачоў больш актыўна, - кажа Уладзімір Ісат. - Таму мы і вырашылі рызыкнуць, увёўшы інтэрактыўнае галасаванне. Думаю, гэта справакуе павелічэнне цікавасці да конкурсу і ўзмоцніць зфект далучанасці.
Прыз глядацкіх сімпатый па выніках галасавання будзе ўручацца на абодвух конкурсах - кажуць, ён і сам вельмі сімпатычны. Хаця, канешне, усе падрабязнасці трымаюцца ў таямніцы да апошняга моманту. Вядома толькі, што кошт кожнага з прызоў складае 1000 долараў.
У дні фестывалю Віцебск стане не толькі музычным, але і тэлевізійным цэнтрам краіны. Туды на час перамесцяцца многія праграмы першага нацыянальнага і тэлеканала "Лад": "Добрай раніцы, Беларусь!", "Ваша лато", "Справы сямейныя", "Выбранае", "Аўтограф".
Рэалізаваць гэткае "громадьё планов" - задача няпростая. Зрэшты, нашым тэлевізійшчыкам не прывыкаць. За мінулыя гады яны паспелі напрацаваць цудоўны досвед - нагэтулькі важкі, што цяпер можна дазволіць сабе спакойна рухацца па накатанай каляіне. На "дзяжурнае" пытанне адносна навінак гэтага года Уладзімір Віктаравічадказаў, што крутыя канцэптуальныя інавацыі абсалютна непатрэбныя - яны здатныя адно парушуць адладжаную працу "тэлемеханізма".
Але апошняе не выключае пэўных удасканальванняў. Як паабяцаў Уладзімір Ісат, "карцінка" сёлета стане лепшай - гэтаму паспрыяюць нябачаныя раней у родных пенатах тэхнічныя "навароты": бесправадная камера, з якой можна лёгка выскачыць на сцэну, 23-метровая "страла", складаныя тэлескапічныя канструкцыі... Такім чынам, беларускія аператары атрымаюць някепскую магчымасць паказаць, на што яны здатныя.
Зрэшты, "Славянскі базар у Віцебску" дазваляе прадэманстраваць свой патэнцыял (у тым ліку і тэхнічны) усяму айчыннаму тэлебачанню. У сваю чаргу, дзякуючы пасярэдніцтву "блакітнага экрана" фестываль становіцца папраўдзе ўсенароднай падзеяй.
Па словах Уладзіміра Ісата, іх шматгадовы саюз інакш як узаемавыгодным не назавеш.

Вядучаму праграмы "Інстытут культуры" Дзмітрыю Карасю сёлета ўпершыню пашчасціла стаць "тварам" фестывальных "Дзённікаў".
- Шчыра кажучы, я ўсё яшчэ ў паніцы. Фестываль настолькі насычаны падзеямі, што... я не магу нават уявіць, як можна ўсё гэта ахапіць за кароткі час. Штудзірую праграму, і, "расшыфроўваючы" яе пункты, знаёмячыся з творчасцю згаданых там выканаўцаў, часам думаеш, нібы асэнсаваў ужо дні тры, а потым жахаешся, заўважыўшы, што ў цябе яшчэ і першы дзень не скончыўся!
- 3 якіх слоў вы пачняце свой першы рэпартаж з Віцебска?
- Для мяне яны па-ранейшаму загадка. На гэты конт я думаю ўжо, можа, тыдні два, але... Нічога лепшага за лаканічнае прывітанне "Добры вечар" у галаву пакуль не прыйшло (смяецца).