Трансляцыя Алімпіяды-2016 стане галоўнай тэлевізійнай падзеяй жніўня

29.07.2016 "Звязда"

Пра тое, хто будзе расказваць нам пра спорт і як журналісты рыхтуюцца да такой грандыёзнай падзеі, мы запыталіся ў загадчыка каментатарскага аддзела галоўнага спартыўнага тэлеканала краіны Сяргея Мацкевіча. 

Трансляцыю найбуйнейшага спартыўнага форуму будуць весці тэлеканалы «Беларусь 1», «Беларусь 2» і «Беларусь 5». Белтэлерадыёкампанія традыцыйна забяспечыць максімальна шырокае асвятленне галоўнага турніру чатырохгоддзя. У Рыа-дэ-Жанэйра будуць працаваць 35 прадстаўнікоў медыяхолдынга. Акрамя трансляцый саміх спаборніцтваў, пра самыя цікавыя і захапляльныя моманты Гульняў гледачам распавядуць «Дзённікі Алімпіяды», падрыхтаваныя Агенцтвам тэленавін. Яны будуць выходзіць два разы на дзень з 5 жніўня. Раніцай у кароткіх дзённіках з'явіцца аператыўная інфармацыя аб спаборніцтвах, якія пройдуць для беларусаў ноччу (з-за розніцы ў часе з Бразіліяй). Больш падрабязнымі і грунтоўнымі стануць вячэрнія дзённікі - пасля «Панарамы» на «Беларусь 1». Штодзённы аб'ём алімпійскага вяшчання па ўсіх каналах медыяхолдынга складзе каля 33 гадзін у суткі, а агульны аб'ём - больш за 500 гадзін.

- На час Гульняў тэлеканал «Беларусь 5» становіцца кругласутачнай алімпійскай крыніцай інфармацыі, - гаворыць Сяргей Мацкевіч.
- Прыкладна 20 гадзін з 24, якія ёсць у сутках, штодня будзе весціся вяшчанне. Алімпійскую праграму будуць «разводзіць» толькі трансляцыі футбольнай Лігі чэмпіёнаў (раўнд плэй-оф), хакейнай Лігі чэмпіёнаў (дзе будзе гуляць мінскае «Юнацтва»), чэмпіяната Беларусі па футболе і Кубка краіны па хакеі.
На «Беларусь 2» плануецца штодня 3-4 трансляцыі гульнявых відаў спорту з Бразіліі. Мы пакажам не толькі матчы нашых дзяўчат-баскетбалістак, але яшчэ жаночыя і мужчынскія турніры па валейболе, гандболе, вядома - футболе. Ну і ўсе астатнія віды спорту, дзе ўдзельнічаюць беларусы, у абавязковым парадку будуць трансліравацца на «Беларусь 5». Ніводнага з беларускіх спартсменаў не абдзелім увагай! Пакажам усё. Дарэчы, цырымонію адкрыцця і закрыцця ў прамым эфіры можна будзе ўбачыць на тэлеканале «Беларусь 1».

- Сяргей, для журналістаў гэта таксама адказны час?
- Вядома. Ад Белтэлерадыёкампаніі ў Рыа адправіцца даволі вялікая дэлегацыя, у тым ліку 9 каментатараў тэлеканала «Беларусь 5». Падрыхтоўка журналістаў да Алімпійскіх гульняў праходзіць пастаянна і на працягу многіх гадоў. Адсочваем усе навіны, глядзім матчы і выступленні спартсменаў, да таго ж назапашаны вопыт заўсёды ідзе на карысць у рабоце.
У Бразілію, дарэчы, едуць большасць каментатараў, для якіх гэта не першая Алімпіяда.

- Чые галасы мы пачуем з Рыа?
- Гандбольны, валейбольны і футбольны турніры будзе каментаваць Аляксандр Цвячкоўскі, некаторыя гандбольныя матчы і акадэмічнае веславанне - Аляксандр Дзмітрыеў. Уладзімір Навіцкі раскажа пра цяжкую атлетыку, футбол і акадэмічнае веславанне. Павел Баранаў разам з Арташэсам Антанянам будуць працаваць на барцовых відах спорту — дзюдо, барацьба вольная і грэка-рымская, бокс, таэквандо. Улада Сарокіна возьме на сябе частку работы на турніры па плаванні, мастацкую і спартыўную гімнастыку. Дарына Запольская паедзе ў Рыа асноўным тэнісным каментатарам. Я і Аляксандр Казюкевіч (кіраўнік нашай дэлегацыі) будзем каментаваць лёгкую атлетыку.

- Што тычыцца бытавых момантаў, умоў працы, вывучылі экзатычную краіну?
- Прагугліў шмат інфармацыі наконт Бразіліі, даведаўся, як лепш паводзіць сябе прыезджым. У нас, у Белтэлерадыёкампаніі, дарэчы, правялі невялікі інструктаж, дзе расказалі пра некаторыя асаблівасці гэтай краіны. Напрыклад, у Бразіліі катэгарычна забараняецца піць ваду з-пад крана, гэта вельмі небяспечна для здароўя. Акрамя таго, не сакрэт, што Рыа-дэ-Жанэйра - досыць крымінагенны горад, таму нас папярэдзілі: па-адным лепш не хадзіць, грошы з сабой не насіць, а калі ўжо падышлі да цябе, то лепш не спрачацца. У той жа час, улады Бразіліі паабяцалі, што ўсё будзе добра. Пяцізоркавых гатэляў нам, вядома, не абяцаюць, умовы пражывання вельмі сціплыя, але шмат нам і не трэба. Работы будзе дастаткова. Складана знайсці дзень, які быў бы свабодным, вядома, хацелася б проста прайсціся па Рыа, наведаць пляж Капакабаны або статую Хрыста. Гэта акрамя таго, што для кожнага спартыўнага журналіста — мара пабываць на стадыёне такіх футбольных клубаў, як «Фламенга», «Сантас» «Сан-Паўлу», бо Бразілія — мекка футбола.

- Для цябе асабіста гэта таксама ўжо не першая Алімпіяда. Што самае галоўнае ў рабоце на такіх турнірах?
- Так, гэтыя Гульні - трэція ў маёй кар'еры. Галоўнае - не спрабаваць ахапіць неабсяжнае, тое, што я хацеў зрабіць на сваёй першай Алімпіядзе ў Лондане. Туды я вёз кілаграмы 3-4 паперы - раздрукоўкі, усялякія пазнакі пра спартсменаў. На такіх маштабных турнірах гэтага не патрабуецца, ёсць прэс-кіты, - у гэтай так званай брашуры сабраны біяграфічныя звесткі спартсменаў і іх дасягненні - уся неабходная інфармацыя. Плюс штосьці ўжо ведаеш са свайго ўласнага досведу, пастаянна ж «варышся» ў гэтай тэме, інфармацыя напрацоўваецца, адкладаецца, запамінаецца.

- Што запомнілася больш за ўсё з работы на папярэдніх Гульнях?
- Было шмат цікавых момантаў. У Лондане каментаваў плаванне і лёгкую атлетыку непасрэдна з арэн, дзе праходзілі спаборніцтвы. І вось першы дзень турніру па плаванні, каля маёй каментатарскай пазіцыі знаходзіўся праход. Гляджу, балельшчыкі ўстаюць і апладзіруюць, паварочваюся - літаральна за 20 метраў ідзе каралева Вялікабрытаніі. Вось так, спакойна, без велізарнай колькасці ахоўнікаў, павіталася з заўзятарамі, пакланілася і заняла месца на трыбуне.
У Сочы літаральна перада мной на турніры па фігурным катанні сядзеў прэзідэнт Расіі. Так атрымалася, што ўрадавая ложа была пад каментатарскай пазіцыяй Белтэлерадыёкампаніі.

- У прамым эфіры здараліся форс-мажоры?
- Вядома. У Сочы, акрамя фігурнага катання, я каментаваў яшчэ гарналыжны спорт. Там звычайна 70-80 удзельнікаў, спачатку выступаюць самыя моцныя — гэта дзесьці першая 30-ка, ну а далей людзі, якія прыехалі відавочна не па перамогу. Інфармацыі пра іх катастрафічна мала, але расказваць жа ўсё роўна штосьці трэба. Вось і спрабуеш знайсці нешта ў інтэрнэце і чакаеш заканчэння трансляцыі як манны нябеснай. Па плане ў нас, напрыклад, заканчваецца гарналыжны спорт а 12-й гадзіне і адбываецца пераход на іншую трансляцыю. Дзесьці ў 11.55 стартуе 50-ы нумар, я разумею, што дзякуй богу, гэта ўсё завяршаецца, пачынаю развітвацца з тэлегледачамі, і маўляў, з вамі быў Сяргей Мацкевіч, сустрэнемся заўтра. І тут у навушнік мне рэдактар кажа: «Сярога, тут невялікі форс-мажорчык, яшчэ хвілін 20 трэба працаваць». Прыйшлося зрабіць выгляд, што ўсіх гэтых развітанняў не было, і праз невялікую паўзу сказаць: «Ну а мы працягваем глядзець спаборніцтвы па гарналыжным спорце ...»

- Звычайна складана стрымліваць эмоцыі? Бо зразумела, што вы таксама ўсім сэрцам хварэеце за нашых спартсменаў.
- А іх не трэба стрымліваць, эмоцыі павінны быць, бо гэта ж Алімпійскія гульні! У Лондане на маіх трансляцыях Аляксандра Герасіменя заваявала дзве ўзнагароды, як я мог рэагаваць на гэта спакойна? Усе, напэўна, памятаюць, як я крычаў. А слова «малаці», якое я тады выкарыстаў (шчыра сказаць, у каментарыях да гэтага не чуў), пасля Алімпіяды мае калегі сталі ўжываць не толькі ў плаванні, але і ў іншых відах спорту.

- Падзяліся чаканнямі ад выступлення нашых спартсменаў на Гульнях у Бразіліі?
- Цяжка пра гэта казаць і тым больш штосьці прагназаваць. Зразумела, мы будзем спадзявацца і верыць, што ў лёгкай атлетыцы Марына Арзамасава і Аліна Талай пастараюцца ўзяць медалі. Іван Рыгоравіч Ціхан, цяпер яго менавіта так завуць, паказвае добрыя метры. Можа быць, яшчэ хтосьці выстраліць з лёгкаатлетаў. Успомнім Алімпійскія гульні 2004 года, 100 м. Хто чакаў, што пераможа беларуска? Ніхто тады не ведаў прозвішча Юліі Несцярэнкі. Шкада, вядома, што Андрэй Краўчанка, які быў гатовы на медаль, зламаўся. Думаю, у плаванні ў нас ёсць шанцы на ўзнагароды. Нароўні з Аляксандрай Герасіменяй добры вынік паказваюць і Жэня Цуркін, і Павел Санковіч, але тут усё залежыць ад канкрэтнага стану, самаадчування ў канкрэтны дзень. Гэта людзі, якія прэтэндуюць на медалі, але ці атрымаецца... У той жа час ёсць нейкія, на мой погляд, няхай не жалезныя, але спартсмены, якія маюць вельмі вялікія шанцы, мяркуючы па выніках апошніх сезонаў. Той жа Арман-Маршал Сіла, адзін з відавочных кандыдатаў. Вадзім Стральцоў павінен паспрабаваць узяць алімпійскую ўзнагароду.
Не будзем забываць, што калі б паехала ў Рыа мужчынская група веславання на байдарках і каноэ, сто працэнтаў, што там хоць адзін медаль, але быў бы дакладна. Тое, што ў мастацкай гімнастыцы ў нас заўсёды ёсць медалі, мы ўжо прывыклі, спадзяёмся на іх і сёлета.
Што тычыцца агульнага заліку, то я аддаў бы перавагу дзвюм краінам - гэта ЗША і Кітай. Улічваючы, што Алімпіяда праходзіць у Бразіліі, то і гэтая краіна будзе дзесьці блізка да першых радкоў. Там ёсць вельмі моцныя плыўцы, у лёгкай атлетыцы дакладна ў іх будуць медалі, ва ўсіх гульнявых відах спорту яны будуць прэтэндаваць на ўзнагароды. Хочацца верыць, што і наша родная, беларуская каманда, хоць дзясятак медалёў возьме.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ.