У фінале "Еўрафэста" за перамогу пазмагаюцца Алена Ланская, Гюнеш, Юзары, Lіtesound і Вікторыя Алешка

23.12.2011
"Звязда", 23 снежня 2011 г.


Як бы ні карцела сказаць, што падчас паўфіналу "ЕўраФэста" ў паветры адчуваліся флюіды зайздрасці ці панавала паніка - не. Нічога такога. За кулісамі, як ні дзіўна, усё было міла і па-добраму. Наадварот, здзіўляла тая добразычлівасць, з якой артысты чакалі сваіх выступленняў і назіралі за выступленнямі канкурэнтаў.
Анастасія Віннікава хваліла Юзары, запрошаная Іна Афанасьева за кулісамі выказвала сваё захапленне гуртом НУТЭКІ. З трэцім салістам гурта "Lіtesound" Ёкі адна з прыхільніц ніяк не магла нагаварыцца на англійскай мове...
- Калі я зайшла ў грымёрку, то пабачыла ўсіх візажыстаў, якія ў нас толькі ёсць. Усіх касцюмераў і ўсіх харэографаў! - радасна пералічвае заслужаная артыстка Беларусі Алена Ланская. - "ЕўраФэст" - вось дзе сапраўднае беларускае "Еўрабачанне". І цудоўна, што ўсё зроблена дзякуючы ўменням толькі беларусаў.
Павільён, у якім здымалі паўфінал, за пару хвілін да старту трансляцыі нагадваў мурашнік. Вось перад сцэнай нешта некаму тлумачыць дырэктар праекта "Еўрабачанне" Дзмітрый Баранаў, вунь мільганула сумка Насці Ціхановіч, тут жа прадзюсар Германа Уладзімір Кубышкін з Аняй Шаркуновай. Плакаты ў руках груп падтрымкі. Самотны (без Лейлы) Дзяніс Кур'ян спрабуе развесяліць дзяўчын-фанатак...
"Як трансляцыя пойдзе - усе пляскаем у далоні і з'язджаем з глузду" - камандуе ў зал для масоўкі Насця Ціхановіч.

Прыйсці. Выступіць. Перамагчы

Мініяцюрная і галасістая Aura, якую са спіны я ледзьве не зблытаў з Ксюшай Сітнік, у паўфінале выступіла з кампазіцыяй "Hand up". Гэта была новая песня, на якую спявачка замяніла заяўленую раней кампазіцыю "І".
У гучанні "Hand up" былі выкарыстаны самыя розныя музычныя інструменты. Песня ўражвала музыкай, але вакал Aўры, адаптаваны пад гэтую музыку, адразу прымушаў узгадваць знаёмыя інтанацыі з выступленняў Русланы і малдаванкі Нэлі Чабану. Да груднога тэмбру спявачкі куды больш падышла б рокавая або поп-рокавая песня.
Дуэт Аляксандры Гайдук і Наталлі Болдзінай вельмі разлічваў на выхад у фінал. На падрыхтоўку песні і касцюмаў спявачкі затрацілі ажно 10 тысяч долараў. Артысткі вельмі спадзяваліся, што гледачы ацэняць іх песню.
- Такой прыгожай і яркай песні ў мяне не было яшчэ ніколі, - дзеліцца са "Звяздой" Аляксандра Гайдук. - Магчыма, таму да "Еўрабачання" я яшчэ так і не даехала... Песня павінна быць шчырай, павінна кранаць саміх выканаўцаў, тады гледачы ўловяць гэтую хвалю.
- Я вельмі люблю спяваць, я жыву гэтым, - прызнаецца Алёна Гарбачова, салістка гурта TRІLLER. - Хочацца, каб людзі адчувалі мае эмоцыі. Кажуць, я на нявесту падобная. Але нявеста - гэта ж амаль самы шчаслівы чалавек. А сёння - для мяне самы шчаслівы дзень.
Цікавы факт - тры з чатырох бэк-вакалістаў, якія летась дапамагалі Анастасіі Віннікавай у Дзюсельдорфе, сёлета прадстаўлялі на "Еўрафэсце" свае сольныя праекты: Алёна Гарбачова (TRІLLER), Юзары, Арцём Ахпаш (дапамагаў у нумары Aura).
- Для гэтага конкурсу патрэбен досвед, - перакананая Анастасія Віннікава. - Менавіта досвед вакальны, калі чалавек спявае кожны дзень. Вельмі шмат негатыву выказваюць часам тым, хто спявае або спяваў у рэстаранах. Я ў рэстаране не працую, але думаю, што нельга вось так крытыкаваць. Усё ж такі гэта хоць якаясьці школа - калі ты кожны дзень падыходзіш да гэтага адказна і трэніруеш голас. Самае галоўнае ў выступленні, калі выканаўца аддае сваю энергетыку гледачам, а гледачы - артысту. Я "хварэю" за Юзары, у яго вялікі патэнцыял і веру, што ў яго яшчэ ўсё наперадзе.

Выбраныя ў фінал

Калі б я не чуў на ўласныя вушы выступленне Алены Ланской і Гюнеш, то падчас тэлевізійнай трансляцыі наўрад ці спадабаліся б мне іх выступленні. Песня Гюнеш цудоўна кладзецца на ТБ-карцінку, а вось у Алены Ланской, наадварот, - у ТБ-варыянце ўсё выходзіць неяк сіплавата.
Аднак нават агрэхі з гукам не перашкодзілі абедзвюм спявачкам выйсці ў фінал. Запаветнае месца сярод пяці выбраных атрымалі таксама Юзары, Вікторыя Алешка і гурт "Lіtesound".
- "Еўрабачанне" - мая мара, - прызнаецца Алена Ланская. - Ёсць артысты, якія кожны год падаюць заяўку, і ў іх няма гэтага шанцу - яны туды не трапляюць і наўрад ці туды ўжо трапяць: узрост, стэрэатыпны стыль выканання песень. Калі я прайду - то не маю намеру здавацца - магчыма, буду шукаць прадзюсара. Магчыма, Філіпа Кіркорава будзем запрашаць.
Зараз пачнецца зусім іншы ўзровень працы. Калі на гэтым этапе мы зрабілі аранжыроўку ў Швецыі, то, магчыма, далей я буду займацца ўжо з прафесіяналамі сусветнага ўзроўню. Мне вельмі падабаецца падрыхтоўка канкурсантаў з Украіны. "ЕўраФэст" для мяне па адчуваннях як другі "Славянскі базар". Што трэба, каб перамагчы? Вельмі моцна гэтага хацець, а па-другое, шмат-шмат працаваць. Я вельмі спадзяюся, што за мяне прагаласуюць у фінале. Я вельмі хацела б прадстаўляць Беларусь на "Еўрабачанні". За мяне перажываюць, напэўна, дзве трэці нашай Беларусі. Столькі СМС-ак, столькі паведамленняў, водгукаў па інтэрнэце - я прыемна здзіўлена.
- Артыст, якога выберуць у фінале, павінен быць прафесіяналам, - лічыць Аляксандра Гайдук. - Ён павінен умець спяваць у любым месцы, у любой сітуацыі і ў любым стане. Рабіць сваю працу добра - быць добрым вакалістам. "Еўрабачанне" за шмат гадоў паказала, што гэты конкурс - сапраўдная латарэя. Цяжка сказаць, якая песня "зачэпіць" слухача. Кожны год глядач нібы мяняецца, мяняецца і фармат. Таму беларускі канкурсант павінен быць гатовы да ўсяго.
Фінал беларускага адбору на "Еўрабачанне-2012" пройдзе 28 студзеня.

Ілья ЛАПАТО.