Танцуюць... не ўсе

24.03.2009
"Звязда", 24 сакавіка 2009 г.


Вызначылiся паўфiналiсты праекта "Зорныя танцы", якi з'яўляецца нацыянальным адборачным турам на мiжнародны конкурс "Танцавальнае Еўрабачанне". Як i песенны адбор, яго праводзiць у нашай краiне Белтэлерадыёкампанiя.
Спачатку ў "Зорныя танцы" арганiзатары запрасiлi крыху больш за 30 чалавек - папулярных выканаўцаў, спартсменаў, акцёраў i тэлевядучых; але да фiнiшу першага тура колькасць удзельнiкаў вырасла да 39 чалавек. Некаторыя "зоркi", даведаўшыся аб праекце, папрасiлiся ў яго звыш квоты.
Але ў другi тур прафесiйнае журы на чале з мастацкiм кiраўнiком праекта - старшынёй Беларускай федэрацыi танцавальнага спорту, дырэктарам Белдзяржцырка Таццянай Бандарчук - прапусцiла строга па плану толькi 8 чалавек. Усiм удзельнiкам давялося здаваць iспыты па танцах лацiнаамерыканскай i еўрапейскай праграмы, i тут ужо ўсё тайнае зрабiлася яўным - хто прапускаў заняткi на працягу месяца, а хто, наадварот, браў дадатковыя ўрокi, каму дапамагла ранейшая танцавальная падрыхтоўка, а каму - прыродная гнуткасць i пачуццё рытму... Пасля падлiку балаў пуцёўкi ў паўфiнал адбору на "Танцавальнае Еўрабачанне" атрымалi спявачкi Іскуi Абалян i Венера, спявак Аляксей Хлястоў, удзельнiк гурта "Тяни-Толкай" Кiрыл Клiшэвiч, тэлевядучыя Вiкторыя Сянкевiч i Дзмiтрый Карась, гiмнастка Юлiя Раскiна, акцёр Руслан Чарнецкi. Усiм iм Беларуская федэрацыя танцавальнага спорту падабрала партнёраў - прафесiйных танцораў.
Ужо ў красавiку штотыднёва па суботах новаствораныя пары будуць дэманстраваць перад журы падрыхтаваныя танцавальныя нумары. Дзве пары, якiя набяруць найменшую колькасць балаў, стануць кандыдатамi на выбыванне - але адну з iх змогуць выратаваць СМС-галасаваннем тэлегледачы. Таксама гледачы вырашаць у фiнале, хто стане пераможцам "Зорных танцаў" i стане прадстаўнiком Беларусi на "Танцавальным Еўрабачаннi-2009" у Баку. Нагадаем, два папярэднiя танцавальныя конкурсы Беларусь транслiравала, але ўдзел бярэ ўпершыню.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.