Цi паўторыць "Снайпер" поспех "Таварыша Маёра"?

14.02.2009
"Звязда", 14 лютага 2009 г.


Завяршаецца вытворчасць мастацкага вострасюжэтнага серыяла "Снайпер", працу над якiм вядуць сумесна Белтэлерадыёкампанiя, нацыянальная кiнастудыя "Беларусьфiльм" i "Арт Сiнема Груп". Гэта, дарэчы, не першая спроба падобнага супрацоўнiцтва - у 2007 годзе Белтэлерадыёкампанiя i яе партнёры прадставiлi надзвычай паспяховы 4-серыйны тэлевiзiйны баявiк "Маёр Ветраў".
Гэты серыял, зняты паводле твораў беларускага пiсьменнiка Мiкалая Чаргiнца, дэбютаваў на Першым канале i быў потым набыты тэлекампанiямi некалькiх краiн. Таму старшыня БТРК Аляксандр Зiмоўскi, якi стаў адным з прадзюсараў новага серыяла, лiчыць рашэнне працягваць здымкi беларускiх тэлесерыялаў "вельмi рацыянальным". "Мы паспяхова ўклалi грошы ў серыял "Маёр Ветраў". Таму i цяпер не вагалiся, прымаючы рашэнне зняць серыял "Снайпер". Акрамя таго, што праца праходзiла пры нашым, так бы мовiць, творчым i арганiзацыйным патранажы, мы яшчэ i найбуйнейшы iнвестар гэтага праекта", - адзначыў кiраўнiк тэлекампанii.
Натуральна, пры вытворчасцi новага прадукту тэлевiзiйнiкi паспрабавалi спрагназаваць яго шанцы на поспех, i палiчылi iх вельмi высокiмi. Так што ў серыяла ёсць яшчэ i кiнаверсiя (рэжысёр - Аляксандр Яфрэмаў), над якой завяршае працу "Беларусьфiльм". Чакаецца, што прэм'еру фiльма наведаюць ганаровыя госцi самага высокага ўзроўню. Пракатны лёс карцiны таксама залежыць ад "Беларусьфiльма" - усё ж нацыянальная кiнастудыя мае дзяржаўную падтрымку ў Беларусi i трывалыя сувязi ў Расii.
Адзiнае, што крыўдна - у галоўных ролях абодвух серыялаў беларускай вытворчасцi здымалiся расiйскiя акцёры: маёрам Ветравым стаў Алег Штэфанко, а снайпера - дакладней, камандзiра групы снайпераў старшага лейтэнанта Яшына сыграў Дзмiтрый Пяўцоў.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.