У госці да "Госціцы"

20.09.2003
"Культура", 20 - 26 верасня 2003 г.


Фальклор-тэатр "Госціца" пад кіраўніцтвам Ларысы Сімаковіч пачне свой новы творчы сезон канцэртам з інтрыгуючай назвай "ВеІІсапІо sans pointes", які адбудзецца 25 верасня.

Разнастайнасць творчага самавыяўлення Л.Сімаковіч як кампазітара, выканаўцы, балетмайстра, пастаноўшчыка, мастацкага кіраўніка калектыву - асобы безумоўна таленавітай, апантанай, з бездакорным густам і фантазіяй, знаходзіць увасабленне менавіта ў сінтэтычных формах мастацтва. Апошнім часам у выступленнях "Госціцы" выяўляецца спеўная дамінанта, пры якой пластыка і тэатралізацыя прысутнічаюць як і раней, але ж суадносіны паміж імі змяніліся. Таксама пашырыўся і дыяпазон жанрава-стылявых форм. Таму вызначэнне "Госціцы" як фальклор-тэатра ўжо недакладнае. У выкананні "Госціцы" можна пачуць не толькі фальклорныя кампазіцыі, убачыць не толькі абрадавыя дзействы з выявамі аўтэнтыкі. Сёння творчыя інтарэсы тэатра значна шырэйшыя. У рэпертуары калектыву гімны беларускага сярэднявечча, беларускія канты і вакальныя творы майстроў заходнееўрапейскага Адраджэння, творы І.С.Баха, Г.Гендэля, А.Вівальдзі, Й.Гайдна, Д.Пергалезі, Дж.Качыні і інш.
Такая разнастайнасць не выпадковая. Яна вызначаецца ўласнымі якасцямі Л.Сімаковіч, якая, нягледзячы на розныя абставіны, неразуменне, перашкоды, заўсёды імкнецца да самавызначэння і самавыяўлення праз свой калектыў. Ларыса можа спяваць і народныя песні, і класіку, і эстраду. Але ж яна, найперш, кампазітар. У канцэртах "Госціцы" можна пачуць яе ўласныя творы - ад стылізацый, апрацовак да кампазіцый, створаных на тэксты беларускіх балад, кантаў. Уся музыка да арыгінальных харэапластычных дзействаў належыць таксама ёй: "Прынамсі", "Алегорьгі існавання", "Незваротнае", "Дух Зямлі", "Дарожка" - гэта толькі невялікі спіс апошніх твораў Л.Сімаковіч. Часам яе натхняюць шматлікія, але такія "маўклівыя", зборнікі беларускай народнай творчасці, складзеныя З.Мажэйка, Л.Касцюкавец, Т.Якіменка, Г.Таўлай, з якіх яна чэрпае мелодыі і тэксты і ў якія ўдыхае жыццё, адраджае іх у сучаснасці, зыходзячы з уласнага густу, прафесійнага майстэрства і творчага натхнення.
Шлях да такой разнастайнасці быў даволі імклівы, калі ўзгадаць, што пачыналася ўсё з дзіцячага фальклорнага ансамбля Белтэлерадыёкампаніі ў 1986 годзе, на базе якога пазней утварыўся фальклор-тэатр. Этапным момантам, з якога "Госціца" пачала набываць свой новы статус, можна лічыць атрыманне Першай прэміі на VIII Міжнародным фестывалі сучаснай харэаграфіі ў Віцебску ў 1994 годзе за аднаактовую харэапластычную кампазіцыю "Інтуіцыя міфа". Потым былі ўдзелы ў Міжнародных фальклорных фестывалях у Германіі, Польшчы, Даніі, Іспаніі, Італіі, Расіі, Літве, Латвіі, Эстоніі. Напрыканцы стагодцзя на аснове фальклор-мадэрн балета "Нябога" быў зняты відэафільм (рэж. Л.Кабернік). Ён стаў натуральным завяршэннем шэрагу відэаздымак Белтэлерадыёкампаніі за амаль што дзесяцігадовы перыяд творчай дзейнасці "Госціцы". Сярод іх "Восеньская", "Па святых вечарах", "Імгненне" (рэж. Т.Кіракозава), "Каляда-калядзіца", "Барада" (рэж. А.Малчанаў), "Адхіленне", "Кант калядны", "Алілуйя", "На тым беразе", "Зямны зварот", "Дзеўкі чуюць" (рэж. В.Шавялевіч).
Сёння ў "Госціцы" ёсць патрэбы і ў канцэртмайстры, і ў балетмайстры-рэпетытары, і ў касцюмах. Дарэчы, да шэрагу канцэртаў выканаўцы самі здабываюць сабе касцюмы і ўсё іншае, неабходнае для паўнавартасных выступленняў, за свой уласны кошт. Можа, таму і склад удзельнікаў калектыву такі рухавы, так бы мовіць, "цякучы", і застаюцца ў ім толькі самаадданыя, апантаныя энтузіясты.
Ведаючы аб тым, што кожная праграма выступленняў "Госціцы" ствараецца не проста як шэраг кантрастных нумароў, а выяўляе нейкую скразную ідэю, падпарадкоўваецца адмысловай звышзадачы, мае ўласную тэму, скіраваную да алегарычнага ці сімвалічнага вобраза, і, нарэшце, ніколі не змяняе адпаведнасці сваёй назве ж тэатра, можна спадзявацца, што і на гэты раз, нягледзячы на асаблівыя ўмовы, якія дыктуе Камерная зала Беларускай дзяржаўнай філармоніі, канцэрт будзе "з разынкай".

Вера ГУДЗЕЙ-КАШТАЛЬЯН.