Спявае і паказвае Маладзечна

13.06.2014
"Рэспубліка", 13 июня 2014 г.

 
У чарговы раз у першыя тыдні лета Маладзечна становіцца цэнтрам беларускай песні і паэзіі. Сёлетняе чатырнаццатае музычнае свята пройдзе ў горадзе 13-га і 14 чэрвеня. Трапіць на яго змогуць і тэлегледачы разам з культуралагічным каналам "Беларусь 3", які правядзе запіс самых значных канцэртаў фестывалю.
15 чэрвеня ў 21.15 у эфіры - урачыстае адкрыццё свята і заключны тур Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Канкурсанты будуць выступаць пад акампанемент славутага калектыву пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і прэміі Саюзнай дзяржавы прафесара Міхаіла Фінберга.
Дарэчы, сёлета конкурс стаў асноўнай падзеяй фэсту. Ён праходзіць у тры этапы. Першы адбыўся ў раённых і абласных цэнтрах нашай краіны, два апошнія адбудуцца непасрэдна на фестывалі - у Палацы культуры горада і на галоўнай пляцоўцы - у Амфітэатры. Якраз гэта фінальнае шоу, дзе вызначыцца пераможца, і ўбачаць тэлегледачы.
27 чэрвеня пакажуць заключны гала-канцэрт "Спадчына песняроў", прысвечаны 45-годдзю Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры". На галоўнай пляцоўцы выступяць удзельнікі ансамбля, а таксама зоркі эстрады і лепшыя калектывы краіны, творчы лёс якіх звязаны з легендарным гуртам.
Таксама Белтэлерадыёкампанія запіша ў Маладзечне канцэрты "За нашу Перамогу" і "Песня мая", якія выйдуць у эфір "Беларусь 3" у ліпені.
Праграму "За нашу Перамогу", прымеркаваную да 70-годдзя вызвалення краіны ад фашысцкіх захопнікаў, падрыхтаваў Заслужаны калектыў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі.
Канцэрт "Песня мая" збярэ многіх папулярных выканаўцаў і кампазітараў. Гледачоў чакае сустрэча з Эдуардам Ханком і Эдуардам Зарыцкім, Алегам Елісеенкавым, Пятром Ялфімавым, Вікторыяй Алешка, Жанэт і іншымі вядомымі артыстамі. Тэлеверсія канцэрта будзе складацца з дзвюх частак, і ў адной з іх прагучаць песні з арыгінальнага праекта тэлеканала "Беларусь 3" "Наперад у мінулае".
Летапіс фестывалю "Маладзечна" пачаўся ў 1993 годзе. За гэты час форум набыў шмат сяброў, слава аб ім разышлася па ўсёй краіне. Сёння гэта маштабнае музычна-паэтычнае свята, на якім прадстаўлены нацыянальная паэзія, папулярныя аўтарскія і народныя песні. 

Ірына СВІРКО.