Такая перамога ёсць не ў кожнага народа!

17.04.2015

"Звязда"

Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі падрыхтавала промаролікі, прысвечаныя знамянальнай даце - 70-годзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Па задуме аўтараў, кожны ролік - гэта 30-секундны эпізод з ваеннага мінулага, якое змяняецца нашым часам. Ідэя кожнага - паказаць, як было ў гады вайны і як стала цяпер. Усе міні-фільмы аб’яднаны слоганам: "Такая перамога ёсць не ў кожнага народа!" Іх героі - ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і тэлевядучыя АТН у ролі ветэранаў у маладосці.

- Мне тэма вайны блізкая. Перш за ўсё таму, што мой прадзед быў капітанам НКУС і 12 мая 1945 года, калі афіцыйна вайна ўжо скончылася, атрымаў кантузію. У яго забралі ўсе ўзнагароды і вярнулі іх толькі перад смерцю, у 1970 годзе, - гаворыць рэжысёр праекта Юрый Ярошык. - Менавіта таму я ўпэўнены, што пра той час і тых людзей трэба помніць. Мы "прымяраем" на сябе вобразы тых людзей, аднаўляем з дапамогай кінематаграфічных сродкаў атмасферу. Безумоўна, працуючы над кожным ролікам, мы імкнуліся лавіць настрой, стараліся зразумець, чым былі абумоўлены тыя ці іншыя ўчынкі нашых герояў.

Вядучых тэлеканала можна будзе ўбачыць у самых розных амплуа: Іван Міхайлаў - камандзір атрада, Вікторыя Сянкевіч - медсястра, Дзмітрый Бачкоў - генерал, Сяргей Гусачэнка - падрыўнік, Юрый Ярошык - партызан, Паліна Шуба - ваенны карэспандэнт, Алена Насачова - маці, а Дзмітрый Цітоў і Станіслаў Ліпскі - параненыя салдаты. На здымачнай пляцоўцы ўсё набліжана да рэальных ваенных умоў: партызанскія зямлянкі як дэкарацыі, на тэлевядучых форма 1943-1945 гг., якую падбіралі індывідуальна пад кожнага. Апранаць абмундзіраванне з прычыны неспрыяльнага надвор’я давялося на вопратку.

На здымках галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі Іван Міхайлаў (у мінулым афіцэр) ізноў прымераў пагоны, праўда, на гэты раз маёрскія: "Я злавіў сябе на думцы, што ў такіх умовах падчас вайны людзі жылі гадамі. Жылі, ваявалі, перамагалі. І перад вачамі паўсталі ўсе тыя жахі. Гэты праект - наш доўг перад ветэранамі, тое, што мы, тэлевізійшчыкі, можам зрабіць для іх".

Перад вядучымі праекта стаяла складаная задача: зрабіць 30-секундныя ролікі фактычна міні-фільмамі са зразумелым і завершаным сюжэтам, дынамічным відэарадам, а галоўнае - эмацыянальна насычанымі для ўспрымання. Над праектам працавала вялікая каманда АТН: аўтары сцэнарыя - Руслан Туркоў, Наталля Кузьміцкая, рэжысёр - Юрый Ярошык, гукарэжысёр - Мікіта Дабрыян, аператары Дзяніс Сакалоўскі, Юрый і Уладзімір Ціхановічы, асвятляльнік - Аляксандр Бурсевіч, мастак-грымёр - Дзіяна Слінко-Сігава, прадзюсары - Паліна Лушчык і Арына Дземянкова. Першыя ролікі можна будзе ўбачыць у найбліжэйшы час у эфіры тэлеканала "Беларусь 1".

Алена ДРАПКО.