"Снайпер" патрапіць у сэрцы гледачоў!

14.02.2009
"Народная газета", 14 февраля 2009 г.


Такое меркаванне наконт новага чатырохсерыйнага вострасюжэтнага серыяла "Снайпер", вытворчасць якога завяршаецца на БТ, выказаў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі.
Гэта не першы вопыт сумеснай работы Белтэлерадыёкампаніі і яе партнёраў. Серыял "Маёр Ветраў" паводле твораў Мікалая Чаргінца паспяхова дэбютаваў на Першым і быў прададзены тэлекампаніям некалькіх краін.
- Мы выгадна ўклалі грошы ў серыял "Маёр Ветраў", - расказаў Аляксандр Зімоўскі. - Таму не вагаліся пры разглядзе прапановы зняць серыял "Снайпер". Акрамя таго што работа над ім праходзіла пры нашым, скажам так, творчым і арганізацыйным патранаце, мы яшчэ і буйнейшы інвестар гэтага праекта. Папярэднія прагнозы паказваюць, што шансы на поспех у "Снайпера" вельмі высокія. Таму было прынята рашэнне зрабіць і кінаверсію - "Беларусьфільм" яе вось-вось закончыць.
Гісторыя, расказаная ў фільме, пачынаецца ў 1942 годзе пад Сталінградам. Група снайпераў пад камандаваннем старшага лейтэнанта Яшына сутыкаецца з нямецкім капітанам Карлам Кляйстам. У падстроенай ім пастцы гіне каханая старшага лейтэнанта, дзяўчына-снайпер Алеся Мікуліч, а сам Яшын цяжка паранены. Пасля вайны Яшын - камендант у невялікім нямецкім гарадку. Яго памочнік знаходзіць у будынку старой мануфактуры падазроныя чарцяжы. У пошуках тайнай зброі нацысцкай Германіі ў горад прыязджае інжынер Міхайлаў. Хутка высвятляецца, што сакрэтную лабараторыю ахоўвае група нямецкіх снайпераў пад кіраўніцтвам таго самага Карла Кляйста. Яшыну выпадае магчымасць адпомсціць за сваё загубленае каханне...
Зняў серыял вядомы беларускі рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў. У галоўных ролях - расійскія акцёры Дзмітрый Пяўцоў і Марыя Міронава. Работа над стужкай пачалася мінулым летам. У снежні быў гатовы чарнавы мантаж. Большая частка здымак прайшла ў Мірскім замку, а вось Сталінград "аднавілі" пад Мінскам. Некаторыя эпізоды карціны здымалі і ў беларускай сталіцы - Літаратурным музеі Якуба Коласа.
- Што датычыцца пытанняў дыстрыб'юцыі кінаверсіі "Снайпера", - адзначыў Аляксандр Зімоўскі, - тут мы цалкам і поўнасцю давяраем нашым партнёрам, асабліва спадзяёмся на "Беларусьфільм". У іх добрыя кантакты ў Расіі і моцная дзяржаўная падтрымка ў Беларусі. Так што пракатны поспех кінаверсіі "Снайпера" павінен стаць заслужанай творчай перамогай беларускіх кінематаграфістаў. Сачыце за анонсамі!