Станіслаў Ліпскі: "Любоў да спорту мне на генным узроўні перадалася"

26.07.2013
"Звязда", 26 ліпеня 2013 г.

 
Спартыўная драма - яго любімы жанр у кіно, а па жыцці спорт - лепшыя лекі і выратаванне. Станіслаў Ліпскі - прыклад таго чалавека, які калі ставіць мэту перад сабой, то робіць усё патрэбнае, каб дасягнуць яе. Галоўнае - займацца любімай справай і развівацца ў сваёй вобласці. 
Год таму гэты юнак пакінуў перспектыўную працу на заводзе і прыйшоў на тэлебачанне, бо толькі яно магло наблізіць яго да здзяйснення мары. Ужо вядомы гледачам, як карэспандэнт "Навін рэгіёна" і рубрыкі "Матчбол", цяпер Стас прымерае на сябе амплуа вядучага спартыўных навін.

- Ведаеш, я раней летам адпачываў у бабулі, і яна выпісвала вашу газету. Там была спартыўная калонка. Таму кожны раз, як толькі прыходзіла газета, я глядзеў спартыўныя навіны. Часам яшчэ і бабуля нешта рэкамендавала пачытаць.

- Мабыць, і іншыя ўспаміны засталіся пра тыя часы?
- Я нарадзіўся ў Маскве, потым мы пераехалі ў Жлобін. Па вялікім рахунку, у мяне няма такога месца, якое я мог бы назваць сваёй радзімай. Жлобін - гэта месца, дзе я рос, выхоўваўся, але менавіта Сасновы бор у Светлагорскім раёне, дзе жыве мая бабуля, - найбольш дарагое месца для мяне. Мне дастаткова хоць пару дзён там пабыць, каб адчуць гармонію. Я нават год правучыўся ў той мясцовасці. Аднак, улічваючы тое, што ў мяне алергія на многія рэчы, кожны прыезд у вёску - сапраўднае выпрабаванне летам. Але там быў футбол. Я лічу, што гэта быў лепшы калектыў як у дзіцячым, юнацкім, так і ў дарослым футболе. Падчас гульні мы разумелі адзін аднаго без слоў. Сустракаліся а дзясятай гадзіне раніцы і насіліся да сямі вечара. Раніцай я стараўся нешта бабулі дапамагчы па хатніх справах, бо потым мяне чакала гульня. На адной з іх я сказаў свайму сябру Эдварду: "Ведаеш, мы павінны стаць спартыўнымі каментатарамі ці працаваць недзе ў гэтай сферы". Сябар займаецца сёння праграмным забеспячэннем, а я вось наблізіўся да спорту.

- Раскажы аб камандзе, у якой ты працаваў на тэлебачанні дагэтуль...
- На тэлебачанне я прыйшоў "з вуліцы" якраз год таму. І за гэты час мяне на канале вырасцілі. Былі людзі, якія маглі сказаць, што тут відэа не так напісана, а замест аднаго пытання было б лепш задаць іншае. Прафесійны стрыжань ва мне выпрацаваўся дзякуючы майму былому кіраўніку Вользе Шпілеўскай, калезе Юліі Аляксандравай, якая прывяла мяне ў спартыўны аддзел, калі ім патрэбна была дапамога на мінулай Алімпіядзе. Тады мяне пасадзілі і сказалі: "Шукай, пішы!" Але да гэтага была Аксана Шыдлоўская, з якой я паехаў на свае першыя здымкі, як практыкант-пачаткоўца. Тады яна яшчэ расказала, што заўважыла заканамернасць: усе, хто едзе на здымкі першага сюжэта з ёю, потым знаходзяць свой шлях на тэлебачанні. Для мяне яна настаўнік, татэм і сябра, да якога заўсёды магу звярнуцца з любым пытаннем. Нядаўна мы вярнуліся да таго першага эпізоду, калі зноў разам ехалі рабіць сюжэт і, як паказаў час, - правіла працуе. Насамрэч можна многіх людзей называць: Ганну Ялфімаву, Мікалая Стула, Андрэя Іванова - кожны з іх даваў нешта сваё, каб у мяне ўсё атрымалася.

- Адкуль у цябе такі інтарэс да спартыўнай тэматыкі?
- Ён, магчыма, мне на генным узроўні перадаўся. Я гадоў з сямі памятаю, як дзед глядзеў футбольныя матчы па тэлевізары. Маці была баскетбалісткай у школе, займалася лёгкай атлетыкай, гуляла ў валейбол. Нават зараз яна глядзіць хакей, ведае гульцоў, схемы ігры, прозвішчы трэнераў. Мама заўсёды была прыхільніцай таго, што спорт загартоўвае і дапамагае характар выпрацаваць. З часам я і сам пайшоў у валейбольную школу, хоць больш любіў футбол. У Жлобіне гуляў у валейбольнай камандзе дублёраў. Пры гэтым паспяваў і вучыцца добра, і кнігі чытаць. Але, калі нешта ў жыцці не атрымлівалася, я шукаў паратунку ў спорце. Там жа галы, драматызм - задавальненне, якога больш нідзе не знойдзеш... Спартыўная драма наогул мой любімы жанр у кіно. Нядаўна нават злавіў сябе на думцы, што адна з маіх мэт - зняць фільм у гэтым жанры.

- Што падштурхнула цябе да жадання кардынальна змяніць сваё жыццё?
- Я працаваў на заводзе, займаўся металургіяй, але марыў аб спорце. Калі б не мінулыя траўмы спіны, то займаўся б ім прафесійна.
А так, як я займаюся ім зараз, - мая адзіная магчымасць пакуль што заставацца ў тэме. Вырашыў паспрабаваць і прыйшоў у Бэлтэлерадыёкампанію. Колькі сябе памятаю, усе спартыўныя трансляцыі ладзілі тут. Спачатку мяне ўзялі ў рэгіянальныя навіны карэспандэнтам. Я разумеў, што займацца давядзецца рознымі тэмамі. Калі выдавалася магчымасць рабіць нешта на тэму спорту, то радаваўся. Увесь час кантактаваў са спартыўным аддзелам, прыходзіў, каб паглядзець, што і як. Потым удалося ўзняцца на прыступку ў плане вопыту і прафесіяналізму. Галоўнае спрабаваць, тады ўсё атрымаецца.

- Якой была твая рэакцыя, калі першы раз пабачыў сябе на экране?
- Добра памятаю, што адбылося гэта тады, калі ў рамках адборачнага этапу чэмпіянату свету па футболе 2014 у Мінск прыязджала зборная Іспаніі. Я паехаў рабіць сюжэт на "Дынама". Да эфіру часу было няшмат, калі вярнуліся са здымак, таму зманціраваў і аддаў. А потым, уключыўшы праграму, пабачыў сябе ў кадры. Адчувалася мая няўпэўненасць, напор, хацелася ж раўняцца на вядомых каментатараў - вось я і імкнуўся расказваць, як яны. Алё ўсё, што рабіў, было шчыра.

- У чым дапамагла табе "Школа тэлевізійных кадраў"?
- Па сутнасці, тры месяцы навучання там далі мне магчымасць раскласці веды, якія я ўжо набыў тады на практыцы, па палічках. Там былі выкладчыкамі людзі, што ўсё жыццё займаюцца тэлебачаннем. Нам выкладалі тую ж тэхніку мовы, тлумачылі і паказвалі, як паводзіць сябе ў кадры, куды глядзець і пра што казаць. Там даюць азы, а потым кожны павінен сам знайсці і выпрацаваць свой стыль. Узяць тыя ж пробы перад камерай: мы запісваліся, а потым праглядалі і аналізавалі свае памылкі. І тады ўжо было зразумела, куды глядзець і як рукі трымаць.

- Амплуа вядучага дыктуе і пэўныя правілы дрэс-коду. Прымаў удзел у пошуку твайго экраннага вобразу?
- Вось зараз я буду ў кадры ў якасці вядучага. Нядаўна мы паехалі разам з нашым стылістам у краму і сумесна пачалі падбіраць "гардэроб" для эфіраў. Прымервалі пінжакі, кашулі. Калі некаму нешта не падабалася, то не ўзнікала праблем з выбарам іншага варыянта. Для вобразу, у якім я буду на экране, ужо зрабілі ўсё загатоўкі. Канчатковы варыянт можна будзе ўбачыць у кадры. Я згодны, што трэба добра апранацца, таму што прадстаўляеш галоўны канал краіны. Аднак больш важная задача - данесці да гледача інфармацыю, прапусціўшы яе праз сябе, а тут ужо ў кожнага свой падыход.

- Калі вядучы расказвае пра важныя падзеі, ці варта яму паказваць уласную рэакцыю на іх у кадры?
- Я лічу, што трэба. Зразумела, не ты здымаеш сюжэт. Але калі цябе зачапіла навіна, якую асвятляе карэспандэнт, то ты павінен падаць яе так, як адчуваеш. Навіна - яна ж ці праблема ў аснове сваёй, ці радасць, ці яшчэ нешта, і трэба перадаваць такія адценні адпаведна. Інакш падзеі ўспрымуць як інфармацыю, не больш. А раптам, выказаўшы сваё стаўленне, ты зможаш выклікаць эмоцыі ў гледача. Важна, каб прысутнічала жывая рэакцыя на тое, што адбываецца.

- У сваім першым інтэрв'ю ты казаў, што хацеў бы дасягнуць прафесійных поспехаў. Якім бачыш свой далейшы рост?
- Зараз я буду два дні вядучым і тры дні карэспандэнтам. Рэальна разумею, што аднойчы магу надакучыць у кадры і тады, мабыць, застануся проста спартыўным журналістам. А там, можа, пашчасціць працаваць каментатарам, альбо кіно пачну здымаць. Хочацца, каб героі іх былі беларусы.

Алена ДРАПКО.