Талент на Мальту прывядзе

01.07.2016 "Звязда"

Склад удзельнікаў фіналу Нацыянальнага адборачнага тура дзіцячага конкурсу песні “Еўрабачанне-2016” стаў вядомы 27 чэрвеня.

Склад удзельнікаў фіналу Нацыянальнага адборачнага тура дзіцячага конкурсу песні “Еўрабачанне-2016” стаў вядомы 27 чэрвеня. Дзясятку фіналістаў па выніках праслухоўвання выбрала прафесійнае журы.

Арганізатары дапусцілі ўсіх прэтэндэнтаў, чые заяўкі былі аформлены ў адпаведнасці з патрабаваннямі. У выніку пачулі 45 удзельнікаў, сярод якіх 39 сольных выканаўцаў і 6 вакальных гуртоў. Кожны з прэтэндэнтаў прадставіў сваю творчасць у студыі гуказапісу Белтэлерадыёкампаніі ў рэжыме жывога гуку і ў суправаджэнні музыкі і (ці) фанаграмы, запісанай без вакалу.

У фінале адборачнага тура мы на гэты раз убачым і пачуем наступных юных артыстаў: Аляксандра Міненку, Юлію Мажылоўскую, Стэфанію Сакалову, Зінаіду Купрыяновіч, Марыю Жыліну і гурт “Нясумны ўзрост” з Мінска, Марыю Магільную, Алену Цітову і Вольгу Канавалаву з Магілёва, а таксама шоу-групу “So-Nі-Ka” з Віцебска.

Фінальнае шоу ў форме гала-канцэрта адбудзецца ў прамым эфіры тэлеканалаў “Беларусь 1” і “Беларусь 24” не пазней за 16 верасня.  Па традыцыі эксклюзіўным вяшчальнікам як Нацыянальнага адбору, так і міжнароднага дзіцячага конкурсу песні выступае тэлеканал “Беларусь 1”.

Алена ДРАПКО.