Тварам "Еўрабачання" можа стаць любы беларус?

26.06.2010
"Звязда", 26 июня 2010 г.


Застаецца пяць месяцаў да старту дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2010", якое чакаецца ў Мінску ў лістападзе. На днях беларускую сталіцу наведаў выканаўчы дырэктар конкурсу Свантэ Стаксэліус.
- Увогуле, я вельмі задаволены той падрыхтоўкай, якая праводзіцца ў Мінску, - кажа спадар Стаксэліус. - Мы поўнасцю выконваем наш план і ўкладваемся ў вызначаныя тэрміны. На сёння няма ніякіх праблем, падрыхтоўка ідзе ў штатным рэжыме.
Кожны год дзіцячы конкурс песні праводзіцца па-рознаму. Я вельмі хачу, каб сёлета на шоу было як мага больш беларускіх элементаў. І магчымасць прэзентаваць краіну якраз ёсць: гэта можна зрабіць на цырымоніі адкрыцця.
Застаюцца пакуль нявызначанымі вядучыя конкурсу, а таксама колькасць краін, якія возьмуць у ім удзел сёлета. Паводле папярэдняй інфармацыі, чакаецца, што ўдзельнікаў будзе не менш за 13.
- Сёння не самыя лёгкія часы ва ўсёй Еўропе, - дадае Свантэ Стаксэліус. - Многія вяшчальнікі ў Еўропе хочуць узяць удзел у конкурсе, але ў іх вельмі цяжкая сітуацыя з бюджэтам. Таму нам патрэбен час, каб яшчэ раз з кожным з іх перагаварыць індывідуальна. Але я магу дакладна сказаць, што дзіцячы конкурс песні ў Мінску не паўторыць лёс конкурсу танцавальнага "Еўрабачання" (па фінансавых прычынах яго правядзенне прыпынена. - Аўт.), і ён абавязкова адбудзецца.
Ужо ў верасні ў Мінску з'явяцца і рэкламныя стэнды з лагатыпам і фотасюжэтамі, прысвечанымі конкурсу. Героямі фотасюжэтаў стануць як вядомыя людзі (зоркі эстрады, спартсмены, удзельнікі і пераможцы дзіцячага "Еўрабачання" мінулых гадоў), так і простыя гледачы - прыхільнікі песеннага шоу.
Першы канал ужо абвясціў кастынг на пошук "твару" конкурсу. Як патлумачылі "Звяздзе" ў прэс-службе тэлеканала, плануецца выбраць не аднаго, а некалькі чалавек, якія і стануць "тварамі" дзіцячага конкурсу песні. Як зазначыў выканаўчы прадзюсар дзіцячага "Еўрабачання-2010" Аляксандр Мартыненка, у кастынгу можа ўдзельнічаць любы ахвотны - абмежаванняў у поле, знешнасці і ўзросце практычна няма.
Для ўдзелу ў кастынгу запрашаюцца грамадзяне Беларусі ва ўзросце ад 5 да 50 гадоў. Заяўкі (здымак і кароткі аповед пра сябе) патрэбна даслаць да 15 ліпеня на электронную пошту junіor@tvr.by альбо на адрас: Белтэлерадыёкампанія, 220807, г. Мінск, вул. Макаёнка, 9 з пазнакай "Кастынг "Стань тварам дзіцячага "Еўрабачання-2010".

Ілья ЛАПАТО.