Цяжка быць босам

19.09.2014
"Звязда", 19 верасня 2014 г.


Намеснік дырэктара тэлеканала "Беларусь 1" Вольга Шлягер - пра новы сезон і вечныя тэмы, важнасць каманды і "тэлебачанне ў сабе".
Эпоха жанчын-кіраўнікоў, якіх падначаленыя за спінай называлі "мымрамі", здаецца, мінула беспаваротна. Цяпер дамы на пасадах здольныя адначасова ўнікаць у нюансы справы і разумець чалавечыя слабасці падначаленых, падтрымліваць найстражэйшы ўзровень адказнасці і дысцыпліны і заставацца прывабнымі жанчынамі. Узяць хоць Вольгу Шлягер: у крэсле кіраўніка адчувае сябе ўпэўнена і ведае, што адбываецца з карэспандэнтамі "ў полі", адной левай спраўляецца з маштабнымі творчымі праектамі і знаходзіць час і сілы на выхаванне сына Георгія. Ды яшчэ сюрпрызамі новага тэлесезона інтрыгуе.

Пра пошук новага

- Шмат чутак ходзіць пра тэлепраект "Я магу!" - калі ды як будзе адбывацца пошук беларусаў, адметных незвычайнымі талентамі, і калі гэта пакажуць па тэлевізары? З першага погляду, шчыра кажучы, нагадвае "Хвіліну славы"...
- Ідэя стварэння праекта ляжыць на паверхні, і разам з тым у Беларусі раней нічога падобнага не рабілі. Мы спяваем, танцуем, але ўсё гэта неяк паасобку... Апошнім часам я шмат езджу, бачу мноства канцэртаў, фестываляў, і ў мяне склалася адчуванне, што мы вельмі адарваліся ад звычайных людзей, не чуем і не бачым, колькі сярод іх насамрэч цікавых, самабытных, таленавітых. Проста ў іх няма магчымасці выйсці на шырокую публіку. Каб пра іх даведаліся, патрэбен тэлеэфір. Уласна, у гэтым і ёсць сутнасць новага праекта, таму, безумоўна, могуць узнікаць аналогіі. Але ёсць і адметнасці. Мы вырашылі не праводзіць адбор тут, у тэлестудыі. Я была катэгарычна супраць гэтага. Бо ва ўсіх людзей розны характар і тэмперамент: хтосьці шалёна таленавіты, але саромеецца выйсці перад камерамі (і я ведаю, такія людзі ёсць!), хтосьці ў сілу ўзросту не паедзе ў Мінск з аддаленай вёскі ці горада. Таму мы прыедзем да гэтых людзей самі. Удзельнікам праекта не трэба папярэдне запаўняць форму ці анкету на сайце, бо не ва ўсіх ёсць доступ у інтэрнэт - проста прыходзьце!

- Ужо сама магчымасць трапіць на экран - для многіх мара, але ў наш меркантыльны час не магу не спытацца пра галоўны прыз. Будзе такі?
- Абавязкова. Дыпломы - гэта добра, але мусіць быць і матэрыяльны складнік. У нашым выпадку ён будзе сапраўды значны і варты таго, каб за яго паспаборнічалі - 100 мільёнаў беларускіх рублёў!

- Калі ж пачнуцца адборы ў праект і дзе яны адбудуцца - ці толькі ў абласных цэнтрах?
- Стартуем ужо ў верасні, але анансуем праект загадзя, каб людзі паспелі падрыхтавацца. Бо хочацца адшукаць таленавітых беларусаў, якія раней ніколі і нідзе не паказваліся. Вельмі спадзяюся знайсці новыя ідэі, новых людзей, магчыма, новых тэлевядучых, бо творчы кірунак праекта не абмежаваны: нашы героі могуць спяваць, танцаваць, па-мастацку свістаць, віртуозна валодаць целам, рабіць незвычайныя вырабы - ды ўсё, што заўгодна! Да канца года, мяркую, адбор ужо будзе завершаны, і ў студзені-лютым наступнага года пачнём здымаць новае шоу - масавае, цікавае, вясёлае.

- Яшчэ адна навінка тэлесезона - перазапуск дзённага ток-шоу "Дзень у вялікім горадзе". Новыя вядучыя, афармленне, тэмы гаворкі - што яшчэ змянілася ў праекце?
- Пачнем з таго, што змяніўся яго кіраўнік. Саша Снегіна, падрасціўшы сваё другое дзіця, прыняла наша запрашэнне ўзначаліць гэты праект. Што да вядучых, то мы прагледзелі вялікае мноства кандыдатур. І хоць ёсць погляд, што знайсці жанчыну-вядучую прасцей, бо на тэлебачанні звычайна не хапае мужчын, але і ў гэтых пошуках было няпроста. Няхай мяне ўпікнуць, але я люблю сваю прафесію і лічу, што чалавек "з вуліцы" не можа адразу працаваць у кадры. Не трэба ілюзій на гэты конт. Тэлевядучы - складаная прафесія, і працы ў кадры, асабліва ў прамым эфіры, трэба вучыцца. Таму мы шукалі сярод медыйных асоб тых, хто ўжо чагосьці дасягнуў у жыцці, у каго гледачу было б чаму павучыцца. У выніку адабралі 12 чалавек, нават крыху больш, сярод якіх ёсць і ўрач, кандыдат навук, і прафесіянал мадэльнага бізнесу Тамара Ганчарова, і актрыса Вольга Няфёдава, спявачка Вольга Плотнікава. Атрымаўся такі цалкам жаночы калектыў. Яны не дзяўчаты, паверце, - проста цудоўна выглядаюць; да таго ж ім ёсць што сказаць аўдыторыі. Магчыма, з часам з цяперашняй колькасці вядучых "выкрышталізуецца" асноўны склад, а можа быць, усе будуць настолькі гарманічныя і цікавыя, што ўсё застанецца, як ёсць - пяць жывых эфіраў на тыдзень і тры чацвёркі вядучых.

Пра каманду

- Апошнія некалькі гадоў вы берацеся за маштабныя праекты: "Еўрабачанне", дзённікі "Славянскага базару ў Віцебску", цяпер вось талент-шоу. Гэта ўпэўненасць у сваіх сілах ці ў камандзе?
- Адзін чалавек, нават калі ён суперпрафесіянал і геніяльны прадзюсар, не зможа зрабіць нічога. Тэлебачанне - выключна калектыўная праца. І я вельмі рада, што падабралася каманда, у якой, без лішняй сціпласці скажу, працуе самы лепшы аператар-пастаноўшчык, самы лепшы рэжысёр, найлепшая адміністрацыйная група... Мая пазіцыя па жыцці - незаменныя людзі ёсць. Сапраўды таленавітым людзям часам можна прабачыць нейкія капрызы, не заўжды зручныя для іншых паводзіны, бо сваю працу яны выконваюць бездакорна. Як правіла, я працую з аднымі і тымі ж людзьмі. А да кожнага навічка, якога прыводжу, спачатку прыглядаюся: атрымліваецца працаваць у камандзе - ідзём далей разам, не выходзіць - нічога страшнага, развітваемся.

- Памятаю, у адным з інтэрв'ю чытала, што галоўны ваш прынцып як кіраўніка - "не перашкаджаць творчым людзям працаваць". З такім дэмакратычным падыходам не бывае спроб сесці вам на шыю?
- Так, безумоўна. Па-першае, я ж жанчына, мяне лёгка расчуліць у прынцыпе, угаварыць даць шанц... Па-другое, немагчыма прасканаваць чалавека і зразумець, што ў яго ў душы, за кароткі час - для гэтага трэба разам папрацаваць, а яшчэ лепш - з'ездзіць у камандзіроўку. Напрыклад, пасля працы беларускай дэлегацыі на "Еўрабачанні" ў Швецыі тая ж каманда паехала налета ў Данію, бо яны ўсе прайшлі праверку і прыцірку, паказалі, хто чаго варты. А вось пасля сёлетняй працы на "Славянскім базары ў Віцебску" таксама зрабіла высновы: ёсць некалькі чалавек, пра якіх дакладна ведаю - у праектах, якімі буду кіраваць я, іх не будзе. ...Я даўно на тэлебачанні, 15 гадоў, і ведаю, як могуць агаварыць за спінай, выставіць чалавека ў нявыгадным святле - таму ўсе такія рэчы правяраю сама. Натуральна, без гузакоў не абыходзіцца, але гэта карысны вопыт. З людзьмі, якія сябе праявілі адмоўна, мы вітаемся, а з некім нават не вітаемся - і на гэтым усё, выкрэсліваем. Бо кіраўнік рызыкуе не толькі сабой, але агульнай справай, лёсам праектаў.

- За час працы на тэлебачанні вы вельмі перамяніліся - летуценная паненка з "Беларускай часінкі" мала падобна на цяперашняга адказнага кіраўніка з кароткай стрыжкай. Унутрана ж як адчуваеце ў сабе гэтыя перамены і пераход з маладзёжна-забаўляльнага канала "Беларусь 2" на больш сур'ёзную, афіцыйную "першую кнопку"?
- Насамрэч я вельмі рада, што ў мяне быў гэты вопыт. Цяпер дакладна ведаю, што крэсла дырэктара не для мяне. Мабыць, я неблагі намеснік, калі мой цяперашні кіраўнік запрасіў на гэту пасаду (дарэчы, мы раней таксама працавалі з ім у такім тандэме). Я наогул супраць жанчын-кіраўнікоў высокага рангу. Бо, на мой погляд, у жанчыне прыродай закладзены дзве асноўныя задачы: стварыць сям'ю і нарадзіць дзіця. А на кіруючай пасадзе, калі ў цябе мноства падначаленых, калі 24 гадзіны на суткі трэба быць на сувязі, калі ты ўвесь дзень чымсьці заняты, але ўвечары не разумееш, што канкрэтна зрабіў - як быццам ідзеш супраць прыроды. Я заўжды вельмі баялася нават вонкава стаць гэткай жалезабетоннай лэдзі, "мужчынам у спадніцы". Таму чым больш мне складана і цяжка, тым лепш я мушу выглядаць. І на пасадзе намесніка мне вельмі камфортна, бо тут я не аддаляюся ад астатніх удзельнікаў каманды, ад якіх залежыць праца, і магу займацца творчасцю.

Пра самае галоўнае

- Кожны раз, калі бачу вас у рабоце, здзіўляюся: што б ні здарылася - усмешка, пазітыўны роўны настрой, вочы гараць натхненнем. У напружаным рытме працы ці застаецца час на сям'ю, або сын часцей бачыць маму па тэлевізары?
- Ён насамрэч вялікі малайчына. За шэсць гадоў Гоша ўжо прывык, што мама вельмі занятая. Мабыць, таму перад сном крыху больш мяне абдымае, чым іншыя дзеці, часцей праяўляе пяшчоту - я разумею, што гэта перадусім з-за недахопу ўвагі. Але, з іншага боку, ён усё разумее. Цяпер у мяне няпросты перыяд, і літаральна за адзін дзень адбылася вельмі істотная пераацэнка каштоўнасцяў. Заўжды як быццам ведаеш і памятаеш, але ў такія моманты асабліва выразна разумееш, што сям'я, дзіця - самае галоўнае і дарагое ў жыцці. Праца ж - толькі частка жыцця, далёка не асноўная. Яе, безумоўна, трэба выконваць добра, але не ахвяраваць дзеля гэтага бясцэннымі момантамі стасункаў з блізкімі людзьмі.

- Не ўзнікае жадання махнуць рукой, маўляў, гары ўсё сінім полымем, буду займацца сям'ёй?
- Раз на тыдзень дакладна. Але, з іншага боку, калі мяне моцна прыпякае, аналізую, чым займаюцца і як працуюць іншыя людзі, і пачынаю любіць сваю працу яшчэ больш. Як "перазагрузіцца", пераключыцца з працоўных спраў на дамашнія? У мяне атрымалася так: паколькі я вельмі далёка жыву, то машына стала неабходнасцю; дзякуючы гэтаму штодня з'явілася па 2-2,5 гадзіны дадатковага часу, за які столькі ўсяго можна паспець зрабіць - проста неверагодна! Насамрэч калі правільна размеркаваць стандартны 8-гадзінны працоўны дзень - менш часу адвесці на перакуры, кава-паўзы, менш папляткарыць з калегамі і больш часу менавіта працаваць - я вас запэўніваю, усё паспееце.

P.S. Пра "Еўрабачанне"

- Хоць яшчэ толькі верасень, у артыстычнай тусоўцы ўжо абмяркоўваюць наступны конкурс "Еўрабачанне" - што ды як будзе сёлета і ці будзе наогул...
- І мне тэлефануюць, расказваюць, што пішуць песні альбо пытаюцца, ці варта паўдзельнічаць і праспяваць. Я адказваю: "Безумоўна, удзельнічайце!" Дзе яшчэ спяваць, калі вы спецыяльна рыхтуецеся, набываеце песні, ставіце нумары, як не на такой сцэне? Мне вельмі падабаецца, што цяпер артысты вельмі сур'ёзна падыходзяць да конкурсу, што кожны год чымсьці новым здзіўляюць, што адкрываюцца новыя імёны. Безумоўна, "Еўрабачанне" ніхто не адмяняў, Беларусь у ім удзельнічае. Як толькі ўзгоднім усе неабходныя дакументы - апублікуем палажэнне і з нецярпеннем будзем чакаць удзельнікаў адбору. І хоць з году ў год многія сцвярджаюць, што гэты конкурс нікому не цікавы і яго беларусы не глядзяць - асабіста я, ведаючы рэйтынгі "Еўрабачання", рэагую на такія заявы з усмешкай.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.