Стамбул бліжэй, бліжэй… Рыхтуемся да “Еўрабачання”

09.04.2004
“Літаратура і мастацтва”, 9 красавіка 2004 г.


Ужо двойчы прэс-служба Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі запрашала сталічных журналістаў на размову пра падрыхтоўку дуэта “Аляксандра і Канстанцін” да Міжнароднага конкурсу “Еўрабачанне-2004”. Удзельнікамі гэтых сустрэч на вул.Макаёнка, 9, былі самыя дасведчаныя асобы, непасрэдна спрычыненыя да новага шоу-праекта, немалаважнага для стварэння пэўнага іміджу нашай краіны ў свеце. Гэта генеральны прадзюсер Першага нацыянальнага тэлеканала У.Максімкаў, яго намеснік А.Капёнкін, выканаўчыя прадзюсеры гэтага ж канала С.Кухто, Г.Шульман, намеснік дырэктара дырэкцыі FM-вяшчання Ю.Цароў, галоўны спецыяліст Дырэкцыі міжнародных сувязяў Белтэлерадыёкампаніі А.Калеснікаў, намеснік начальніка юрыдычнага ўпраўлення БТРК Д.Шаўцова…

Падсумаваныя факты і ўражанні ад нядаўніх прэс-канферэнцый склаліся ў стракатыя занатоўкі, якія прапануе вашай увазе карэспандэнт “ЛіМа”.

БЕЗ ДУБЛЁРАЎ
Ці маюць патрэбу ў рэкамендацыях Аляксандра Кірсанава ды Канстанцін Драпеза? Пераможцы адборачнага, нацыянальнага тура найбуйнейшага міжнароднага тэлешоу “Еўрабачанне-2004”, добра вядомыя беларускай публіцы, заўважаныя і ў інтэрнацыянальным асяроддзі - на гастролях у Германіі, Казахстане, Польшчы, Расіі, Украіне, Эстоніі, на фестывалях “Славянскі базар у Віцебску”, “Этнасфера” (Польшча), “Астана-2003”… Сёння яны, не раўнуючы, нацыянальныя героі нашай краіны. Беларуская дэлегацыя на чале з А.Капёнкіным вярнулася нядаўна з т.зв. установачнай канферэнцыі, што адбылася ў Стамбуле, цэнтры сёлетняга конкурсу, перадала пакет належных дакументаў, фота- і аўдыёвізуальных матэрыялаў. І пераканалася ў дружалюбным, зычлівым, а то й замілаваным (самы рамантычны дуэт Еўропы!) стаўленні замежных спецыялістаў да нашых маладых артыстаў. Сімпатыя да пасланцаў культуры - як надзея на добрае слова пра краіну, якую яны прадстаўляюць…

Дзякуючы Інтэрнету вядома, што за мяжой стыхійна ўтварыліся невялікія суполкі фанатаў дуэта “Аляксандра і Канстанцін” - у Польшчы, напрыклад, і нават у Італіі. Пасля таго, як сінглы і відэакліпы спаборнікаў “Еўрабачання-2004” пачнуць “раскручвацца” на тэлерадыёканалах краін - удзельніц конкурсу, пэўна, узрасце колькасць прыхільнікаў, якія ўрэшце прагаласуюць “за” беларускую песню.

А ў нас англамоўная версія конкурснай песні “Мой Галілей” (яе напісалі самі музыканты на тэкст А.Саламахі, рэмікс А.Яравога) штодня гучыць па радыё і ў тэлеэфіры, прынамсі, у праекце “Добрай раніцы, Беларусь!”. Падрыхтоўцы зорнага дуэта да паездкі ў Стамбул прысвячаюцца спецыяльныя перадачы. Спарадычныя выбухі ўвагі не заўсёды зычлівага перыядычнага друку да гэтай нешараговай для Беларусі падзеі вымушаюць трымцець сэрцы ўразлівых чытачоў, а герояў публікацый, якія зусім неабыякава ставяцца да прэсы, нервавацца. Нервавацца, па сутнасці, з-за пустога, калі хапае ім і сапраўдных стрэсавых сітуацый. Нездарма ж з артыстамі працуе спрактыкаваны псіхолаг.

Падумалася, дарэчы, і пра такія вось “дробязі”. Друк не абмінуў падрабязнасці дарожна-транспартнага здарэння з аўтамабілем, у якім пацярпелі нашы героі (усё, дзякуй Богу, мінула без ускладненняў для здароўя) . Але чамусьці (цікава, чаму?) нідзе ні радком, ні словам не гаворыцца пра тое, што дуэт “Аляксандра і Канстанцін”, створаны пяць гадоў таму ў Барысаве, існуе сёння на прафесійнай эстрадзе не сам па сабе: гэта ж артысты Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Беларусі, заслужанага калектыву, які перажывае за сваіх калег, падтрымлівае, чым можа. (На прадстаўнічых прэс-канферэнцыях, здаецца, адзіным чалавекам, хто публічна ўспомніў пра “карпаратыўную прыналежнасць” Аляксандры ды Канстанціна і парадаваўся за іх, павіншаваўшы з поспехам на адборачным туры конкурсу, была Яна, салістка Дзяржаўнага канцэртнага).

Перад паездкай у Стамбул дуэт рыхтуецца выступіць у Літве, Латвіі ды на Украіне.

А ПАДОЛЬСКАЯ?
Чаму Аляксандра і Канстанцін рыхтуюцца да конкурсу без належнага дублёра? Гэта ўжо не навіна: спявачка Наталля Падольская, чыё годнае, яркае выступленнне на адборачным туры ўразіла многіх, у выніку падліку галасоў, “тэлефонных” ды “электронных”, апынулася на другім месцы. І мусіла, згодна з адпаведнымі юрыдычнымі дакументамі, таксама рыхтавацца да паездкі ў Стамбул - на выпадак “ці мала што”. Але на логіку далейшых падзей - што зусім зразумела як у артыстычным, творчым асяроддзі, так і ў асяроддзі шоу-бізнесу, і ў асяроддзі абывацельскім! - паўплывалі эмоцыі, амбіцыі, крыўды… Чакалі судовых спрэчак з нагоды вынікаў конкурснага галасавання. Усё, здаецца, звялося да папяровых баталій, а яны, хаця і папяровыя, шуму нарабілі. Што ж, і шум - неблагая рэклама, частка, як той казаў, “піара”. Прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі пастараліся пераканаць журналістаў у тым, што ўдзел у такім адказным новым міжнародным праекце, якім падаюць конкурс “Еўрабачанне”, вымушала правесці працэдуру адборачнага тура юрыдычна карэктна. Таму літаральна кожнае дзеянне, кожны крок падмацоўваліся адпаведным юрыдычным дакументам. Галоўным аргументам на карысць БТРК ва ўсіх спрэчках сталася пазіцыя Еўрапейскага вяшчальнага саюза, прадстаўнікі якога не знайшлі ніякіх парушэнняў у падрыхтоўцы Белтэлерадыё да конкурсу, выказалі сваё задавальненне працай калег у Мінску.

Не так даўно ў адпаведнасці з дзвюма заявамі, атрыманымі ад Н.Падольскай, былі скасаваны яе дагаворы з БТРК. Вызначыць новага дублёра для нашых канкурсантаў сярод астатніх 13-ці беларускіх спаборнікаў не выпадала, бо пачынаючы з 22 сакавіка, калі на ўстановачнай канферэнцыі ў Стамбуле былі прыняты ўсе дакументы ад краін-удзельніц, нельга рабіць ніякіх прынцыповых змен ва ўжо зацверджаных матэрыялах…

ТАМ ЧАКАЮЦЬ
Сёлетні, 49-ты Міжнародны музычны конкурс “Еўрабачанне” пройдзе па-новаму. 12 мая а дзевятай гадзіне вечара паводле сярэднееўрапейскага часу ў “жывым” тэлеэфіры адбудзецца паўфінал, а 15 мая ў такі ж час пройдзе фінал. Удзельнічаюць у конкурсе 36 краін. Прадстаўнікі 22-х з іх, у тым ліку Беларусі, выступяць у паўфінале. Нашым артыстам дастаўся другі парадкавы нумар - кажуць, надзвычай удалы, бо першаму выступаць заўсёды асабліва складана, ну, а пасля ўжо чацвёртага ўдзельніка стамляецца публіка. А калі пасля “жывога” праслухоўвання ідзе паўтор запісу конкурснай праграмы ў адваротным парадку, уладальнікі чаргі пад нумарам два зноў у выйгрышным становішчы, бо іх песня гучыць перадапошняй, канцэнтруючы на сабе ўвагу гледачоў, якія рыхтуюцца выбраць і патэлефанаваць. Толькі дзесяць з 22-х удзельнікаў выйдуць у фінал, дзе 14 месцаў ужо занятыя. Як так? Усё проста: фіналістамі загадзя названы самыя вядомыя краіны, прынамсі, Францыя, Германія, Іспанія ды Вялікабрытанія, якія зрабілі найбольшы грашовы ўзнос у бюджэт конкурсу. Дарэчы, яго праектны бюджэт сёлета дасягае адзінаццаці мільёнаў швейцарскіх франкаў, а вось колькі будзе Беларусі каштаваць удзел у “Еўрабачанні”, з якіх сродкаў складаецца гэты бюджэт, - для журналістаў пакуль загадка…

Затое журналістаў шчыра заклікалі акрэдытавацца на конкурсе: Белтэлерадыёкампанія зацікаўленая ў тым, каб у Стамбуле прысутнічала прадстаўнічая каманда прэсы. Для гэтага трэба толькі адправіць у Стамбул спіс - і ўсіх акрэдытуюць: ці ж не сон?! Не сон, не сон: акрэдытацыя, аказваецца, не дае права прысутнічаць на канцэртах і на рэпетыцыях (генеральныя рэпетыцыі, “прагоны” шоу перад эфірам пройдуць з удзелам публікі, якой прапануюцца зусім не танныя білеты). Але будзе дадзена мажлівасць рабіць аглядныя матэрыялы, суправаджаць дэлегацыю сваёй краіны, удзельнічаць у яе прэзентацыі… Ні ў кога не выклікае сумніву, што загадзя журналіст будзе забяспечаны фінансава на ўсе сто. Дакладней, на ўсю тысячу - мабыць, не меншая колькасць у.а. спатрэбіцца, каб забяспечыць сабе камфортную працу ў турэцкай сталіцы: даехаць да Масквы; аплаціць пералёт Масква-Стамбул і назад (каля 300 долараў); наняць пакой у гатэлі (самы танны, паводле інтэрнетаўскай інфармацыі, 50-80 долараў суткі, калі не пашанцуе знайсці нейкі “турыстычны” варыянт). Зрэшты, хтосьці, напэўна, можа дазволіць сабе такую камандзіроўку - за кошт рэдакцыі, ці спонсара, ці нават за ўласны… Хаця днямі, на прэс-канферэнцыі з нагоды першага мінскага аўкцыёна сучаснага мастацтва, калега з не самага ўжо бядотнага выдання выказала сваё абурэнне арганізатарам аўкцыёна: маўляў, не палічылі патрэбным запрасіць журналістаў на сам аўкцыён, вымусіўшы іх плаціць за ўваход 25 тыс. родных рублёў, якіх мала хто пагадзіўся адшкадаваць…
Ніякавата прызнавацца, сябра-чытач, але прадстаўніка “ЛіМа” не было на аўкцыёне, дый эксклюзіўных лімаўскіх рэпартажаў са Стамбула гэтым разам не будзе.

Наша дэлегацыя выпраўляецца ў Стамбул 3 мая. У яе складзе тэлежурналісты (у тым ліку Алесь Круглякоў, які будзе здымаць відэарэпартажы, выходзіць у “жывы” эфір, каменціраваць трансляцыі конкурснага паўфінала і фінала), харэограф, грымёр-касцюмер, артысты, якія выйдуць на сцэну разам з Аляксандрай і Канстанцінам. Так-так, на сцэне будзе не дуэт, а… секстэт! У якасці бэк-вакалістаў выступяць і артысты Дзяржаўнага ансамбля “Песняры” Пётр Ялфімаў ды Вячаслаў Шарапаў, і тэлевізійны гукарэжысёр Эдуард Альтшулер, і... І яшчэ адзін музыкант возьме ў рукі акарыну.

У Стамбуле чакаюць таксама кваліфікаваную еўрапейскую каманду будаўнікоў, якія дапамогуць за кароткі тэрмін ператварыць вялізны спартыўны комплекс (дзе яшчэ пры канцы сакавіка наша дэлегацыя назірала трэніроўку баскетбалістаў) у аснашчаную паводле найсучасных стандартаў сцэнічную пляцоўку з глядзельнай залай на 7500 месцаў. Білеты коштам да 100 еўра імкліва раскупляюцца фанатамі шоу і турыстамі з усіх кантынентаў. Забяспечыць парадак у т.зв. складаным горадзе рыхтуецца турэцкая паліцыя, вылучаючы адмысловую ахову і для нашай дэлегацыі.

Сталіца Турцыі ўпрыгожваецца ў чаканні гасцей. Заўсёднікі “Еўрабачання” пабачаць сёлета новы афіцыйны лагатып конкурсу, у назву якога ўпісана выява сэрца: з ім звязана самая добрая, светлая сімволіка… Расказвалі, праўда, як у Стамбуле падчас абмеркавання канцэпцыі конкурсу прагучала трывога: маўляў, з конкурсу песні “Еўрабачанне” неўпрыкмет ператвараецца ў спаборніцтва гуказапісвальных фірм. І навошта нам пра тое ведаць?

ГАЙДА Ў ШОУ-БІЗНЕС!
Толькі-толькі наважылася распавесці, якія грандыёзныя планы мае наша Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія наконт падрыхтоўкі ды раскруткі айчынных зорак эстрады, здатных засвяціцца і на небасхіле міжнароднага шоу-бізнесу, ды раптам… Раптам - такое звыклае, банальнае: ліміт газетнай плошчы на сёння вычарпаны. Што ж, значыць пра перспектывы развіцця айчыннага шоу-бізнеса, якія акрэсліліся перад журналістамі за сталом нядаўніх перамоў у галоўным тэлевізійным доме краіны, - наступным разам?

С.БЕРАСЦЕНЬ.