Старыя праграмы на новы ЛАД

01.10.2003
"Звязда", 1 кастрычніка 2003 г.


Прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі нарэшце паведаміла дату адкрыцця новага сямейнага канала "Лад": ён пачне сваё вяшчанне 18 кастрычніка. Мяркуецца, што асноўнымі яго гледачамі стануць людзі сямейныя, для якіх вельмі важныя пытанні выхавання і адукацыі, культуры і гісторыі.
Пасля адкрыцця чарговага тэлесезона стала заўважна, што з эфіру БТ зніклі многія, здавалася б, рэйтынгавыя і цікавыя праграмы. Як высветлілася, яны проста чакалі свайго часу, каб з'явіцца ў новай якасці на новым канале. "Мультыклуб", "Сад мары", "Тэлебарометр", "Святло далёкай зоркі", "Наша спадчына", "Спявай, душа!" і нават "Калыханка" часова прыпынілі выхад, каб гледачы паспелі крыху засумаваць па іх.
Аднак "Лад" бярэ за аснову не толькі даўнія і ўжо папулярныя перадачы. Падрыхтаваны шэраг прэм'ер: праграма "Паміж намі, жанчынамі", інтэрактыўны сямейны канал у прамым эфіры "Звычайны незвычайны дзень", агляд музычных і тэатральных падзей і фестываляў "Плошча мастацтваў". Да таго ж у рэспубліканскім эфіры з'явяцца лепшыя рэгі-янальныя праграмы, раней даступныя толькі жыхарам пэўнай вобласці.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.