Тэа ў Мінску сустракалі з песнямі і танцамі

13.05.2014
"Звязда", 13 мая 2014 г.

 
Вечар 11 мая ў Нацыянальным аэрапорце выдаўся багатым на эмоцыі. Тут сустракалі Тэа (Юрыя Вашчука), які прадстаўляў сёлета Беларусь на міжнародным конкурсе "Еўрабачанне-2014". Кветкі, плакаты, апладысменты - так чакалі свайго героя прыхільнікі.
Рэйс з Парыжа, якім павінен быў прыляцець спявак з беларускай дэлегацыяй, затрымліваўся, але гэта не зніжала градус настрою прысутных. Каля ста чалавек спявалі добра вядомы "Чызкейк", паўтаралі ў танцы яго знакамітыя рухі, а некаторыя паміж сабой абмяркоўвалі конкурс. Варта было адчыніцца дзвярам тэрмінала, з якога чакалі выхаду Тэа, як натоўп узарваўся апладысментамі, свістам і выкрыкамі яго імя, што прыемна здзіўляла пасажыраў. Калі, нарэшце, дачакаліся самога артыста, то радасць публікі перадалася і яму.
- Дзякуй за вашу падтрымку! Гэта вельмі дапамагае і дае сілы, - прывітаў прысутных Тэа. І на стомленым твары з'явілася ўсмешка, а ў вачах - прыемнае здзіўленне.
Акружаны колам прыхільнікаў, большасць якіх складалі дзяўчаты, спявак прымаў віншаванні, фатаграфаваўся і раздаваў аўтографы. Пад канец нават паспяваў і станцаваў з некаторымі.
- Вярнуўся з думкай, што вось нарэшце я дома. Гэта ж фінал пяцімесячнай працы, а апошнія чатыры дні выдаліся асабліва цяжкімі: прагон другога паўфіналу, сам паўфінал, прагон фіналу. Нашы артысты спалі ў грымёрцы, і добра, калі на канапе можна было прылегчы... Таму вельмі хацелася вярнуцца на радзіму. Прычым вярнуцца так, як я: мяне сустрэлі вельмі цёпла і гасцінна. Здорава! Вось бы заўсёды так вяртацца! - падзяліўся з прысутнымі журналістамі Тэа. - Падтрымка адчувалася нават на адлегласці. Жадаю ўсім артыстам, якія будуць ехаць на "Еўрабачанне", каб слухачы і гледачы да іх ставіліся з такой жа цеплынёй. Тады ў іх усё абавязкова атрымаецца.
Наконт бліжэйшых планаў і верагоднасці вярнуцца на "Еўрабачанне" артыст выказаўся лаканічна: "Хочацца выспацца. Я толькі вярнуўся з конкурсу, таму думкамі яшчэ там. Але хто яго ведае, ці будзе наступны раз..."

Алена ДРАПКО.