Сяргей Кухто марыць стаць аналiтыкам i "зняць фiльм, як Парфёнаў"

27.10.2006
"Звязда", 27 кастрычніка 2006 г.


(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 26 кастрычніка.)

- Вось зробiшся ты аналiтыкам, i стане ў краiне яшчэ адным шоуменам менш. А iх у нас i так мала...
- Ну, я ж магу, да прыкладу, аналiзаваць шоу-бiзнэс. Праўда, думаю, я быў бы занудным вядучым-аналiтыкам. (Смяецца.) Хоць, натуральна, ёсць i iншыя прыклады - скажам, Дзмiтрый Дзiброў, якi ў сваiх праграмах цудоўна сумяшчае аналiз i статус шоумена.

- I яшчэ музыканта. Можа, ты таксама запяеш - зараз гэта модна?
- У чым магу запэўнiць усiх чытачоў, гэта ў тым, што спяваючым мяне нiхто не ўбачыць. Бо я проста не ўмею гэтага рабiць. А я - за прафесiяналiзм ва ўсiм, i ў спевах, i ў любым iншым вiдзе дзейнасцi. Нас выхоўвалi як унiверсалаў, якiя ўмеюць усё пакрысе: чалавек крыху ўмее машыну вадзiць, цвiкi забiваць, у эканомiцы разбiрацца - але дэталёва не валодае нiводным уменнем. Я лiчу, чым больш будзе сапраўдных прафесiяналаў у розных галiнах, тым лягчэй будзе жыць усiм нам. У сэнсе спеваў - я лепш буду слухаць. На крайнi выпадак, ацэньваць: апладзiраваць гучна або цiха. (Смяецца.)

- Дарэчы, наконт прафесiяналаў. Другая твая адукацыя - тэатральная - у жыццi спатрэбiлася. А першая, дастаткова спецыфiчная - гiдрамелiяратыўная - была неяк рэалiзавана?
- Увогуле я лiчу, што нiводная адукацыя не праходзiць дарэмна. Калi мы з бацькам будавалi лазню i спатрэбiлася карыстацца нiвелiрам, я хуценька ўспомнiў, што да чаго... Насамрэч, вывучэнне дакладных навук - а мы вучылi геадэзiю, сапрамат - дазваляе з розумам падыходзiць да любой задачы. Найлепшыя вынiкi дае спалучэнне тэарэтыкаў i практыкаў, гуманiтарыяў i матэматыкаў. Бо адны здольныя "безбашенно" прыдумаць, а другiя растлумачыць, як гэта можна зрабiць на практыцы. Так што мне адукацыя дапамагла пачаць рэалiзоўваць нейкiя мае фантазii. I я гэтаму вельмi рады i ўдзячны.

Лато звонку i знутры

- Шэсць гадоў ты за здорава жывеш - раздаеш беларусам унушальныя сумы грошай i каштоўныя падарункi... Жаба не душыць?
- (Адсмяяўшыся.) Ты першая, хто задаў такое пытанне. Мне чамусьцi здавалася, што наконт "Вашага лато" я ведаю ўсе пытаннi, на ўсё былi загатоўкi, а тут такое... З маiх назiранняў, гледачы "Вашага лато" дзеляцца на дзве катэгорыi. Адны глядзяць i шчыра радуюцца за iншых: вось пашанцавала некаму! А другiя, асаблiва калi выйграе заможны чалавек, рэагуюць так: ну, навошта яму грошы? (Як быццам бiзнэсменам грошы i машыны ўвогуле непатрэбныя.) I яшчэ, заўважу, не ўсiм выйгрыш iдзе на карысць. Думаю, Бог тэсцiруе: цi вытрымаеш ты гэта выпрабаванне. I спраўляюцца не ўсе. Але ёсць i людзi, да якiх выйгрыш прыходзiць як падарунак лёсу. Нiколi не забудуся, калi адзiн мужчына ўсё жыццё марыў пра аўтамабiль. I калi мы яго прывезлi - лiтаральна плакаў, бо ўжо збiраўся памiраць з няздзейсненай марай (то дачок замуж выдаваў, то яшчэ на штосьцi грошы трацiў - i на пенсii зразумеў, што на аўтамабiль ужо нiколi не назбiрае). А тут - выйгрыш. Было адчуванне неперадавальнага шчасця за чалавека. Не забудуся таксама, людзi выйгралi аўто - а ў iх напярэдаднi абрабавалi дом i скралi грошы, якiя адкладвалiся на складаную аперацыю для мужа... Як гэта яшчэ ўспрымаць, як не Божую дапамогу. Яшчэ памятаю шматдзетную сям'ю, дзе мацi выйгравала некалькi разоў даволi буйныя сумы - а ў яе свае дзецi i некалькi прыёмных... А быў чалавек, якi выйграў "Жыгулi" i не ведаў, што з iмi рабiць: самому машына не патрэбна, а падарыць некаму не жадаў. Не, мяне жаба не душыць. Бо звычайна больш прычын для радасцi.

- А калi раптам выйграеш сам - маральна гатовы да гэтага? Альбо табе прасцей зарабiць самому, не выпрабоўваючы фартуну?
- Я часта думаў над гэтым. Разважаў: калi знянацку выйграю, што рабiць? Калi расказаць усiм - скажуць, зразумела, сам сабе падыграў. Нiкому не расказаць - а як гэта ў сабе ўтрымаеш? Дзякуй вялiкi Кампанii i "Беларускiм латарэям", мне плацяць нармальныя грошы, якiя мяне задавальняюць, дазваляюць адчуваць сябе запатрабаваным. Так што творчы саюз з "Вашым лато" для мяне карысны.

- А як у вашага саюза складваюцца стасункi з канкурэнтам - "Суперлато" i Артурам Шуляком?
- З Артурам мы добра сябруем, бо знаёмыя яшчэ з той пары, калi нiхто з нас не вёў латарэi. Так, праграмы канкурыруюць, але мы - першая гульня, старэйшая ў Беларусi, якая працуе ад iмя дзяржавы i якая заваявала за гэты час давер людзей. Абодва "Лато" зараз карыстаюцца попытам, але, думаю, калi зараз адкрыецца трэцяя падобная гульня, яна таксама знойдзе сваю нiшу i сваiх прыхiльнiкаў. Выйграюць у любым выпадку ўдзельнiкi - гледачы.
Доўгi час хадзiлi чуткi, быццам супрацоўнiкам адной праграмы забараняюць гуляць у другiм, канкурэнтным лато. Аднак, паводле слоў Сяргея, нiякiх "драконаўскiх" мераў на гэты конт не iснуе - некаторыя тэлевiзiйнiкi нават працуюць у абедзвюх здымачных групах, дый проста сябраваць людзям нiхто не забаронiць.

- "Ваша лато" зрабiла цябе вельмi папулярным. У славе больш плюсаў цi мiнусаў?
- I з ёй дрэнна, i без яе немагчыма. Часам пастаянная ўвага напружвае. Але ўвогуле без яе адчуваеш сябе нiкому не патрэбным, а для публiчнага чалавека гэта вельмi важна. Iнакш навошта ўвогуле працаваць на тэлебачаннi? Калi цябе ведаюць - значыць, цябе глядзяць, ты цiкавы.

- Але я магу прыйсцi на працу ў модных iрваных джынсах, а ты - наўрад цi...
- На працу якраз магу, тут людзi мяне ведаюць i зразумеюць. А вось проста выйсцi ў магазiн ужо складана. Раней у выхадны дзень можна было нават не падыходзiць да люстэрка, i смецце iсцi выкiдваць у тапках - я ж на хвiлiнку. А зараз думаеш, цi свежая на табе кашуля, цi добра ты выглядаеш.

- Чаго ты сабе не можаш зараз дазволiць?
- Не магу дазволiць сабе выглядаць неахайна. Аднойчы было моцнае жаданне набiць твар аднаму чалавеку - але не змог сабе дазволiць, на жаль. I пра гэта пазней нават шкадаваў, калi здарылася сiтуацыя з Зiданам - думаю, памылiўся, што не паставiў таго чалавека на месца... Нават гуляючы ў футбол, не магу сабе дазволiць ныраць цi рабiць падкаты - бо аднойчы такiм чынам зламаў нагу i вымушаны быў працаваць у эфiры ў гiпсе. Некалi сарваў голас i вымушаны быў адмянiць запiс аднаго праекта - падвёў мноства людзей, за што было вельмi сорамна. Зараз я не маю права падводзiць здымачную групу - у "Вашым лато" заняты каля 40 чалавек, - бо добра засвоiў гэты ўрок.

- Як пераносiш пастаянны грым?
- Дзякаваць Богу, не пастаянны, раз на тыдзень. I тое напрыканцы праграмы такое адчуванне, што "намаляваная" частка твару цяжэе i пераважвае ўсю галаву. Як жанчыны ходзяць у гэтым кожны дзень - дагэтуль не разумею.

Антыпафас

...Ён прыйшоў на ТБ як выклiк гламурным i пафасным персанажам: неiдэальная дыкцыя, "нетэлегенiчная" знешнасць, няпрофiльная адукацыя. Цiкаўлюся: "Доўга давялося пацвярджаць, што ты маеш права знаходзiцца ў эфiры?".
- Я дагэтуль не ўпэўнены, што гэта маё месца. I ўвогуле ў мяне не было жадання камусьцi штосьцi даказваць. Зато я шалёна хацеў рабiць штосьцi цiкавае i атрымлiваць задавальненне ад таго, што робiш. I дагэтуль хачу. Вельмi хачу, як Парфёнаў, зняць фiльм, якi мог бы трапiць у падручнiкi. Увогуле хачу зрабiць штосьцi вартае, каб прозвiшча Кухто асацыiравалася з чымсьцi сапраўды значным, а не толькi "палiто-лато-Кухто". Я гатовы для гэтага ўдасканальвацца, нават атрымаць трэцюю вышэйшую адукацыю. А то неяк узяўся дапамагаць свайму пляменнiку рабiць матэматыку - i не змог рашыць задачку для сёмага класа! (Тут Сяргей разыграў цэлую пантамiму "ўтаймаванне пантоў". - Аўт.).

- Гэта называецца перфекцыянiзм, iмкненне давесцi ўсё да iдэалу. Але i зараз, думаю, нiхто не стане спрачацца з тым, што ты прафесiянал. Адзiн з тых, мiж iншым, хто застаўся ў Беларусi, а не выбраў Маскву...
- Насамрэч мне паступалi прапановы папрацаваць там. Маскоўская тусоўка чамусьцi прымала на "Славянскiм базары" за свайго, я хутка пазнаёмiўся з многiмi артыстамi i расiйскiмi тэлевiзiйнiкамi. Адзiн з iх запрасiў у Расiю на кастынг - якраз у тым вобразе, у якiм я рабiў выпускi са "Славянскага базару". Праз некалькi месяцаў нават паклiкалi пераехаць канчаткова. Але якраз у гэты момант я атрымаў службовую кватэру, пэўныя гарантыi тут. (У Маскве давялося б пачынаць усё з нуля - што ў трыццаць i болей гадоў, згадзiся, праблематычна. Мне ўжо даводзiлася гэта рабiць, калi пераехаў з Лепеля ў Вiцебск, з Вiцебска ў Мiнск.) I яшчэ якраз у гэты перыяд пачалася серыя мiжнародных дасягненняў Беларусi - спартыўных, нейкiх iншых. Пра нас загаварылi ў свеце. Усё так супала, што я вырашыў нiкуды не ехаць. Клiкалi яшчэ ва Украiну - але як запрашалi, так я i паехаў. (Смяецца.) А зараз? Зараз, хутчэй за ўсё, ужо нiкуды не сарвуся.

- Некалькi гадоў таму на пытанне, чаму ўсё нiяк не ажэнiшся, ты цi жартам, цi сур'ёзна адказваў, што трэба спачатку "дарасцi" з iнтэрната да кватэры. Зараз i кватэра, i машына, i пэўны статус - а ты ўсё ў лiку зайздросных халасцякоў...
- Думаю, зараз ужо незайздросных. Не, калi па шчырасцi, я не ведаю, чаму так атрымлiваецца. Парадокс нейкi. Вельмi хачу сям'ю i дзяцей. Але чаму я адзiн - не ведаю. Пэўна, справа ўсё ж ува мне, у маiх звычках. Магу сказаць, што чалавеку, якi вырашыць быць са мной, давядзецца нялёгка. Не, я не злы - але такi ў мяне стыль жыцця. Люблю гэтую работу, часам ахвярую дзеля яе ўсiм астатнiм...

Насамрэч Сяргей адказаў на пытанне - але дадаў да гэтага сакраментальную фразу "не для газеты". Так што мы вымушаны захаваць маўчанне. Бо нават самы публiчны чалавек мае права на тайну асабiстага жыцця. I няхай сабе ходзяць легенды, быццам Сяргей Кухто - сын цi пляменнiк буйнога бiзнэсмена, або ён сам таемны мiльярдэр, або нават iншапланецянiн, якi з дапамогай розыгрышаў латарэi замбiруе насельнiцтва... Чуткi ходзяць, а Сяргей усмiхаецца. I толькi ён ведае, чаго гэта ўсмешка каштуе.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.