У прамым эфіры - Віцебск

17.07.2004
“Культура”, 17 ліпеня 2004 г.


Белтэлерадыёкампанія - галоўны носьбіт тэлеінфармацыі пра вялікае свята, якое вось ужо трынаццаты раз ладзіцца ў старажытным горадзе на Дзвіне. Расказвае генеральны дырэктар дырэкцыі тэлевізійнай вытворчасці Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь Уладзімір ІСАТ:
- Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія, выкарыстоўваючы ўласныя тэхнічныя сродкі, транслюе канцэрты, мерапрыемствы, якія праводзяцца ў межах "Славянскага базару", у прамым эфіры на Першым беларускім тэлеканале і забяспечвае, так бы мовіць, сваім тэлепрадуктам тэлерадыёкампанію "Расія".
Сёлета з'явіцца магчымасць назіраць за падзеямі фестывалю ў гледачоў не толькі Першага канала, але і сямейнага тэлеканала "ЛАД": тут адзняты матэрыял будзе рэтранслявацца на наступны дзень. Кампанія "Расія" працуе па традыцыйных стандартах - яна дэманструе на наступны дзень сваю скарочаную версію.
Апроч гэтага, Белтэлерадыёкампанія мяркуе наладзіць трансляцыю віцебскага фестывалю на краіны СНД праз спадарожнік Intelsat 904 МТРК "Мир". У Віцебску да тэлеспецыялістаў далучацца і радыёспецыялісты з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, канала "Культура" і радыёстанцыі "Радыус-FM”.
На маю думку, аўтарытэт "Славянскага базару..." на сённяшні дзёнь у Еўропе дастаткова высокі. Я лічу што гэта адно з самых яркіх відовішчаў еўрапейскага ўзроўню. Магу гэта сцвярджаць, бо мне даводзіцца часта бываць на розных мерапрыемствах, якія праводзяцца на нашым кантыненце, і шмат чаго бачыць.

- Якую асноўную задачу вы ставіце перад сабой?
- Перш за ўсё, данесці ўсю інфармацыю пра тое, што адбываецца на фестывалі. 3 15 па 22 ліпеня штодзённа працуем у рэжыме он-лайн або ў дзённікавым рэжыме. I калі штосьці не ўвойдзе ў гэты фармат, дык, натуральна, увойдзе ў перадачы, якія пройдуць потым, у наступныя месяцы. Што тычыцца спецыфікі працы на "Славянскім базары", - гэта праца дваццаць чатыры гадзіны ў суткі. Тэлевізійная тэхніка прыбыла ў Віцебск з Мінска ўвечары 12 ліпеня. Наступным днём раніцай яна была ўключана для праверкі, а 14 ліпеня пачала працаваць - запісваць першыя канцэрты.
Праграма сёлетняга фестывалю надта насычаная. Пра аператыўныя навіны тэлегледачы Першага нацыянальнага тэлеканала і тэлеканала "ЛАД" змогуць даведацца з праграм навін і інфармацыйна-аналітычных праграм АТН, дзеля чаго прадугледжаны штодзённыя прамыя ўключэнні з выкарыстаннем спадарожнікавай сістэмы.
Многія нашы папулярныя праграмы будуць выходзіць у эфір непасрэдна з Віцебска. Тры разы на дзень вядучыя Надзея Герасімчык і Яўген Юранаў у "Дзённіку фестывалю" паведамяць пра найцікавыя падзеі "Славянскага базару ў Віцебску-2004". А 18 ліпеня гледачоў чакае сустрэча з тэлевядучым Сяргеем Кухто ў тэлеклубе "Ваша лато". На тэлеканале "ЛАД" у рэжыме тэлемаста пройдзе праграма "Звычайны незвычайны дзень" з вядучым Аляксандрам Дамарацкім. А па вечарах у праграме "Справы сямейныя" вядучы Іван Мірскі рэпрэзентуе аўтарскія сюжэты. Плюс у нас будуць працаваць усе радыёканалы - Першы нацыянальны канал беларускага радыё і канал "Культура". Запланаваны выхад у эфір спецыяльных карэспандэнтаў "Радыёфакта", "Культурнай прасторы", "Адкрытай пляцоўкі" і "Пастфактума". У вячэрніх выніковых выпусках Беларускае радыё плануе сцвердзіць спецыяльную намінацыю "Падзея дня". Актыўна будзе інфармаваць слухачоў радыёстанцыя "Радыус-FM".

- Тэхніка не падвядзе?
- На сённяшні дзень наша тэхніка - гэта аналагавая і аналагава-лічбавая тэхніка самага высокага класа, такой няма ні ў адной краіне СНД.

- А што запланавана паказаць у Дзень Беларусі?
- У дзень Беларусі будзе праходзіць розыгрыш тыражу "Ваша лато", адбудзецца гала-канцэрт "Сябры сустракаюць сяброў". У гэты дзень распачнецца шмат цікавых мерапрыемстваў, адкрыецца "Горад майстроў" .

- Колькі часу будзе доўжыцца ў прамым эфіры праграма, прысвечаная Дню Беларусі?
- Каля трох гадзін.
- Удачы!

Наталля КІРПІЧЭНКАВА.