Сцiплая абаяльнасць сапраўдных герояў

15.11.2005
"Звязда", 15 лістапада 2005 г.


"Падзеі гэтыя адбылiся ў чэрвенi 1961 года. За год да Карыбскага крызiсу, калi свет апынуўся за адзiн крок ад ядзернай вайны. Толькi ў 92-м матэрыялы былi рассакрэчаны i свет даведаўся, што вайна магла пачацца раней i што пазбегнуць яе ўдалося дзякуючы бяспрыкладнай мужнасцi савецкiх падводнiкаў"...
Так пачынаўся фiльм "Iван Кулакоў" тэлевiзiйнага праекта "Лёс чалавека". Яго героем стаў сцiплы чалавек, якi жыве зараз у Мiнску. Але тады, у 61-м, ён быў сярод герояў, якiя ратавалi ядзерны рэактар на падводнай лодцы "К-19".
Амерыканцы знялi мастацкi фiльм пра гiсторыю "К-19" з Харысанам Фордам. Калi глядзiш яго, то героi ўспрымаюцца як асобы, якiя прыходзяць з экрана. Iмi захапляешся, але неяк падсвядома розум казыча думка: гэта толькi кiно. Мiнчанiн Iван Кулакоў прыйшоў на экран з жыцця.
Iван Кулакоў быў старшынёй матарыстаў на "К-19", аварыя атамнага рэактара адбылася ў яго працоўнай зоне. На рэактары была парушана сiстэма ахаладжэння, пры дапамозе падручных сродкаў маракi лiквiдавалi пашкоджанне. Кулакоў двойчы ўваходзiў у атамны рэактар для рамонту.
Ён атрымаў вялiкую дозу радыяцыi i пры гэтым застаўся жывы. Неверагодны выпадак, якому вучоныя сёння iмкнуцца знайсцi тлумачэнне. У фiльме, якi прысвечаны лёсу Iвана Кулакова, ёсць iнтэрв’ю з вучонымi. Яны кажуць, што ён належыць да рэдкай катэгорыi людзей, на якіх радыяцыя не аказвае ўздзеяння. Яшчэ не даказана навукова, але ёсць меркаванне, што прыкладна два працэнты чалавецтва ўспрымаюць радыяцыю не так, як iншыя. Магчыма, што пасля вялiкiх доз радыяцыi яны змогуць выжыць, i чалавечая папуляцыя будзе аднаўляцца з iх лiку...
Зараз ён жыве ў Мiнску разам з жонкай, у iх двое дзяцей, двое ўнукаў. У жыццi Iван Кулакоў вельмi сцiплы чалавек. Больш за тое, ён не ўмее адстойваць свае заслугi. Летась яго ўзнагародзiлi расiйскiм ордэнам Мужнасцi - быў спецыяльны ўказ за подпiсам Пуцiна. Пра гэта нiхто так i не даведаўся б, калi б не выпадак. Аўтар сцэнарыя Аркадзь Груздоў, якi працуе ў праекце "Лёс чалавека", пазнаёмiўся з Кулаковым у палiклiнiцы. Герой сядзеў у агульнай чарзе i цярплiва чакаў, калi трапiць на абследаванне на звычайных умовах...
- Кожны раз, калi расказваеш пра чыйсьцi дзiўны лёс, думаеш: няўжо яшчэ можна здзiвiць людзей сёння, пасля таго, як безлiч драматычных чалавечых гiсторый была расказана ў нашай праграме? - разважае рэжысёр Уладзiмiр Бокун, кiраўнiк тэлепраекта "Лёс чалавека". - Але Iван Кулакоў - асоба, неверагодная нават для мяне. Усе, хто быў на "К-19", нават не ўсведамлялi цалкам, што адбываецца, проста рабiлi сваю справу, не думаючы, што можа здарыцца з iмi. Каб адбыўся выбух рэактара ў машынным адсеку, адбыўся б i аўтаматычны выбух ядзернай бомбы, i ў вынiку многiя краiны пацярпелi б. Гэты чалавек уратаваў Еўропу - не магу падабраць iншых слоў.

Каля пяці гадоў iснуе тэлепраект "Лёс чалавека". У кожным фiльме расказваецца драматычная гiсторыя канкрэтнага чалавека, якая дапамагае зразумець гiстарычныя падзеi, якiя адбылiся з краiнай, з народам. Чым большы час iснуе праграма, тым больш яе аўтары разумеюць, што гэта невычарпальная тэма: пошук чалавечага ў чалавеку, пошук чалавекам свайго месца ў гэтым свеце. Гэта спроба ўсвядомiць, што адбывалася з чалавекам на працягу апошнiх дзесяцiгоддзяў, што з iм адбываецца зараз, у рэшце рэшт, разабрацца, што за з’ява - чалавек на гэтай зямлi. Тлумачэнне гэтай з’яве можна даць толькi праз гiстарычныя паралелi. На жаль, толькi ў самыя цяжкiя моманты разумееш, што ёсць чалавечага ў чалавеку, што ў iм ад Бога, а што ад д’ябла.
Ёсць думка, што выпрабаваннi робяць людзей дабрэйшымi. Цяжкая формула, таму што выпрабаваннi гэтыя часта нечалавечыя. Але асобы гераiчнага складу, як правiла, простыя, часцей за ўсё непрыкметныя, не афiшуюць сваё жыццё перад iншымi i знешне не нагадваюць герояў Элады. Такiя героi восеньскага цыкла, якi складаецца з дванаццацi 26-хвiлiнных фiльмаў.
Кожны мог бы стаць асновай для нейкай эпапеi. Напрыклад, для эпапеi пра герояў савецкай касмiчнай эры, якiя былi заўсёды "за кадрам" афiцыйнай хронiкi. Такiя, як Мiкалай Смердаў. Ён быў iнжынерам-выпрабавальнiкам на Байкануры, адказваў за перадпалётную падрыхтоўку. Апошнi заходзiў у спускаемы апарат перад адпраўкай ракеты, правяраў надзейнасць усiх сiстэм i даваў заключэнне. Калi вы сустрэнеце яго на вулiцах Мiнска, то нiколi не падумаеце, што гэты чалавек выконваў такую адказную работу...
Чонгар Умераў - герой фiльма пра крымскiх татар, таксама жыве сёння ў Мiнску. Ён быў дзевяцiгадовым хлопчыкам, калi здарылася трагедыя перасялення цэлага народа. Яго 92-гадовая мацi i цяпер жыве ў Крыме. Яна чалавек вельмi адкрыты, добразычлiвы, пазiтыўная энергiя струменiцца з яе вачэй нягледзячы на тое, што боль той трагедыi адчуваецца i сёння. Аператар Максiм Куроўскi i рэжысёр Зоя Катовiч ездзiлi спецыяльна на здымкi ў Крым...
Бывае так, што людзям цяжка расказваць пра сябе, паказваць свой боль на ўсю краiну перад камерай. Трэць герояў увогуле адмаўляюцца ад здымкаў. Супрацоўнiкi праекта па-чалавечы iх разумеюць, хоць i церпяць пэўныя складанасцi з-за гэтага. Былi выпадкi, калi ад здымкаў адмовiлiся некалькi асоб - з-за нежадання выстаўляць напаказ тое, аб чым яны маюць права расказаць. Хоць аўтары праграмы не закранаюць iнтымныя рэчы, а найперш iмкнуцца расказаць праўду, якую людзям цiкава i карысна будзе ведаць. У такiх выпадках, з аднаго боку, шкада, што губляюцца героi, з другога - з павагай ставiшся да такiх людзей.
Часам у працэсе работы над фiльмам прыходзiць разуменне: матэрыял глыбей, чым звычайная чалавечая гiсторыя. Так было, напрыклад, з тэмай бiтвы пад Монтэ-Касiна. Адкрыць яе дапамаглi некалькi лёсаў, некалькi беларускiх сем’яў, якiя не дачакалiся сваiх бацькоў, сыноў з вайны, пра якую мы далёка не ўсё ведаем. Усё пачалося з таго, што жыхары Англii шукалi сваiх родных у Беларусi, пра якiх ведалi ад бацькоў. Захацелася разабрацца ў гэтай з’яве, зразумець, што закiнула простых жыхароў беларускiх вёсак у далёкую краiну. Асобныя гiсторыi далi штуршок рэжысёру Уладзiмiру Бокуну для стварэння паўнавартаснага гiстарычнага дакументальнага фiльма пра ўдзел беларусаў у вызваленнi Iталii.
Працягам тэмы ўжо гэтай восенню стала праграма "Лёс чалавека", прысвечаная Якубу Конану, апошняму герою Монтэ-Касiна, якi жыве ў Беларусi. Пасля фiльма доўга яшчэ званiлi дзецi герояў Монтэ-Касiна, якiх самiх ужо жывых не засталося.
- Мы ствараем не гiстарычныя фiльмы - мы здымаем фiльмы пра людзей, - гаворыць Уладзiмiр Бокун. - Але разумеем, што чалавечыя лёсы - найлепшая iлюстрацыя гiсторыi. Гiсторыя ствараецца людзьмi. Невыпадкова сёння адбываецца спроба асэнсавання сутнасцi чалавечай асобы. З аднаго боку, у гэтым дапамагае навука, якая шмат на што раскрыла вочы, з другога - ёсць магчымасць свабоднага перамяшчэння, кантактаў, iмгненныя камунiкацыi, здольныя аб’ядноўваць людзей у розных кропках зямнога шара. Акумулююцца духоўныя пошукi, з’явiлiся магчымасцi звароту да Бога. Усе гэтыя з’явы звязаны, таму што дапамагаюць людзям задумацца над таямнiцай свайго iснавання. Наш праект - частка гэтых з’яў. Я адчуваю гэта па цiкавасцi гледачоў да праграмы "Лёс чалавека", якая цяпер выходзiць на сямейным тэлеканале "Лад".
У суседняй Расii праграма "Чакай мяне", якая служыць той жа мэце, вылiлася ў цэлы рух, якi дапамагае людзям знаходзiць шлях адзiн да аднаго. Уладзiмiр Бокун лiчыць, што ў Беларусi таксама рэальна ажыццявiць падобны праект. Шмат гiсторый, у якiх людзi iмкнуцца знайсцi свае каранi. Людзей раскiдала па свеце ў ХХ стагоддзi, у ХХI iх дзецi, унукi вяртаюцца туды, дзе магiлы продкаў. Шмат хто з iншаземцаў скiроўвае пагляды да Беларусi - амерыканцы, канадцы, аўстралiйцы, французы, англiчане, якiя ведаюць пра свае беларускiя каранi. Яны прыязджаюць сюды, каб знайсцi хоць бы месца колiшняй хаты, адкуль пачаўся шлях iх продкаў за мяжу, хочуць наведаць вёску, мястэчка. Потым аказваецца, што не толькi месца захавалася, але i родныя жывыя. Кiраўнiк праекта "Лёс чалавека" думае аб тым, што можна зрабiць цiкавую праграму, але iншую, чым "Чакай мяне". Па пошуку родных, па пошуку каранёў, але больш глыбокую.
"Лёс чалавека" - праграма, у якой шмат што трымаецца на энтузiязме. Немагчыма падлiчыць бюджэтныя, фiнансавыя выдаткi, калi патрэбны здымкi, напрыклад, у Англii. Калi быў фiльм пра эмiгранта Уладзiмiра Кулана, героя Монтэ-Касiна, здымкi ў Англii адбылiся дзякуючы запрашэнню яго жонкi i сына. Часта ў ход iдуць асабiстыя кантакты, працаздольнасць i апантанасць рэжысёраў праекта, аўтараў, якiя шукаюць тэмы. Сёлета да працы ў праекце далучылася таленавiты рэжысёр-дакументалiст Галiна Адамовiч. Фiльм пра "К-19" рабiў рэжысёр Дзянiс Скварцоў, якi паходзiць з сям’i тэлевiзiйнікаў. Цiкава працуе рэжысёр Зоя Катовiч. Некалькi тэм у цяперашнiм цыкле прапанавала Алена Антанiшына. Але найбольш умее здзiўляць Аркадзь Груздоў. Аднойчы прыходзiць: "Ведаеце, я быў зараз на рынку, сустрэў там мужчыну, якi спрачаўся з прадаўцом наконт спецый. Аказалася, што ён быў поварам Хо Шы Мiна..."
Няма нецiкавых людзей. Ёсць гiсторыi, якiя трэба ўмець знайсцi i расказаць. Нават тады, калi герой жыве за акiянам i ты разумееш, што тэхнiчна здымкi яго тамтэйшага жыцця немагчымыя. Ёсць гiсторыя беларускага артыста Аляксандра Дзянiсава, якi некалi кiнуў усё i паехаў у Амерыку, каб вылечыць сваю дачку. Як зняць такi фiльм, калi бюджэт праграмы меншы за кошт бiлетаў туды i назад? Але нават у Амерыцы жывуць "свае людзi", былыя супрацоўнiкi тэлебачання, якiя ў свой час з’ехалi туды. Яны гатовы дапамагаць у працы над цiкавым праектам.

Няма нецікавых гiсторый i тады, калi, на першы погляд, героi - самыя звычайныя людзi, якiя займаюцца тым, што папаўняюць сваю сям’ю. Вялiкi рэзананс меў фiльм пра сям’ю Новiкаў са Смаргоншчыны.
- Было ў нас некалькi фiльмаў на тэму ўсынаўлення, але сям’я Новiкаў мяне вельмi кранула, - гаворыць Уладзiмiр Бокун. - Цяпер ёсць паняцце "прыёмная сям’я". Гэта не значыць, што дзяцей усынаўляюць, наадварот, яны не губляюць свайго статусу, маюць пэўныя льготы, правы. Думаю, што гэта сапраўды магчымае вырашэнне гэтай праблемы. Муж i жонка Новiкi самi выраслi ў мнагадзетных сем’ях i марылi мець вялiкую сям’ю. Вялiкая для iх - гэта чалавек пятнаццаць... Сваiх дзяцей у iх толькi трое, астатнiя ўсе прыёмныя. Шмат было званкоў пасля той праграмы. Калi чалавек глядзiць такую гiсторыю, то пачынае прымяраць яе на сябе. Вось вам i рэальная карысць.
Напрыканцы кастрычнiка новы вядучы праграмы Сяргей Журавель, якi змянiў Мiкалая Пiнiгiна, расказаў гiсторыю Таццяны Волчак.
Падчас вайны яе двойчы ўганялi на работу ў Германiю. Адзiн раз маладая дзяўчына трапiла на ферму. Потым сур’ёзна захварэла, яе адправiлi дадому - памiраць. Нават у час вайны ў акупацыi нямецкiя ўрачы яе вылечылi - для таго, каб зноў выкарыстаць як працоўную сiлу. I другi раз адправiлi ў Германiю. Здымачная група праграмы наведала мясцiны, дзе яна працавала. Не без цяжкасцяў, але знайшлi тую вёску - яна цяпер адносiцца да Польшчы. Таццяна Волчак - моцная жыццелюбiвая натура, такiм выхавала i свайго сына, папулярнага парадыста Георгiя Волчака...
Але самы цiкавы фiльм цыкла "Лёс чалавека" - той, якi яшчэ нiхто не бачыў.
"Заўсёды можна ўразiць гледача праўдзiвымi гiсторыямi рэальных людзей. Дакранаючыся да нейкай драмы, адчуваючы эмацыянальны напал, я думаю толькi аб тым, наколькi глыбока раскрыта намi сутнасць Асобы. Героя. Чалавека як Боскай iстоты. А гэта тэма вечная", - падводзiць вынiк Уладзiмiр Бокун.

Ларыса ЦIМОШЫК.