Таленты і суддзі

08.05.2015

"Звязда"

Паслязаўтра беларуская дэлегацыя накіруецца ў сталіцу Аўстрыі, якая прымае сёлета з 19 па 23 мая 60-ы Міжнародны конкурс песні "Еўрабачанне-2015". Акрамя прадстаўнікоў Белтэлерадыёкампаніі, урача-фаніятра, харэографа і рэжысёра, у Вену разам з дуэтам Uzarі&Maіmuna паляцяць бэк-вакалісты Арцём Ахпаш, Юрый Селязнёў, Дзяніс Ліс.

Пастаноўкай нумара займалася Ніна Драко, якая звычайна рэжысіруе модныя паказы; сцэнічныя касцюмы для артыстаў шылі беларускія дызайнеры Ганна Герт і Вольга Бухал. З прома-прадукцыяй сёлета таксама вырашылі не мудрыць: у якасці сувеніраў падрыхтавалі паштоўкі, блакноты і майкі, а таксама невялікую колькасць утульных пледаў і абмежаваны наклад эксклюзіўных гадзіннікаў з засцежкай у выглядзе флэшкі.

Паводле абноўленых правілаў конкурсу, яшчэ да яго пачатку кожная краіна павінна абвясціць таксама склад прафесійнага журы, ад удзельнікаў якога залежыць 50% ацэнак усіх выканаўцаў. Сярод беларускіх суддзяў - дырэктар тэлеканала "Беларусь 2" Наталля Марынава, спявак і шоумен Віталь Карпанаў, спецыяліст аддзела культуры адміністрацыі Маскоўскага раёна сталіцы Аксана Арцюшэўская, спявак і выкладчык па вакале Аляксей Грос, спявачка Іскуі Абалян і "запасны гулец" тэлевядучы, прадзюсар Дзмітрый Карась.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.