Танцы плюс

30.05.2009
"Звязда", 30 мая 2009 г.


Якiм атрымаўся беларускi аналаг "Танцаў з зоркамi", ацэньваюць яго ўдзельнiкi
Заўтра адбудзецца фiнал шоу "Зорныя танцы", якое адначасова з'яўляецца нацыянальным адборачным турам "Танцавальнага Еўрабачання-2009". Пара пераможцаў, якой аддадуць перавагу журы i гледачы, стане прадстаўнiком Беларусi на танцавальным шоу ў Азербайджане - i стане, дарэчы, першай ластаўкай удзелу нашай краiны ў гэтым конкурсе.
Восем тыдняў запар яны танцавалi, журы ацэньвала, а мы глядзелi. Прафесiяналы - майстры спорту, прызёры рэспублiканскiх i мiжнародных спаборнiцтваў - сталi крыху блiжэйшымi нам, людзям звычайным i далёкiм ад паркету, рытмаў ча-ча-ча i бляску лацiны.
Зоркi эстрады, тэатра i тэлеэфiру, якiя выступалi ў кожнай пары "слабым звяном" - дылетантамi, якiх трэба навучыць вiртуозным па - здзiвiлi сваёй працаздольнасцю i гатоўнасцю ахвяраваць сном, часам, "карпаратывамi", нават асабiстым гардэробам... Спявачка Венера за гадзiну пафарбавала аэразолем туфлi ў чорны колер, затое потым усю ноч адбельвала абутак, нават зубной шчоткай чысцiла! А Дзмiтрый Карась, напрыклад, стаў ахвярай уласных творчых iдэй. Тэлевядучы ўмудрыўся атруцiцца газай - для нумару "Каралi начной Вероны" хацеў выступiць у ролi факiра, але дзесьцi памылiўся i ледзьве не апынуўся ў бальнiцы.
А як давялося папацець "адказным за прыгажосць"! Стылiсты распрацавалi i пашылi для шоу 61 касцюм, грымёры выскраблi да дна 20 слоiчкаў пудры, вылiлi на прычоскi канкурсантаў звыш 30 флаконаў лаку i замацавалi локаны амаль двума дзясяткамi ўпаковак разнастайных шпiлек ды заколак...
I ўсё гэта - дзеля таго, каб зрабiць "Зорныя танцы" больш яркiмi, запамiнальнымi i прывабнымi для гледачоў. Хоць мiжволi яны - у сэнсе, мы - працягваем параўноўваць шоу з расiйскiмi аналагамi i добра бачым усе недапрацоўкi айчынных пастаноўшчыкаў, але ў той жа час удалыя знаходкi цэнiм, экранным эмоцыям - верым, спрачаемся аб выступленнях да хрыпаты i па традыцыi перажываем: ну, хто ж там возьме пальму першынства - тыя, хто падабаецца мне, або зусiм iншая пара?
Чакаць адказу на гэта пытанне засталося зусiм нядоўга. 31 мая на танцпляцоўку ў апошнi раз выйдуць усе 8 пар, якiя бралi ўдзел у праекце, каб выканаць самыя прыгожыя i любiмыя свае танцы. Потым балы, якiя выставiла фiналiстам журы, будуць складзеныя з ацэнкамi тэлегледачоў, i адна з чатырох пар - Кiрыл Клiшэвiч i Святлана Пашкевiч, Руслан Чарнецкi i Кацярына Папова, Юлiя Раскiна i Дзянiс Марасiн, Iскуi Абалян i Арцём Гарбачоў - пачне прымаць вiншаваннi з перамогай ад усiх удзельнiкаў праекта...
Зразумела, iмёны пераможцаў мы ўжо даведалiся, але па законах жанру раскрываць раней часу не сталi. Затое прапанавалi парам-фiналiстам, якiя некалькi месяцаў варылiся ў гэтым вялiзным танцавальным катле, выставiць свае ацэнкi праекту "Зорныя танцы". Для пачатку -

..суддзям

Цяжка спрачацца з меркаваннем члена журы, асаблiва калi гэта такiя знакамiтыя асобы, як Наташа Каралёва, Святлана Хоркiна, Юлiя Савiчава, .... цi Мiкалай Цыскарыдзе. Але, з iншага боку, суддзi таксама людзi, якiя могуць памыляцца, быць суб'ектыўнымi, даць волю эмоцыям i пакрыўдзiць канкурсантаў незаслужана нiзкай ацэнкай. "Каму з суддзяў вы паставiлi б найвышэйшую адзнаку - 6 балаў?" - пацiкавiлiся мы ў фiналiстаў "Зорных танцаў".

Кiрыл Клiшэвiч, удзельнiк гурта "Тяни-Толкай": "Напэўна, калi гаварыць пра нумары менавiта з пункту гледжання танцавальнасцi, то найбольш аб'ектыўна адзнакi выстаўлялi менавiта суддзi-"бальнiкi". Бо вельмi часта ў мяне выклiкала недаўменне i нават злосць, калi непрафесiяналы - вядомыя асобы, запрошаныя проста пасядзець у журы - выстаўлялi адзнакi i гаварылi нейкiя свае меркаваннi, якiя ўвогуле не мелi дачынення да нумара. I я тады не разумеў, што ж я гэтаму чалавеку зрабiў, каб заслужыць такое суджэнне... А 6 балаў, напэўна, я паставiў бы Аляксандру Мяжэннаму - не тое каб за аб'ектыўнасць цi нейкi звышпрафесiйны падыход, а за тое, што ён быў найбольш заўважным з усiх суддзяў, вылучаўся як ацэнкамi, так i сваiмi каментарамi".
Руслан Чарнецкi, акцёр Рускага драматычнага тэатра iмя Горкага, кiнаакцёр: "6 балаў? Мiкалаю Цыскарыдзэ. Не таму, што ён нас пахвалiў цi што - наадварот, ён паставiў нам "пяцёрку", але паставiў за справу, i зрабiў такiя прафесiйныя заўвагi, якiя нам вельмi дапамаглi. Дзякуй яму за гэта вялiзны".
Юлiя Раскiна, майстар спорту па мастацкай гiмнастыцы, сярэбраная чэмпiёнка Алiмпiйскiх гульняў: "Я ўвогуле вельмi паважлiва стаўлюся да меркавання журы - нават калi ставiлi не вельмi высокiя адзнакi i тлумачылi нашы памылкi, мы не крыўдавалi, бо атрымлiвалi штуршок для руху наперад. Мне асабiста найбольш карыснымi былi рэкамендацыi мастацкага кiраўнiка праекта Таццяны Бандарчук - яна заўжды абгрунтоўвала сваю ацэнку, i калi ёй штосьцi не падабалася, так адкрыта i гаварыла, а калi выступленне было сапраўды вартым, казала: "Юля, я табой ганаруся", - i гэта было для мяне найвышэйшай пахвалой".
Iскуi Абалян, спявачка: "Работа суддзяў была вельмi рознай, часам нават нестабiльнай, таму цяпер мне цяжка кагосьцi вылучыць... Мне падабалася, калi свае каментарыi даваў Аляксандр Варламаў - ён гаварыў з пункту гледжання эстэта, чалавека мастацтва, якi хоць i дылетант у танцах, але затое выдатна разбiраецца ў прыгожым i прыгажосцi. Паслухаць яго ацэнкi было заўжды цiкава - гэты былi вельмi яркiя i вобразныя характарыстыкi, i для кожнага ўдзельнiка знаходзiлiся дакладныя словы".

...канкурэнтам

Любое спаборнiцтва - такая справа, у якой мала добра паказаць сябе, трэба яшчэ хоць адным вокам сачыць за супернiкамi, хто з iх выступiў слабей, хто мацней, а хто ўразiў настолькi, што хочацца проста зняць капялюш i апладзiраваць. "Каго з супернiкаў вы ацэньваеце найбольш высока?" - спыталiся мы пасля таго, як усе нумары былi паказаныя ў апошнi раз.

Кiрыл Клiшэвiч: "Пачаць хочацца, натуральна, з сябе... (Смяецца). Мне вельмi падабаецца пара Руслан Чарнецкi i Каця Папова - яны сапраўды малайцы i, на мой погляд, былi найбольш вартымi перамогi".
Руслан Чарнецкi: "Найвышэйшую адзнаку я мог бы паставiць, напэўна, некалькiм людзям - Кiрылу Клiшэвiчу, Венеры, Iскуi. Кiрылу - за артыстызм i тэхнiку; у бальных танцах вельмi хуткiя рытмы, i правiльна перасоўвацца, ставiць ногi вельмi цяжка, я на сабе гэта адчуў. Кiрыл спраўляўся выдатна. Венера - не толькi вельмi стыльны чалавек i прыгожая спявачка, яна ўразiла сваёй сiлай. Быў такi момант, прыкладна ў сярэдзiне праекта, калi яна захварэла - але ўсё адно прыязджала нават з бальнiцы, трэнiравалася i ў любых абставiнах заставалася прыгажуняй. Iскуi Абалян - за артыстызм, кожны яе нумар меў сваю iскрынку i заўжды мне падабаўся".
Iскуi Абалян: "Пачну з таго, што ў фiнал трапiлi сапраўды моцныя пары, у кожнай з якiх ёсць свае моцныя i слабыя бакi. Мне, напрыклад, вельмi сiмпатычная пара Руслан Чарнецкi i Каця Папова - яны настолькi гарманiчныя, беларускi волат-прыгажун Руслан, якi пры такой камплекцыi можа вельмi зграбна i пяшчотна рухацца, i вытанчаная Каця, якая адцяняе свайго партнёра. Яшчэ мяне заварожвае Святлана Пашкевiч сваёй знешняй яркасцю i ўсмешкай, якая ўсiх адразу абяззбройвае. Нават мая мацi, якая ўвесь час пiльна сачыла за праектам, адзначыла: "Ой, у яе такiя ножкi!". А калi жанчына робiць камплiмент жанчыне - пагадзiцеся, гэта сапраўды таго варта! Пра Юлю Раскiну i Дзянiса Марасiна нават гаварыць не даводзiцца - вiдавочныя фаварыты, прычым у Дзянiса, нягледзячы на самы юны ўзрост, вельмi вялiкi артыстызм, у яго спявае кожная клетачка, i гэта адразу бачна".
Юлiя Раскiна: "Калi б давялося сядзець у журы, я паставiла б найвышэйшыя адзнакi Руслану Чарнецкаму i Кацi Паповай. Мне проста вельмi падабаецца гэта пара - яны i тэхнiчныя, i эмацыйныя, i на iх работу заўжды прыемна паглядзець. I яшчэ мне iмпанавала пара Дзмiтрый Карась i Iрына Казанцава - да кожнага танца яны прыдумлялi асобную гiсторыю, шукалi цiкавае аздабленне, i падрыхтоўка нумара пастаянна суправаджалася творчымi знаходкамi. Дзiма, як высветлiлася, такi нястомны фантазёр!".

...i самiм сабе

Што застанецца пасля праекта ва ўсiх удзельнiкаў, акрамя набытага досведу, пацягнутых мышцаў i фотаальбомаў на памяць? Застануцца ўражаннi - удвая каштоўныя з той прычыны, што падобны праект адбыўся ў Беларусi ўпершыню. Найбольш яркiмi з гэтых уражанняў фiналiсты "Зорных танцаў" падзялiлiся з намi.

Юлiя Раскiна: "Тыя складанасцi, якiя здаралiся падчас рэпетыцый, дзякаваць Богу, ужо забылiся - хаця ў мяне былi хвiлiны слабасцi i шкадавання самой сябе, калi здавалася, што я больш не магу i не хачу. Хацелася пайсцi i бразнуць дзвярыма - але куды тут бразнеш, калi да наступнага эфiру засталося чатыры днi! (Смяецца). Даводзiлася засоўваць сваё "я" глыбей i iсцi далей у залу працаваць. А самае яркае ўражанне - як мы выканалi танга (самi ад сябе такога напалу жарсцi не чакалi!) i як яго ацанiла журы. Дзеля такой рэакцыi, я лiчу, варта было прайсцi агонь, ваду i медныя трубы".
Кiрыл Клiшэвiч: "Гэта момант на перадапошнiх здымках, калi мы танцавалi румбу. Я лiчу той танец найлепшым нашым нумарам. За ўвесь час праекта гэта быў адзiны выпадак, калi я нiчога не бачыў вакол сябе - была толькi музыка i мая партнёрка Света. Адчуванне незабыўнае!"
Руслан Чарнецкi: "Самае яркае ўражанне - думаю, Каця са мной пагодзiцца - гэта было апошняе наша танга, якое абодвум прынесла неверагоднае задавальненне. Мы танцавалi, як апошнi раз у жыццi, i магчыма таму журы нас пасля гэтага пакiнула ў праекце...".
Iскуi Абалян: "Мы з Арцёмам столькi перажылi... На працягу ўсяго праекта ён цярплiва стараўся даць мне максiмум iнфармацыi, навучыць усяму, але пры гэтым не паранiць, захаваць як самастойную творчую адзiнку, за што я вельмi яму ўдзячная".
"Мне са свайго боку было прыемна адчуваць, што разам са мной не проста партнёр, а блiзкi сябар, якому можна многае расказаць - фактычна, яшчэ адна мама, - дадае Арцём Гарбачоў. - Прыкладна ў сярэдзiне праекта я злавiў сябе на тым, што бачу ў Iскуi не дылетанта, а паўнапраўнага танцора, i, магчыма, часам стаўлю ёй празмерна высокую планку. Але яна не адмаўлялася - маўляў, я гэтага не магу, а з усяе сiлы цягнулася, таму ў нас вельмi многае атрымалася".