Цi ўбачаць у Новым двары "Вылечванне каханнем"?

26.05.2006
"Звязда", 26 мая 2006 г.


Жыхары вёскi Новы двор, датэлефанаваўшыся ў "Звязду", паскардзiлiся, што нiяк не могуць паглядзець на БТ любiмы серыял "Вылечванне каханнем". Дакладней, жанчыны-даяркi прапусцiлi ўжо некалькi серый запар: то ўвечары трансляцыя хакейных матчаў, то з ранiцы тэхнiчная прафiлактыка... "Няўжо так i надалей будзе працягвацца?" - пыталiся нашы чытачы.
Як патлумачыў выконваючы абавязкi генеральнага прадзюсара Першага нацыянальнага тэлеканала Аляксандр Капёнкін, перанос таго цi iншага фiльма або перадачы, заяўленай у праграме, - гэта заўжды вымушаны крок. "Тэхнiчную прафiлактыку мы нiяк не ў стане абысцi, бо гэта залежыць нават не ад Белтэлерадыёкампанii, а ад Мiнiстэрства сувязi, якое праводзiць планавыя агляды абсталявання", - падкрэслiў Аляксандр Вiктаравiч.
У любым выпадку БТРК стараецца паказаць усе серыi - не ўвечары, дык ранiцай у паўторы (час паказаў i паўтораў, дарэчы, вызначаецца паводле аналiзу пераваг аўдыторыi - гэта значыць, улiчваюцца iнтарэсы большай часткi патэнцыяльных гледачоў). Той жа серыял "Вылечванне каханнем" за апошнi час пераносiўся ўсяго некалькi разоў: з-за трансляцыi важнейшых матчаў чэмпiянату свету па хакею. Дарэчы, як мiнiмум за 2-3 гадзiны да прамых трансляцый спартыўных спаборнiцтваў праз кожныя 15 хвiлiн запускаецца "бягучы радок", якi iнфармуе гледачоў аб пераносе тых цi iншых праграм, фiльмаў.
I яшчэ адно важнае паведамленне для аматараў серыялаў, што iдуць у вячэрнi прайм-тайм. Нягледзячы на тое, што з 9 чэрвеня пачынаюцца трансляцыi чэмпiянату свету па футболу, для максiмальнай зручнасцi ўсiх гледачоў частка матчаў будзе перанесена з Першага нацыянальнага на тэлеканал "ЛАД".

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.