У Ерэван паедзе 13-гадовая Лідзія Заблоцкая

27.09.2011
"Звязда", 27 верасня 2011 г.


Беларусь на дзіцячым песенным конкурсе "Еўрабачанне-2011" сёлета прадставіць Лідзія Заблоцкая з песняй "Анёлы дабра". 13-гадовая дзяўчынка выйграла нацыянальны адбор з другой спробы: летась яна таксама штурмавала фінал нацыянальнага конкурсу.
Сёлета Лідзія была адной з самых узроставых удзельніц нацыянальнага адбору, аднак гэта не перашкодзіла ёй набраць пераможныя 22 балы і атрымаць права прадставіць Беларусь на міжнародным конкурсе "Еўрабачанне" ў Ерэване (Арменія).
- Мая мара спраўдзілася! З самага дзяцінства я марыла прадставіць Беларусь на "Еўрабачанні", - прызналася пасля перамогі Лідзія ў відэаканферэнцыі магілёўскаму сайту MуСіtу.bу. - Але, яшчэ раз паўтару, усе канкурсанты былі вартыя перамогі. Калі яны да нас падыходзілі і віншавалі, я ўсім казала: "Вы малайцы!".
Лідзія Заблоцкая пачала спяваць з 4 гадоў. Першая перамога прыйшла да дзяўчынкі на гарадскім конкурсе "Чароўны малы". Сёння Лідзія вучыцца ў 8-м класе Магілёўскай гарадской гімназіі №1, дзе і займаецца вакалам пры ўзорнай дзіцячай эстраднай студыі "Натхненне".
- Нічога асаблівага мы не зрабілі, мы - звычайныя дзеці, - прызнаўся Філіп Салата, хлопчык-скрыпач з канцэртнага нумара Лідзіі. - Мы хочам працягваць іграць, гуляць, сябраваць - адным словам, быць звычайнымі дзецьмі.

Ксенія Сітнік: "Бачу сябе ў журналістыцы!"

Песенны багаж сёлетніх канкурсантаў разнастайнасцю, на жаль, не радаваў. Збольшага ўсе спявалі пра "лета", "сонца" і "сяброў", што на дзіцячым конкурсе, у прынцыпе, не ў навіну. Аднак па колькасці макіяжу і стракатасці канцэртных касцюмаў конкурс дзіцячы ні ў чым не саступаў даросламу.
Вядучыя адбору Ксенія Сітнік і Юрый Вашчук цудоўна ўпісваліся ў канцэпцыю цікавых вядучых: юная лэдзі і "душа-хлопец", які сваімі жартамі не дасць сумаваць ніякай кампаніі.
- З дзецьмі працаваць заўсёды прыемна і радасна - шмат станоўчых момантаў, аднак прамы эфір - заўжды няпроста, - прызналася карэспандэнту "Звязды" спявачка Ксенія Сітнік. - А пераможцу жадаю верыць у сябе: не варта забывацца, што "Еўрабачанне" - гэта аднаразовая перамога, гэта поспех, які сыходзіць. Каб дасягнуць чагосьці большага, трэба працаваць і працаваць.
Тэндэнцыя спяваць у прыпеве "оао" і "на-на-на" захавалася і сёлета (нумар Машы Новік, Дар'і Атрошанкі, Аляксея Кузьміна). Дыяна Ціхановіч у сваёй песні выкарыстала падобную па задумцы дэкарацыю, як і ў мінулагодняга пераможцы "Еўрабачання" Уладзіміра Арзуманяна.
Візгі "а-ля Сітнік" паўтарыліся сёлета ў нумары 10-гадовай Машы Новік. Фіялетавыя парыкі пад Лэдзі Гага ў падтанцоўкі Ягора Жашко вельмі нагадалі мінулагоднія парыкі грузінскай удзельніцы Еўрабачання-2010 Марыям Кахелішвілі.
Песня Веранікі Сакалоўскай "Карнавал" куды лепш падышла б для выступлення Крысціны Арбакайтэ, але не для дзіцячага "Еўрабачання". Прыгожы тэмбр голасу дзяўчынкі так і застаўся раскрыты не да канца...
Што да голасу, то, як паказвае практыка, не ўсе ўладальнікі прыгожага тэмбру хочуць застацца ў музыцы. Тая ж Ксенія Сітнік прызналася карэспандэнту "Звязды", што не хоча заставацца спявачкай.
- Я зараз трошкі адыходжу ад сферы вакальнай дзейнасці і іду... у журналістыку. Яшчэ не магу дакладна сказаць, што гэта будзе: тэлебачанне ці газета. Мне, напрыклад, падабаецца праца і ў рэдакцыйна-выдавецкай сферы. Але я яшчэ падумаю.

Ілья ЛАПАТО.