Тэлеканал "Беларусь 5" - год у эфіры

24.10.2014
"Звязда", 24 кастрычніка 2014 г.

 
Першы беларускі спартыўны тэлеканал "Беларусь 5" адзначыў свой першы дзень нараджэння. За час прысутнасці ў медыяпрасторы прыхільнікі спорту сачылі ў прамых трансляцыях і спецыяльных выпусках праграм за падзеямі маштабных спаборніцтваў і былі ў курсе апошніх спартыўных навін. У планах "Беларусь 5" - павялічыць аб'ём вяшчання і разнастаіць эфір дадатковым кантэнтам, палепшыць якасць існуючых уласных праектаў і прадставіць тэлеаўдыторыі новыя.
"Мы і надалей будзем трансліраваць самыя топавыя спаборніцтвы, турніры і матчы. Бо хочам, каб нашы гледачы знаходзіліся ў цэнтры самых гарачых спартыўных баталій, хварэлі і перажывалі за сваіх фаварытаў, адсочвалі гульні з удзелам беларускіх каманд і падтрымлівалі іх. Да свайго першага дня нараджэння мы падрыхтавалі падарунак. З 21 кастрычніка на канале выходзіць у эфір штодзённая ранішняя гадзіна навін. Такі фармат дазволіць балельшчыкам быць у курсе апошніх спартыўных падзей. На сезон 2014-2015 мы запланавалі шмат сюрпрызаў і цікавых праектаў. Так што сачыце за эфірамі!" - адзначыў у звароце да гледачоў кіраўнік тэлеканала Павел Булацкі.
Нагадаем, спартыўны тэлеканал "Беларусь 5", створаны ў структуры галоўнага медыяхолдынга краіны, ставіць сваім прыярытэтам выкарыстанне эксклюзіўнага спартыўнага кантэнту на тэрыторыі рэспублікі. За першы год вяшчання беларускія гледачы змаглі далучыцца да такіх значных сусветных спартыўных падзей, як зімовыя Алімпійскія гульні ў Сочы, чэмпіянат свету па хакеі ў Беларусі, чэмпіянат свету па футболе ў Бразіліі. Таксама спартыўныя балельшчыкі ўбачылі трансляцыі Лігі Чэмпіёнаў і Лігі Еўропы УЕФА, тэнісных турніраў WTA, чэмпіянату Еўропы па гандболе, Кантынентальнай хакейнай лігі, Кубка свету па біятлоне, чэмпіянату Англіі па футболе, Уімблдона і не толькі.
Акрамя спартыўных трансляцый, у эфіры тэлеканала прадстаўлены праекты Белтэлерадыёкампаніі, прысвечаныя папулярным відам спорту, сярод якіх "Авертайм", "Фактар сілы", "Час футбола" і "Спорт-кадр".

Алена ДРАПКО.